Аляксандр Лукашэнка ўпершыню не прамаўляў на 9 траўня


Беларускі кіраўнік прыбыў са святочных мерапрыемстваў у Маскве і ўзяў удзел ва ўскладанні кветак да манументу Перамогі ў Менску. Але ў гэтым годзе з прамовай замест яго выступіў міністр абароны Хрэнін.

Аляксандр Лукашэнка ўскладае кветкі да манументу Перамогі. Менск, 9 траўня.
Фота: president.gov.by

Картэж Аляксандра Лукашэнкі пад’ехаў практычна пад самы помнік. У відэатрансляцыі не паказалі момант ягонага выхаду з машыны, а падыход да самога месца ўскладання кветак транслявалі з далёкіх ракурсаў, пазбягаючы буйных планаў.

Да манументу беларускі кіраўнік прайшоў разам з сынамі. Традыцыйна кветкі і вянкі ўскладалі іншыя афіцыйныя асобы, прадстаўнікі грамадскіх і рэлігійных арганізацый.

Цікавы момант, што ўдзел Лукашэнкі ва ўскладанні кветак і вянкоў да манумента Перамогі анансавалі ў тэлеграм-канале прэс-службы толькі за 8 хвілін да пачатку самой цырымоніі. Магчыма, да апошняга моманту не было ўпэўненасці ў тым, што ягоны ўдзел адбудзецца.

Галоўнай адметнасцю сёлетняй цырымоніі стала тое, што з прамовай замест Аляксандра Лукашэнкі па ягоным «даручэнні» выступіў міністр абароны Віктар Хрэнін.

У сваім выступленні Хрэнін ахарактарызаваў ваенна-палітычную абстаноўку вакол Беларусі ва ўмовах «развязанага супрацьстаяння паміж заходняй і ўсходнеславянскай цывілізацыяй». Па ягоных словах, бачна, як «набірае абароты мілітарызацыя Польшчы і Балтыі». «Літаральна на днях, – адзначыў міністр, – стартавалі буйныя шматнацыянальныя вучэнні «Абаронца Еўропы», беспрэцэдэнтныя па колькасці ўдзельнікаў». Мэты іх, паводле Хрэніна, «відавочныя».

Паглядзець, як праходзілі мерапрыемствы з нагоды Дня Перамогі ў Менску летась, можна тут.

Нагадаем, што сёння на ўрачыстых мерапрыемствах з нагоды Дня Перамогі ў Маскве Аляксандр Лукашэнка не змог прайсці каля 300 метраў пешшу, каб ускласці кветкі да магілы Невядомага салдата каля Крамля. Яго даставілі туды на электрамабілі. Таксама беларускі кіраўнік не застаўся на абедзе кіраўнікоў краінаў СНД, арганізаваным Уладзімірам Пуціным пасля параду, і вярнуўся ў Менск. Усё гэта гаворыць пра тое, што, па ўсім відаць, у Лукашэнкі ёсць пэўныя праблемы са здароўем.

Hавiны
Піяраўскі правал і карыснае маўчанне. Што трэба ведаць пра візіт Лукашэнкі ў Маскву
2023.05.09 17:28

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў