Расея збіраецца зрабіць невыгоднымі пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў на свой рынак


Расейскае выданне «Коммерсантъ» распавяло 8 жніўня, што скарачэнне бюджэтных выплат па дэмпферы ўдвая пагражае сыходам з расейскага рынку паліва з Беларусі. Тлумачым, што гэта за выплаты і наколькі сур’ёзная пагроза сыходу Беларусі з расейскага рынку паліва.

Дизель
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Каністра дызельнага паліва.
Фота: Publicdomainpictures.net

«Дэмпфер» (ад ням. Dämpfer – «глушыцель, амартызатар») – механізм выплат, які павінен згладжваць уплыў вонкавых фактараў на кошты на паліва: калі экспартны кошт паліва ніжэй унутранага ў краіне, дзе гэтае паліва вырабляецца, то дзяржава кампенсуе розніцу нафтаперапрацоўчым кампаніям, каб тым не станавілася больш выгадна вывозіць паліва з краіны. Калі вышэй, то ўжо кампаніі, якія вывозяць паліва, плацяць розніцу дзяржаве.

Да 2022 года з Расеі выплаты атрымлівалі толькі расейскія НПЗ, але ў верасні 2022-га Расtя дазволіла расейскай дзяржаўнай кампаніі «Прамсыравінаімпарт» прадаваць у краіне замежнае паліва і ўсё роўна прэтэндаваць на атрыманне дэмпфера, каб кампенсаваць беларускай прадукцыяй недахоп дызельнага паліва ў Расеі, дзе цэны на дызель адчувальна ніжэй, чым у Беларусі.

У верасні 2023 года ў Расеі набудуць моц змены ў Падатковы кодэкс, паводле якіх дэмпферныя выплаты скароцяцца ў два разы. «Коммерсантъ» лічыць, што з-за гэтага кошт беларускага паліва ўпадзе, што зробіць пастаўкі ў Расію непрывабнымі для беларускіх НПЗ.

Расейскі незалежны аналітык Мікалай Кульбака тлумачыць «Белсату»: у сыход беларускіх нафтапрадуктаў з расейскага рынку ён не верыць, бо ў Беларусі няма чым замяніць пастаўкі ў Расею. Нават калі кошт упадзе, Беларусі давядзецца пастаўляць паліва ў Расію, бо больш яго пастаўляць няма куды. Ён дапускае, што пастаўкі скароцяцца, але сумняваецца, што скарачэнне будзе моцным.

«Калі б гэта было некалькі гадоў таму, можна было б казаць, што Беларусь зможа пастаўляць гэтую прадукцыю ў іншыя краіны, – працягвае Кульбака. – Але цяпер ва ўмовах санкцыйнага ціску адзіны рынак для Беларусі даступны – гэта, вядома, Расея».

Эксперт адзначае, што ў Расеі тактычныя рашэнні робяць стратэгічнымі інструментамі: змены Падатковага кодэкса – гэта рашэнне «на шмат гадоў», але цяпер кодэкс мяняюць, каб вырашыць кароткатэрміновую праблему напаўняльнасці расейскага бюджэту ў бягучым годзе. Такімі зменамі, лічыць ён, Расея стварае сабе праблему супрацы з Беларуссю.

Кульбака дапускае, што сутыкнуліся інтарэсы двух розных ведамстваў, а пакупнікоў беларускага паліва «ніхто не пытаўся», «паставілі перад фактам». Да прыкладу, грошы патрэбныя Міністэрству абароны, на гэта Міністэрства фінансаў кажа «ОК» і глядзіць, дзе што «парэзаць», а «парэзанае» было патрэбна яшчэ нейкаму міністэрству або галіне эканомікі.

Праз санкцыі, звязаных з поўнамаштабнай вайной ва Украіне, у Беларусі моцна падала вытворчасць нафтапрадуктаў, але цяпер рынак аднаўляецца, нафтапрадуктаў вырабляюць каля 70 % «даваеннага» ўзроўню.

Hавiны
У Расею будуць перавозіць яшчэ больш нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў з Беларусі
2023.06.20 11:46

Магчыма, калі не ў Расею, дык праз Расею атрымаецца прадаваць беларускія нафтапрадукты? Расея ж дае Беларусі магчымасць экспартаваць нафтапрадукты праз расейскія парты ў трэція краіны. Праўда, куды менавіта і колькі, сакрэт: нафтавую статыстыку закрылі і ў Беларусі, і ў Расеі.

Кульбака адзначае, што з гэтым ёсць праблемы: пры такіх схемах трэба плаціць пасярэднікам, а валюту, атрыманую ад некаторых краінаў за нафтапрадукты (як кітайскія юані ці індыйскія рупіі), цяжка канвертаваць у патрэбную прадаўцу (як долары і еўра). Ад такіх схем фактычна «зваротнага прытоку грошай няма», лічыць ён: за пастаўкі з’яўляецца значны «падатак» на канверсію валют.

Да таго ж, з-за санкцый Расеі даводзіцца выкарыстоўваць для паставак нафты і нафтапрадуктаў «ценявы флот» танкераў – ёсць звесткі нават аб перагрузцы нафтапрадуктаў з танкера на танкер проста ў моры. А цяпер, пасля шэрагу нападаў на расейскія караблі ў Чорным моры, становіцца рызыкоўным адзін з маршрутаў марскіх паставак нафтапрадуктаў, а ад гэтага вырастуць страхавыя выплаты і кошты перавозак.

Так ці інакш, рэзюмуе Кульбака, грошай ад нафтапрадуктаў стане прыходзіць менш і ў Расею, і ў Беларусь.

Hавiны
Каля Крымскага маста ў выніку атакі дрона пашкоджаны расейскі танкер
2023.08.05 10:41

Юлія Цяльпюк, Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў