Ціманоўская паказала свой найлепшы вынік і адмовілася гаварыць пра палітыку


Лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская зрабілася знакамітай два гады таму падчас летняй Алімпіяды ў Токіа. Спартоўка выступіла з крытыкай кіраўніцтва трэнерскага штабу беларускай лёгкаатлетычнай каманды, і за гэта яе сілай спрабавалі вывезці ў Беларусь, але выйшла інакш. Крысціна апынулася ў Польшчы і неўзабаве атрымала польскае грамадзянства, а цяпер марыць паехаць на Алімпіяду ўжо пад новым сцягам. Цяпер Ціманоўская ў выдатнай форме і паказвае шыкоўныя вынікі на польскіх спаборніцтвах. Гэтак, 11 чэрвеня Крысціна прадэманстравала найлепшы вынік за ўсю сваю спартовую кар’еру.

Крысціна Ціманоўская пасля перамогі на Усепольскіх гульнях у Беластоку, Польшча. 11 чэрвеня 2023 года.
Фота: Алесь Ляўчук / Белсат

Лепш за рэкорд Беларусі

На Усепольскіх гульнях у Беластоку Крысціна Ціманоўская выходзіла на старт двойчы. Спачатку яна бегла адну з самых прэстыжных дыстанцыяў у лёгкай атлетыцы – стометроўку. Рэзка стартаваўшы, Крысціна не дала нікому засумнявацца ў сваёй перамозе. Вынік 11,29 даволі нядрэнны, але не прынясе медалёў на топ-турнірах. Напрыклад, на апошнім чэмпіянаце свету ў ЗША ямайская бягуння Шэлі-Эн Фрэйзэр-Прайс паказала вынік 10,67. Беларуска Юлія Несцярэнка 19 гадоў таму выгуляла Алімпіяду з вынікам 10,93.

Але вось на 200 метрах Ціманоўская выдала проста фантастычныя секунды – 22,62. Гэта найлепшы вынік за амаль стогадовую гісторыю стадыёну ў Беластоку, асабісты рэкорд Крысціны (раней было 22,78) і лепшы за рэкорд Беларусі, які трымаецца ўжо 22 гады. Нагадаем, што ў 2001 годзе Наталля Сафроннікава прабегла 200 метраў за 22,68. На жаль, з прычыны моцнага ветру вынік Ціманаўскай не будзе залічаны. На апошнім чэмпіянаце свету на гэтай дыстанцыі чэмпіёнка Шэрыка Джэксан з Ямайкі паказала вынік 21,45.

Узнагароды Усепольскіх гульняў у Беластоку. Дзве такія ўзнагароды Крысціна Ціманоўская забрала ў Варшаву, дзе яна цяпер жыве. Беласток, Польшча. 11 чэрвеня 2023 года.
Фота: Алесь Ляўчук / Белсат

Ціманаўская: «На спаборніцтвах я не хачу гаварыць пра палітыку»

З Крысцінай мы пагутарылі пасля заканчэння спаборніцтваў.

«Вельмі-вельмі задаволеная вынікам, шкада толькі, што праз вецер ён не будзе залічаны. Але ў цэлым, перад тым як ехаць на спаборніцтвы, я адчувала, што гатовая бегчы і выбягаць з 22,70. Як адчувала, так і прабегла», – кажа Ціманоўская.

Большасць лёгкаатлетаў рыхтуецца да чэмпіянату свету, які пройдзе ў Будапэшце ў жніўні, але Крысціна мае толькі польскую ліцэнзію і пакуль не можа выступаць на топ-турнірах.

«Я застаюся ў каранціне. Гэта спартовы каранцін пасля змены грамадзянства, які не дазваляе выступаць на чэмпіянаце свету і Еўропы. Ён тры гады, але, можа быць, яго скароцяць. Пакуль што не ведаю. Ён пачынаецца з даты апошняга выступу за Беларусь. Гэта 1 жніўня 2021 года», – адзначае Ціманоўская.

Крысціна Ціманоўская з асабістым рэкордам пераможна завяршае забег на 200 метраў. Беласток, Польшча. 11 чэрвеня 2023 года.
Фота: Алесь Ляўчук / Белсат

Цікавімся, дзе ў такой сітуацыі спартоўка знаходзіць стымул для выступаў і трэнаванняў.

«Не ведаю, проста раблю тое, што люблю, і тое, што падабаецца. Першы год было цяжка, менавіта эмацыйна было цяжка. У плане таго, што была нейкая зацяжная дэпрэсія, прыйшлося доўга працаваць з псіхолагам. А цяпер вось, ужо пасля зімовага сезону і летняга, я нарэшце пачала зноў атрымліваць задавальненне ад спаборніцтваў, ад вынікаў, бо гэта прыносіць мне радасць», – кажа Крысціна.

Ціманоўская адзначае, што далёка ў будучыню не зазірае. Мы пытаемся ў спартоўкі, што яна цяпер думае пра сітуацыю з апошняй Алімпіядай, калі Крысціна стала вядомая на ўвесь свет. Але яна адзначае, што тое ўжо ў мінулым.

«Было і было, усё. Я жыву цяпер, я не жыву ні ў мінулым, ні ў будучыні, жыву ў цяперашнім часе. У сучаснасці ўсё добра, ёсць вынікі, ёсць трэнаванні, і мяне ў прынцыпе ўсё задавальняе», – кажа Крысціна.

Hавiны
Ціманоўская выйграла студэнцкі чэмпіянат у Польшчы
2023.05.22 17:21

Цікавімся, ці разглядае яна магчымасць, пры якой магла б выступаць за Беларусь.

«Не, ужо даўно не разглядаю. У мяне польскае грамадзянства, і я ўжо як бы ёсць чальцом зборнай, проста пакуль пад каранцінам».

Як вас успрымаюць тут, спыталі мы ў Крысціны.«Добра ўспрымаюць. Ну, суперніцы, не ведаю, задаволеныя ці, можа, не задаволеныя. Ну, кожны па-свойму, мусіць, ставіцца да сваіх супернікаў. Хачу сказаць, усе тут мне стараліся дапамагчы. Сама зборная і клуб. І зрабілі так, каб я далей засталася ў спорце і працягвала кар’еру», – кажа Крысціна.

Мы не маглі не пацікавіцца, што Крысціна думае пра паводзіны рэжымных спартоўцаў.

«Я не хачу гэтага абмяркоўваць. Мне не цікава», – кажа Крысціна. Разам з тым, спартоўка прызналася, што сочыць за сітуацыяй у Беларусі, але абмяркоўваць яе адмовілася.

«Я на спаборніцтвах абмяркоўваю спорт, не абмяркоўваю палітыку. Сваю пазіцыю наконт вайны і Беларусі я ўжо даўно выказала, і яна не мяняецца», – ставіць кропку ў нашай размове Крысціна Ціманоўская.

Крысціна Ціманоўская стартуе на дыстанцыі 100 метраў і ў выніку перамагае. Беласток, Польшча. 11 чэрвеня 2023 года.
Фота: Алесь Ляўчук / Белсат

Ціманоўская: «З пачатку вайны я ўсёй душой перажывала за ўкраінцаў»

Пакуль Крысціна мае нацыянальную польскую ліцэнзію для ўдзелу ў спаборніцтвах, але ўжо з 2 жніўня наступнага года зможа браць удзел і ў топ-турнірах. Нагадаем, што наступная летняя Алімпіяда ў Парыжы пачынаецца 26 ліпеня 2024 года, і трапіць туды Ціманоўская зможа толькі, калі да яе будзе зробленае нейкае выключэнне. Але шанцы на гэта ў яе вышэйшыя, чым, напрыклад, у спартоўцаў, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі.

Два гады таму Ціманоўская падпісала ліст спартоўцаў за сумленныя выбары і супраць гвалту. Таксама 5 жніўня 2021 года яна заявіла: «Я гатовая дапамагчы людзям, якія могуць аказацца ў падобнай сітуацыі. Я хачу сказаць беларусам, якія баяцца, калі на іх аказваецца нейкі ціск, каб яны смела пра гэта заяўлялі. І калі нехта адчувае ціск ці нейкія псіхалагічныя праблемы, яны могуць смела напісаць мне – я таксама паспрабую падтрымаць кожнага і адказаць кожнаму».

Прадстаўнікі беларускай дыяспары прыйшлі падтрымаць Крысціну Ціманоўскую. На плакаце напісана: «Проста не спыняйся, Крысціна». Беласток, Польшча. 11 чэрвеня 2023 года.
Фота: Алесь Ляўчук / Белсат

Апроч гэтага, Ціманоўская заяўляла, што не падтрымлівае Расею ў вайне супраць Украіны.

«З пачатку вайны я ўсёй душой перажывала за ўкраінцаў, дапамагала ім фінансава, шукала жытло, хадзіла на акцыі салідарнасці, распаўсюджвала інфармацыю. Мае сацыяльныя сеткі дэманструюць пазіцыю ў гэтым пытанні. Я ніколі не падтрымлівала і не буду падтрымліваць усяго таго жаху, што адбываецца», – напісала Ціманоўская ў сваіх сацыяльных сетках.

Як бачым, Ціманоўская трымаецца вызначаных пазіцыяў, але беларускі спорт згубіў гэтую спартоўку назаўсёды.

Шчыра кажучы
Заробак $ 15 000, месца ў вар’ятні, спецаперацыя на Алімпіядзе. На паліграфе – Ціманоўская
2023.05.02 17:18

Алесь Ляўчук  belsat.eu 

Стужка навінаў