«Победобесіе» як заканамерны працяг злачыннай хлусні

Як адбылося, што дата падпісання акту аб капітуляцыі Нямеччыны ператварылася з дня памінання загінулых у… «победобесіе». Менавіта такім словам зараз называюць тую ідэалогію і рыторыку «вызваліцеляў свету» у Расеі, якая не мае нічога агульнага з падзеямі вайны. Ці магло гэта стаць раптоўнай з’явай? Магло, але не раптоўнай. «Победобесіе» мае сваю логіку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Выраз: «У кожнага свая вайна» я зразумела, калі пачала запісваць успаміны людзей, якія былі дзецьмі падчас вайны. Нехта ўзгадваў, як у першыя дні вайны па галоўным праспекце Менску ішлі пад канвоем сотні ваеннапалонных савецкіх салдат. Многія былі басанож, у разарваных гімнасцёрках, брудныя, з запеклай крывёю на целе. Людзі навокал ўзіраліся ў твары, каб апазнаць свайго мужа, брата, бацьку, сына, які літаральна пару дзён таму пабег у ваенкамат… Хтосьці ўспамінаў аблавы ў горадзе пасля забойства гаўляйтара Кубэ. Нехта ўспамінаў, як жылося ў зямлянках, калі спалілі вёску. Нехта ўспамінаў, як прыходзілі ў хату дыверсанты з вялікай зямлі, патрабавалі харчаванне і забіралі апошняе, не зважаючы на ​​плач дзяцей.

Мае бацькі былі падчас вайны пад акупацыяй. Тата ў Расеі ў Белгародскай вобласці, а маці – у Беларусі ў Клічаўскім раёне. Мама расказвала, што немцы баяліся совацца далёка ў лес і таму часта бамбілі з неба. Гэта ж быў партызанскі край. Распавядала, як яны хаваліся на балоце падчас аблавы. У яе была моцная прастуда і яна кашляла, а трэба было сядзець ціха. Як толькі закашлялася, то суседская цётка схапіла яе за галаву і тварам у мох. Ледзь не задыхнулася. Выратавала маці бабуля. Цётка казала, што з-за маёй мамы могуць усіх знайсці, а гэта дакладная смерць. Яна прапанавала забіць дзяўчынку, маўляў, лепш ахвяраваць адным дзіцем, чым расстраляюць дзясяткі…

Што такое Курская бітва? Шмат кніг напісана, шмат фільмаў знята. На кадрах заўсёды карта бітвы, імёны генералаў, урачыстая музыка. Мастацкія фільмы паказваюць панарамныя кадры, мужныя твары танкістаў у адчыненых люках… Але вось нешматслоўны аповед майго бацькі вачыма тагачаснага дзіцяці даў мне зусім іншую карціну. Ён распавёў, што падчас бітвы людзі хаваліся ў склепе. Зямля трэслася ад равучых танкаў, а яшчэ і ад таго, што моцна бамбіла авіяцыя. Кананада не сціхала. У скляпах старыя і жанчыны з дзецьмі. Гадзінікаў ні ў каго не было. Людзі перыядычна выходзілі, але не маглі зразумець: колькі прайшло часу, дзень ці ноч. Чаму? У чарназёмным раёне пыл чорны і сонца не было відаць. Вось гэтыя пару фраз мне даюць значна больш для разумення ўсяго таго жаху.

Я нарадзілася пасля вайны, але і ў мяне адклалася ў памяці сёе-тое, звязанае непасрэдна з вайной. Я памятаю, як зусім маленькая ішла за руку са сваёй мамай па доўгім чыгуначным мосце на базар. Было гэта ў Енакіева на Данбасе. Уздоўж маста сядзелі мужчыны. Некаторыя былі ў выцвілых гімнасцёрках, некаторыя з медалямі. Усе мужчыны былі без ног. Мабыць, мяне так гэта тады ўзрушыла, што я, нягледзячы на ​​свой маленькі ўзрост, запомніла гэтую сцэну. Асабліва аднаго мужчыну, у якога не было ног і адной рукі. У яго быў страшны знявечаны твар. Цяпер я ведаю, што такія шнары пакідаюць за сабой апёкі, а тады гэты чалавек нагадаў мне хутчэй нейкага злыдня з казкі. Я прыціснулася да мамчыных ног. Нават памятаю мамчыны лодачкі-шпількі бэжавага колеру. Пачала тузаць яе за руку, каб хутчэй уцячы, але мама дастала кашалёк, выцягнула некалькі купюр і паклала іх у фуражку, якая ляжала перад калекам. Гэты «страшны» чалавек сказаў: «Ды што вы?! Не трэба столькі! Хопіць дробязі. Для дзіцяці пакіньце лепей». Мама сказала, што ўсё ў парадку. Я адразу спытала хто гэта, і мама сказала, што гэта жаўнер. Што ён ваяваў і застаўся без ног і рукі, таму не можа працаваць і яму няма дзе ўзяць грошай. Колькі мы ішлі па гэтым мосце, столькі я клала ў фуражкі грошы, якія мне давала мама. Калі мы дайшлі да канца маста, грошы скончыліся. Тады мама сказала, што мы зʼездзім на кірмаш у іншы раз.

Суседка, убачыўшы нас у двары, усё зразумела: «Лора, ты па мосце пайшла? Я так і ведала! Навошта ж ты дзіця з сабой пацягнула?! Цяпер спаць не будзе, наглядзеўшыся на гэтых алкашоў». Я тут жа ўсунулася: «Гэта салдаты! У іх ног няма! У іх няма нават ежы!».  «Ды якая там ежа! На папяросы і гарэлку яны просяць. Ну салдаты. Так і сядзелі б, дзе ім належыць»,  – сказала суседка. Я запытвала, дзе ж ім трэба быць, але адказу так і не атрымала.

У мае школьныя гады ў Менску ў Дзень Перамогі ветэраны збіраліся каля ўваходу ў парк Горкага. Некаторыя трымалі ў руках кардонкі з назвай фронту, дывізіі на доўгай палцы, каб было відаць здалёк. Туды ж прыходзілі людзі, у асноўным жанчыны, з павялічанымі фатаграфіямі сваіх сваякоў, якія не вярнуліся з вайны. Яны падыходзілі да ветэранаў у надзеі, што раптам нехта з іх пазнае і нешта скажа. Можа жывы? Можа, трапіў у палон і страціў памяць?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Мне запомніўся дыялог жанчыны ў хустачцы з адным мужчынам. Яна сказала, што прыехала ў Менск спецыяльна са сваёй вёскі, бо ёй сказалі, што тут будзе шмат ветэранаў. Апошні ліст быў увесну 1944. Ёй мужчына сказаў: «Ну, калі б быў у палоне і памяць ад кантузіі страціў, дык знайшоўся б ужо. Ён жа не на нямецкай размаўляе. Адразу б зразумелі адкуль. Сэнсу няма прыязджаць і пытацца». А гэтая жанчына сказала: «Але пахаванкі таксама не было. А раптам у палон патрапіў, а потым пабаяўся вяртацца». А той: «Ну, калі так, дык што ж ён, здраднік? Трэба вярнуцца, а там разбяруцца». Я памятаю, як гэтая жанчына кіўнула, спачатку адышла крыху ўбок, а потым, нібыта, нешта ўспомніла, вярнулася і ўручыла яму свой букецік з бэзу…

Толькі нейкіх 30 гадоў таму я асабіста пазнаёмілася за мяжой з тымі, якія не вярнуліся і не давалі аб сабе ніякай вестачкі, таму што ведалі, якая можа быць іх доля. Разумелі, што маці іх чакаюць, але баяліся і за сябе і за сваіх блізкіх на Радзіме. А мамы чакалі. Сёння я думаю: а можа мела рацыю тая жанчына ў парку, калі казала, што адчувае, што сын жывы?

У мае дзіцячыя і школьныя гады Дзень Перамогі ў Беларусі заўсёды быў днём жалобы. У гэты дзень успаміналі загінуўшых на фронце і мірных жыхароў. Успаміналі якіх ахвяр каштавала тая вайна. У Беларусі заўсёды былі фактычна дзве войны. Адна – па аповедах тых, якія былі пад акупацыяй або ваявалі, іншая – у падручніках і мастацкіх фільмах. Маё пакаленне чула размовы дарослых на кухні аб тым, як партыйныя функцыянеры драпанулі ў першы ж дзень уварвання немцаў і ў гарадах запанавала безуладдзе. Чаму людзі ішлі не да райкамаў партыі, а да лякарняў? Бо гэта было адзінае, што функцыянавала тады як гадзіннік. Медработнікі камандавалі эвакуацыяй і арганізоўвалі дастаўку параненых на ўсход.

Здаецца зусім нядаўна ў 1974 годзе ў Менску адзначылі Дзень Перамогі з помпай па тагачасных часах. Было шэсце ветэранаў на чале з тагачасным сакратаром ЦК БССР Пятром Машэравым. Увечары сціплы салют. У наступныя гады пачаліся трансляцыі з Краснай плошчы, з хвілінай маўчання, з урачыстым канцэртам. Але… Праўду аб вайне з высокай трыбуны ніхто так і не сказаў. Ніхто не сказаў чаму натоўпы ветэранаў-інвалідаў без ног вымушаны былі прасіць міласціну. Што такое ГУЛАГ? Чаму савецкія салдаты баяліся вярнуцца на Радзіму з палону? Чаму ў Беларусі для большасці людзей Дзень Перамогі гэта дзень смутку, а ў Расеі гэта »можам паўтарыць«?

Да ўсіх, пералічаных вышэй пытанняў, трэба дадаць, што толькі невялікая частка Расіі была пад акупацыяй. Большасць насельніцтва не бачыла ні бамбаванняў, ні аблаў, ні канцлагераў… Дык жа і пра блакаду Ленінграда ўсёй праўды так і не сказалі. Таму гэтыя пілоткі на дзецях, гэтыя тоўстыя цёткі ў школьнай форме 60 памеру, якія маршыруюць з піянерскімі гальштукамі на пышных бюстах, гэтыя надпісы на машынах: «На Берлін!» – усё гэта па вялікім рахунку менавіта з-за таго, што цэлыя пакаленні выхоўваліся на хлусні. Ці ведаюць гэтыя маршыруючыя цёткі аб тым, што іх дзяды на фронце не крычалі: »За Сталіна!«, а спадзяваліся, што пасля вайны скончыцца гэты тэрор і іх рэпрэсаваныя родныя, суседзі вернуцца з ГУЛАГа дадому? Ня ўсе тады ведалі, што шмат каго іх ужо забілі і закапалі ў бясконцых Курапатах. Ці ведаюць яны, што навічкоў пасылалі ў атаку супраць танкаў без зброі, з палкамі ў руках?»

«Пабедобесіе» павінна было наступіць. Дастаткова было знайсці маленькага недалёкага фюрэра і падыграць на патрыятызме. Бліцкрыг не атрымаўся. І гэта вытлумачальна. У беларусаў і ўкраінцаў ад бацькоў і дзядоў ёсць праўда пра тую вайну, няхай нават частка праўды, якая адклалася ў памяці як  «ніколі больш». Можа таму ў Беларусі няшмат ахвотных наведваць праўладныя канцэрты-дыскатэкі, а ў Расеі гэтыя мерапрыемствы ўсё больш нагадваюць карнавалы?

Тым не менш цяпер даводзіцца ўсяму свету ўцягвацца ў гэтую вайну. «Ніколі больш» змагаецца з «можам паўтарыць».

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў