Хроніка рэпрэсіяў супраць беларускага народу за 9 красавіка


«Белсат» распавядае пра рэпрэсіі беларускага рэжыму супраць народу за 8 красавіка.

  • У Менску блогерку Дар’ю Ціханаву пакаралі 2,5 гадамі калоніі

Яе прызналі вінаватай паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») КК. Прысуд быў агучаны 5 красавіка. Доказамі вінаватасці ў справе Дар’і Ціханавай былі яе фотаздымкі на мірных маршах у жніўні 2020 года.

  • У Берасці дзяўчыну пакаралі 1,5 гадамі «хатняй хіміі» за перадрук інфармацыі пра амапаўца

У верасні 2020 года Марыя Рой была адной з тых, хто перадрукавала ў тэлеграм-чаце «Брэст 97%» паведамленне пра камандзіра берасцейскага АМАПу Максіма Міховіча – ён у тэксце называўся «паталагічным садыстам і забойцам». Марыі Рой на той момант было 16 гадоў. Але супраць яе распачалі справу паводле артыкулу 188 Крымінальнага кодэксу («Паклёп») і цяпер пакаралі «хатняй хіміяй».

  • ПЦ «Вясна» падлічыў, што з пачатку поўнамаштабнага ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну за антываенныя акцыі пратэсту па ўсёй Беларусі затрымалі мінімум 1500 чалавек

Большасць з іх улады пераследуюць паводле адміністратыўных справаў, а супраць некаторых распачалі крымінальныя справы. Беларусаў кідаюць за краты за запуск балонікаў, адзенне і сімволіку ў блакітна-жоўтых колерах, за кветкі каля ўкраінскай амбасады і за гукавы сігнал падчас мітынгу.

Самыя масавыя антываенныя акцыі па ўсёй краіне прайшлі 27 і 28 лютага. Пратэсты адбываліся не толькі ў Менску, але нават у мястэчках: напрыклад, Дрыбіне, Докшыцах, Шуміліне ды Ушачах.

  • Шматдзетную маці з Гомля Юлію Ганісеўскую, якую раней затрымаў ГУБАЗіК, адпусцілі

Юлію Ганісеўскую затрымалі 8 красавіка нібыта за фота і відэа з перасоўваннем расейскай вайсковай тэхнікі, якія яна быццам дасылала «экстрэмісцкім» каналам. Супрацоўнікі ГУБАЗіКу спрабавалі зняць «пакаяннае» відэа з Ганісеўскай, але яна толькі смяялася з пытанняў, якія ёй задавалі. У выніку яе аштрафавалі на 15 базавых велічыняў і адпусцілі дамоў.

Hавiны
Хроніка рэпрэсіяў супраць беларускага народу за 8 красавіка
2022.04.08 23:28

РР belsat.eu

Стужка навінаў