ЗСУ стабілізуюць сітуацыю пад Бахмутам і Аўдзееўкай. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 745-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 9 сакавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскі танк на вуліцы Бахмуту, Данецкая вобласць, Украіна. 17 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адбіццё трох атак праціўніка каля населеных пунктаў Сынькоўка і Кіслоўка ў Купянскім раёне Харкаўскай вобласці.

У Міністэрстве абароны РФ заявілі, што каля Сынькоўкі двойчы контратакавалі ўкраінскія вайскоўцы, але лінія сутыкнення засталася нязменнай.

На ліманскім кірунку атакі войскаў РФ фіксуюцца каля сёлаў Церны і Спірнае на поўначы Данецкай вобласці.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што на ўсходзе ад Цернаў УС РФ крыху прасунуліся. Поспехі расейцаў на гэтым участку фронту пацвярджае і праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер».

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку баявыя дзеянні ідуць з захаду і поўдня ад аднайменнага раённага цэнтру.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Бахмутський Балу» піша, што ЗСУ дасягнулі поспеху ў сяле Багданаўка, і цяпер намагаюцца замацавацца на новых пазіцыях.

Таксама крыніца паведамляе, што ўкраінцы вярнулі частку раней страчаных пазіцыяў у Іванаўскім.

«Говорять Снайпер» адзначае, што цяпер Збройныя сілы ўтрымліваюць каля 20% населенага пункту, адначасова з гэтым назіраецца паляпшэнне лініі абароны ўкраінцаў.

У Генштабе ЗСУ пішуць, што таксама цягам содняў сілы абароны краіны адбілі дзевяць атак праціўніка каля сёлаў Клішчыеўка і Андрэеўка.

Аўдзееўскі кірунак (на поўначы ад Данецку)

На аўдзееўскім кірунку баявыя дзеянні ідуць з захаду ад аднайменнага гораду ў ваколіцах населеных пунктаў Бэрдычы, Арлоўка, Танэнькае, Первамайскае і Невельскае.

Аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што Узброеныя сілы РФ прасунуліся каля сяла Танэнькае.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» піша, што цяпер пад кантролем УС РФ каля 85% Танэнькага. Пры гэтым яны працягваюць ціснуць на пазіцыі ЗСУ, маючы істотную перавагу ў жывой сіле.

«Говорять Снайпер» паведамляе, што падобная сітуацыя назіраецца ў Арлоўцы, дзе ЗСУ ўдала знішчаюць праціўніка.

Сямён Пегаў гаворыць, што пазіцыі ЗСУ ў Арлоўцы знаходзяцца на вышынях, што дае ім пэўную перавагу. Таксама сюды сцягваюцца рэзервы ўкраінцаў.

Каля Невельскага і Бэрдычаў ваенкор фіксуе сустрэчныя баі.

Навапаўлаўскі кірунак (ліні фронту на поўдні Данецкай вобласці)

На навапаўлаўскім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, сілы абароны краіны цягам апошніх содняў адбілі не менш за 22 атакі каля населеных пунктаў Краснагораўка, Пабеда і Новаміхайлаўка.

Пегаў сцвярджае, што ў Краснагораўцы расейцы паступова прасоўваюцца на поўдні, у ваколіцах Пабеда атакуюць абодва бакі, у Новаміхайлаўцы ініцыятыва застаецца за УС РФ, якія намагаюцца выбіць праціўніка з заходняй часткі сяла.

Запарожскі і херсонскі кірункі (лінія фронту ў Запарожскай і Херсонскай вобласцях)

У Запарожскай вобласці баявыя дзеянні лакалізуюцца на выступе па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў.

Украінскае камандаванне піша пра адбіццё васьмі атак каля сяла Работына і на захадзе ад Вэрбовага.

Пры гэтым каля Работына атакуюць і самыя ЗСУ, імкнучыся адкінуць праціўніка далей на поўдзень ад населенага пункту. Пры гэтым зменаў лініі сутыкнення не фіксуецца.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў