Фармальнасць ці крок да вайны? Што азначае прыпыненне ўдзелу Беларусі ў ДЗУСЕ


На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка ўхваліў унясенне ў Палату прадстаўнікоў праекту закону «Аб прыпыненні дзеяння Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе» (ДЗУСЕ). Раней аб выхадзе з дамовы абвесціла Расея, а краіны NATO – пра намер прыпыніць дзеянне пагаднення (некаторыя з іх мараторый аформілі ўжо афіцыйна). Belsat.eu тлумачыць, для чаго было патрэбнае ДЗУСЕ, каму выгаднае яго разбурэнне і як гэта закранае інтарэсы Беларусі.

Саміт краінаў Нарады аб бяспецы і супрацы ў Еўропе, падчас якога была падпісаная Дамова аб звычайных узброеных сілах у Еўропе. Парыж, Францыя. 20 лістапада 1990 года.
Фота: Wojtek Laski / East News

Што такое ДЗУСЕ

Дамова аб звычайных узброеных сілах у Еўропе лічыцца адным з ключавых пагадненняў наконт міжнароднай бяспекі пасля заканчэння халоднай вайны. Дакумент быў падпісаны ў Парыжы ў 1990 годзе шаснаццаццю дзяржавамі – удзельніцамі NATO і шасцю дзяржавамі – удзельніцамі Арганізацыі Варшаўскай дамовы (АВД) на чале з СССР.

ДЗУСЕ абмяжоўвала колькасць асноўных відаў зброі і вайсковай тэхнікі ў краінах Еўропы. Сумарны аб’ём узбраення для кожнага з вайскова-палітычных блокаў не павінен быў перавышаць 20 тысяч танкаў, 30 тысяч БМП, 20 тысяч адзінак артылерыі, 6800 самалётаў і 2000 ударных верталётаў.

Галоўная мэта дакументу – спыніць гонку ўзбраенняў, павысіць празрыстасць вайсковай сферы і як вынік зрабіць вайну ў Еўропе немагчымай. Пагадненне не толькі зацвердзіла канкрэтныя квоты для ўзбраення, але і прадугледжвала працэдуры ўзаемнага кантролю і абмену інфармацыяй. Краіны-ўдзельніцы былі абавязаныя перадаваць адна адной звесткі пра структуру ўзброеных сілаў, колькасць зброі і месцы яе размяшчэння, у тым ліку на складскім захоўванні. Каб спраўдзіць гэтыя звесткі, дзяржавы маглі ладзіць інспекцыі на вайсковыя аб’екты іншых удзельнікаў дамовы.

Неўзабаве пасля з’яўлення ДЗУСЕ распаўся і СССР, і Варшаўскі блок. Спачатку квоты СССР былі падзеленыя паміж былымі савецкімі рэспублікамі ў рамках Ташкенцкай дамовы 1992 года. А ў 1999 годзе ў Стамбуле з улікам пашырэння NATO і распаду АВД была ўхваленая Дамова аб адаптацыі, якую падпісалі 30 краінаў. Праўда, працэс ратыфікацыі дакументу забуксаваў праз спрэчкі аб вывадзе расейскіх войскаў з тэрыторыі Грузіі і Малдовы.

Квоты на ўзбраенне ў межах Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе.
Крыніца: osce.org

Квоты ў постсавецкіх краінах размяркоўваліся зыходзячы з колькасці зброі, пакінутай на іх тэрыторыі пасля распаду СССР. На тэрыторыі Беларусі заставалася шмат савецкай зброі, таму афіцыйны Менск аказаўся ў досыць выгадным становішчы. Дамовы 1992 і 1999 года давалі Беларусі права мець адну з самых шматлікіх сухапутных арміяў у Еўропе. Беларусь атрымала 9-ую паводле велічыні квоту на БМП, 8-ую на артылерыю і 6-ую на танкі. Паводле квотаў на танкі Беларусь пераўзыходзіла нават такія буйныя еўрапейскія краіны, як Францыя, Вялікая Брытанія і Італія. А Польшчу пераўзыходзіла паводле трох з пяці катэгорыяў узбраення (артылерыя, танкі, БМП).

Як развальвалі ДЗУСЕ

Рэжым Лукашэнкі ўскладае адказнасць за развал ДЗУСЕ на краіны Захаду, якія нібыта без усялякіх прычынаў адмаўляюцца прытрымлівацца нормаў пагаднення. Хаця насамрэч усе цяперашнія крокі Захаду – гэта толькі рэакцыя на дзеянні Расеі, якая цягам апошніх 17 гадоў мэтанакіравана разбурала дамову.

У 2007 годзе прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб увядзенні мараторыю на ўдзел у ДЗУСЕ. Масква пазіцыянавала гэтае рашэнне як адказ на нежаданне далучыцца да дамовы новых чальцоў NATO: Літвы, Латвіі і Эстоніі. Краіны Балтыі не былі ахопленыя абмежаваннямі, таму на іх тэрыторыі NATO нібыта магло стварыць шэрую зону, сканцэнтраваць амаль любое ўзбраенне і пагражаць Санкт-Пецярбургу, сцвярджалі ўлады РФ.

Аднак Пуцін увёў мараторый не таму, што баяўся нападу з боку Альянсу ці быў незадаволены агульнымі квотамі на ўзбраенне для РФ. Рэч у тым, што ДЗУСЕ прадугледжвала так званыя флангавыя абмежаванні – квоты на размяшчэнне зброі і тэхнікі на канкрэтных тэрыторыях унутры краіны. Сэнс гэтай нормы заключаецца ў тым, каб ніхто не меў магчымасці сканцэнтраваць у адным месцы столькі сілаў, каб учыніць агрэсію на суседнюю дзяржаву. А Крэмль хацеў свабодна перакідваць і размяшчаць ударныя групоўкі на патрэбных кірунках, таму і прыпыніў дзейнасць дамовы. Пасля 2007 года Расея больш не перадавала чальцам ДЗУСЕ інфармацыі аб перамяшчэнні войскаў, зброі і тэхнікі, прыпыніла прыём і правядзенне інспекцыяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Kirill Kudryavtsev / AFP / East News

Праз год пасля ўвядзення мараторыю Расея развязала вайну з Грузіяй, а праз сем гадоў – анексавала Крым і развязала вайну на Данбасе. У лістападзе 2014 года міністр замежных справаў РФ Сяргей Лаўроў заявіў, што ДЗУСЕ «для нас мёртвае, і вяртання да яго не будзе». У 2015 годзе Масква афіцыйна выйшла з Супольнай кансультатыўнай групы аб ДЗУСЕ.

Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну існаванне ДЗУСЕ, па сутнасці, страціла ўсялякі сэнс. Разам з тым, Захад не спяшаўся хаваць дакумент, што некалі заклаў асновы еўраатлантычнай сістэмы бяспекі. У траўні 2023 года Пуцін распарадзіўся дэнансаваць ДЗУСЕ, а 7 лістапада працэдура выхаду з дамовы была афіцыйна завершаная. Толькі пасля гэтага, 8 лістапада 2023 года, Рада NATO заявіла, што з улікам апошніх дзеянняў РФ дзяржавы – удзельніцы ДЗУСЕ маюць намер прыпыніць дзеянне дамовы «на такі час, на які будзе неабходна».

Частка краінаў ужо аформіла гэтае рашэнне. ЗША ўвялі мараторый у снежні, Польшча – у сакавіку. Турэччына выйшла з дамовы ў красавіку. Прыпыніла ўдзел у ДЗУСЕ і Малдова.

Недавер да Беларусі

У кастрычніку 2023 года Аляксандр Лукашэнка прыпыніў дзеянне ДЗУСЕ ў дачыненні Польшчы і Чэхіі. Фармальна гэта быў адказ на рашэнне Варшавы і Прагі прыпыніць выкананне ДЗУСЕ ў дачыненні Беларусі (Чэхія гэта зрабіла яшчэ ў жніўні 2022 года, Польшча – у сакавіку 2023 года). Мараторый на ўзроўні двухбаковых стасункаў азначае, што краіны перастаюць абменьвацца інфармацыяй пра свае войскі і ўзбраенне ды больш не будуць накіроўваць інспекцыяў для правярання.

Аналітыка
Чаму Расея хоча выйсці з дамовы аб ядравых выпрабаваннях і прычым тут «Буравеснік»?
2023.10.07 07:21

Цалкам лагічна, што першымі мараторый увялі менавіта Варшава і Прага. Пасля таго як Беларусь зрабілася саўдзельніцай агрэсіі супраць Украіны, рэжым Лукашэнкі канчаткова страціў давер з боку краінаў Захаду і ўспрымаецца цяпер выключна як сатэліт пуцінскай Расеі. Улічваючы, наколькі шчыльна Беларусь і РФ супрацоўнічаюць у вайсковай сферы, няма ніякіх сумневаў, што ўсе звесткі, якія Менск атрымае ў рамках абмену інфармацыяй праз лінію ДЗУСЕ, потым акажуцца ў Маскве. Расея ж яшчэ з 2007 года інфармацыяй з еўрапейскімі партнёрамі не дзеліцца. То бок, з пункту гледжання інтарэсаў Польшчы і Чэхіі, такі абмен інфармацыяй нявыгадны і проста шкодны.

Мяркуючы па ўсім, нават без афіцыйнай дэнансацыі абмен інфармацыяй паміж Беларуссю і краінамі Захаду пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне быў спынены. Начальнік Дэпартаменту міжнароднай вайсковай супрацы Міністэрства абароны РБ Валерый Равенка сцвярджае, што краіны Захаду цяпер не прымаюць беларускіх інспекцыяў на свае вайсковыя аб’екты і не накіроўваюць сваіх інспекцыяў у Беларусь.

«Як паступіць Рэспубліцы Беларусь у гэтых умовах? Вядома, мы павінны рэагаваць. Я кажу аб перадачы інфармацыі аб колькасці ўзбраення, вайсковай тэхнікі, а таксама асабовага складу. Ці ёсць сэнс даваць краінам Захаду гэтую інфармацыю пры яе адсутнасці ў адносінах да Рэспублікі Беларусь? Вядома, сэнсу ўжо няма. Нам трэба нешта рабіць», – заявіў Равенка.

Каму гэта выгадна

У заяве прэс-службы Лукашэнкі падкрэсліваецца, што рашэнне аб прыпыненні дзейнасці ДЗУСЕ не азначае выхаду нашай краіны з дамовы і спынення ўсіх унутраных працэдураў, звязаных з яе выкананнем. Валерый Равенка асобна падкрэсліў, што «для ўзбраення і вайсковай тэхнікі нейкага кратнага павелічэння ці нейкіх зменаў у найбліжэйшай будучыні не прадбачыцца».

Сапраўды, можна паверыць у тое, што Лукашэнка прыпыняе ДЗУСЕ не для таго, каб нарасціць колькасць уласных узброеных сілаў і тэхнікі. З той простай прычыны, што ліміты ўзбраення для Беларусі і так не вычарпаныя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Facebook

Напрыклад, Беларусі можа мець 1800 танкаў. Пры гэтым станам на 2020 год расейскі Цэнтр аналізу стратэгіяў і тэхналогіяў сцвярджаў, што Беларусь мела на ўзбраенні 1276 танкаў, а праект «Global Firepower» станам на 2024 год налічыў толькі 517. Беларусь можа мець 80 ударных верталётаў, а па факце мае іх максімум 25. Аналагічная карціна назіраецца і ў іншых катэгорыях узбраення. Акрамя таго, колькасць асабовага складу арміі можа дасягаць 100 тысячаў, а рэальна ў войску служаць 65 тысячаў чалавек.

З гэтага пункту гледжання Беларусі не толькі не варта скасоўваць дзеянне ДЗУСЕ, а наадварот – у інтарэсах афіцыйнага Менску да апошняга чапляцца за гэтую дамову. Іншая рэч, калі мэта не столькі ў нарошчванні колькасці ўзброеных сілаў, колькі ў тым, каб зрабіць краіну больш закрытай, а сітуацыю ў вайсковай сферы – цалкам непразрыстай.

Пакуль выглядае на тое, што прыпыненне дамовы для Лукашэнкі – гэта ў першую чаргу магчымасць прадэманстраваць еднасць з Расеяй, сваю вернасць саюзніцкім абавязкам.

Што тычыцца Крамля, то для яго гэты крок, імаверна, будзе мець не толькі сімвалічнае значэнне. Па-першае, рашэнне Лукашэнкі павялічыць узаемны недавер і канфрантацыйную атмасферу ў стасунках афіцыйнага Менску з краінамі Еўропы, што толькі на руку Маскве. Па-другое, Беларусь цяпер не толькі дэ-факта, але і дэ-юрэ ператворыцца ў шэрую зону, дзе не будуць працаваць механізмы кантролю за ўзбраеннем і дзе прасцей рыхтаваць напад. Калі Пуцін сапраўды плануе ваяваць з NATO, то такую гарантаваную шэрую зону яму мець неабходна.

Аналітыка
Тры сцэнары эскалацыі. Як вайна можа прыйсці ў Беларусь?
2024.04.01 08:26

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў