Адзін з лідараў беларускай дыяспары Падляшша Ігар Лукашук на мясцовых выбарах, якія прайшлі ў Польшчы 7 красавіка, быў пераабраны дэпутатам сейміку Падляскага ваяводства.
Дырэктар Гайнаўскага ліцэю з беларускаю моваю навучання Ігар Лукашук балатаваўся паводле спісу «Грамадзянскай кааліцыі» ад пяці паветаў Падляскага ваяводства (Беластоцкага, Бельскага, Высокамазавецкага, Гайнаўскага і Сямятыцкага).
Палітык нарадзіўся ў Гайнаўцы ў 1978 годзе. З 2018-га – дэпутат сейміку Падляскага ваяводства, з 2014 да 2018 года кіраваў радаю Бельску-Падляскага. Падчас перапісу 2021 года, які праходзіў у Польшчы, Лукашук актыўна агітаваў этнічных беларусаў на Беласточчыне, каб пазначалі сябе як беларусаў. Атрымаў медаль «Гонар і годнасць» ад Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі за захаванне беларускамоўнага статусу сваёй навучальнай установы.
У гэтых выбарах у якасці кандыдатаў удзельнічалі і іншыя этнічныя беларусы і нарадзінцы Беларусі, але з тых, пра каго ведае «Белсат», мандат атрымаў толькі Лукашук.
Якуб Хруст belsat.eu