Кіраўнік прадпрыемства «Белфармацыя» Сяргей Літаш прызнаў, што ў Беларусі ёсць праблемы з забеспячэннем насельніцтва лекавымі сродкамі. Пра гэта ён сказаў падчас прамовы на імпрэзе, прысвечанай 100-годдзю прадпрыемства, перадае тэлеграм-канал «Официальный Минздрав».
Сяргей Літаш адзначыў, што цяжкасці ў дастаўцы лекавых сродкаў «сёння маюцца, але яны пераадольныя».
«Мы працуем над тым, каб людзі не заўважылі праблемаў з забеспячэннем лекамі. Знаходзім альтэрнатыўныя лагістычныя ланцужкі, іншых пастаўляльнікаў. Таксама шукаем пастаўляльнікаў у краінах азіяцкага рэгіёну – Кітай, Індыя, Турцыя. Хвалявацца няма чаго, любыя праблемы, якія могуць узнікнуць, будуць развязаныя, і мы забяспечым усім неабходным», – паабяцаў кіраўнік «Белфармацыі».
Чыноўнік падкрэсліў, што гэта якраз галоўная задача спецыялістаў прадпрыемства – каб «грамадзяне не адчулі браку лекавых сродкаў».
На той жа імпрэзе 9 красавіка міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч заявіў:
«Нягледзячы на выходныя, мы працуем над тым, каб лагістыка паставак лекавых сродкаў не спынілася».
«Белфармацыя» – найбуйнейшая аптэчная сетка ў Беларусі, якая складаецца з 1900 дзяржаўных аптэк.
Попыт на лекі ў Беларусі пачаў расці яшчэ на пачатку сакавіка, за два тыдні продажы павялічыліся на 25 %. Міністр Піневіч заяўляў тады, што няма гаворкі пра дэфіцыт лекаў і што ў краіне маюцца запасы на 3–6 месяцаў. Міністэрства аховы здароўя павысіла адпускныя цэны на некаторыя айчынныя лекі.
Праблемы з забеспячэннем лекавымі сродкамі ў Беларусі ўзніклі ў сувязі з увядзеннем супраць краіны эканамічных санкцыяў.
ЗК belsat.eu