Пачынаецца суд у «справе TUT.by», працэс зрабілі закрытым


У Менскім гарадскім судзе 9 студзеня пачынаюць разглядаць «справу TUT.by». Сярод абвінавачваных у зале суда – генеральная дырэктарка «Тут Бай Медыя» Людміла Чэкіна і галоўная рэдактарка парталу Марына Золатава. Працэс будзе весці суддзя Валянціна Зянкевіч у закрытым рэжыме.

Людміла Чэкіна і Марына Золатава на першым судовым паседжанне ў «справе TUT.by».
Фота: sb.by

«Увесь гэты працэс – сюр, які можна назваць фінальным рыўком па дарозе ў альтэрнатыўную рэальнасць, дзе сапраўдныя навіны – гэта зло. А зло, як вядома, павінна быць пераможанае», – такімі словамі рэдакцыя «Зеркала» апісала суд над супрацоўнікамі TUT.by.

Людмілу Чэкіну будуць судзіць паводле трох артыкулаў КК Беларусі, паводле якіх ёй пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі:

  • ч. 2 арт. 243 («Ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры») – да 7 гадоў пазбаўлення волі;
  • ч. 4 арт. 16, ч. 3 арт. 130 («Арганізацыя наўмысных дзеянняў, скіраваных на распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варожасці паводле прыкметы расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай або іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненых групай асобаў або якія пацягнулі цяжкія наступствы») – да 12 гадоў пазбаўлення волі;
  • ч. 4 арт. 16, ч. 3 арт. 361 («Кіраванне заклікамі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненымі з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп’ютарнай сеткі інтэрнэт») – да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Марыну Золатава таксама будуць судзіць паводле трох артыкулаў:

  • ч. 2 арт. 243 («Ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры) – да 7 гадоў пазбаўлення волі;
  • ч. 3 арт. 130 («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варожасці паводле прыкметы расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай або іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненых групай асобаў або якія пацягнулі цяжкія наступствы) – да 12 гадоў пазбаўлення волі;
  • ч. 3 арт. 361 («Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп’ютарнай сеткі інтэрнэт) – да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Генеральная дырэктарка «Тут Бай Медыя» Людміла Чэкіна і рэдактарка ​​TUT.by Марына Золатава ўтрымліваюцца ў СІЗА з моманту затрымання ў Менску 18 траўня 2021 года. КДБ залучыў іх у спіс асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці. Абедзвюх прызналі палітзняволенымі.

Абвінавачванымі ў справе таксама праходзяць рэдактарка Вольга Лойка, журналістка Алена Талкачова і юрыстка Кацярына Ткачэнка. Ім была змененая мера стрымання – вызваленне з СІЗА, але абвінавачванні не знятыя. Цяпер яны за мяжою.

Улады абвесцілі ў вышук Алену Талкачову, Вольгу Лойку і Кацярыну Ткачэнку. Справы фігурантак вылучылі ў асобную судовую вытворчасць, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў