«Яны працуюць не так хутка, як раней». Час чакання на польскай мяжы даходзіць да 30 гадзінаў


У Берасці – небывалая чарга легкавікоў перад пунктам пропуску «Варшаўскі мост». Паводле Дзяржаўнага памежнага камітэту, на момант публікацыі гэтага тэксту афармлення чакалі 500 аўтаў. Падарожнікі скардзяцца на марудную працу польскіх службоўцаў, справаздачацца пра шматгадзіннае чаканне і шукаюць тых, хто за грошы вызваліць месца ў чарзе.

Чарга перад пунктам пропуску «Варшаўскі мост». Берасце, Беларусь. 8 красавіка 2024 года.
Скрыншот: «Варшавка Граница Брест-Тересполь» / Telegram

Калі лепей ехаць да суседзяў, каб не захраснуць на мяжы на содні, пастанаўляць даводзіцца самастойна: у Дзяржаўнага памежнага камітэту няма парадаў на гэты конт.

«Кожны дзень па-рознаму. Сёння лепей, заўтра – горш. Няма чаго параіць. Можаце на нашым сайце паглядзець архіў чэргаў, для сябе паманіторыць», – кажуць у ведамстве.

Там канстатавалі, што польскія памежнікі пачалі працаваць павольней:

«Яны ж працуюць, проста не так хутка, як некалі раней. Застаўся толькі адзін пункт пропуску ў Польшчу, два – з Літвою і адзін з Латвіяй, а людзі як ездзілі, гэтак і ездзяць».

Да леташняга лютага на мяжы з Польшчаю працавалі два памежныя пераходы, аднак з увагі на вырак журналісту і аднаму з лідараў польскай дыяспары Анджэю Пачобуту пункт «Баброўнікі – Бераставіца» закрылі. Тагачасны міністр унутраных справаў і адміністрацыі суседняй краіны Мар’юш Каміньскі выставіў умову: узнаўленне працы тэрмінала за вызваленне палітвязня. У Менску палічылі, што закладнік за кратамі важнейшы, чымся бесперашкодныя паездкі беларусаў у Польшчу.

На беларуска-літоўскай мяжы з 1 сакавіка засталося два пераходы, астатнія Літва закрыла, абгрунтаваўшы гэта захадамі бяспекі. З леташняга верасня толькі адзін пункт пропуску працуе на мяжы Беларусі з Латвіяй – закрыццё другога тэрміналу ў Рызе назвалі адказам на міграцыйны крызіс.

Проста зараз у чарзе стаяць падарожнікі, якія прыехалі на беларуска-польскую мяжу 7 красавіка апоўдні.

«Сталі ў чаргу 2,7 км. Месцы прадаюць – машыны мяняюцца. Ніхто не ўкліньваецца. Сёння а 7:30 заехалі ў зону чакання. Праз амаль 10 гадзінаў выехалі да пункту пропуску. У выніку – 30 гадзінаў, а мы яшчэ нават не ў беларусаў», – піша кіроўца ў Telegram-чаце, дзе абмяркоўваюць пытанні мінання мяжы.

«Нядзеля, стаў а 7:00, 227 машынаў да зоны чакання было, выехаў ад палякаў а 14:00 панядзелка, агулам 31 гадзіна».

«Сталі а 2:00 ночы 7 красавіка, выехалі сёння а 15-й».

Падарожнікі абвінавачваюць у сваіх пакутах палякаў:

«Праз змену пакідаюць адкрытым адзін канал. Удзень у суботу працавала тры каналы, уначы – ужо адзін. Днём у суботу – тры каналы, уначы – зноў адзін. У нядзелю і ў ноч на панядзелак тры працавалі. Сёння, пасля перазменкі, – адзін».

Памежная ахова Польшчы абвінавачванні ў маруднай працы адкідвае і ўсе прэтэнзіі скіроўвае да беларускіх уладаў на чале з Лукашэнкам, якія нясуць адказнасць за міграцыйны крызіс.

Каментар
«Адказ на міграцыйны крызіс». Польшча абвінаваціла ўлады Беларусі ў чэргах на мяжы
2024.04.05 12:53

Афіцыйны прадстаўнік Надбужанскага аддзелу Памежнай аховы Польшчы, у склад якога ўваходзіць пункт пропуску ў Тэрэспалі, Дар’юш Сеніцкі раней тлумачыў «Белсату», што падчас спробаў несанкцыянаванага мінання мяжы мігрантамі афіцэраў здымаюць з афармлення на тэрмінале і перакідваюць на ўзмацненне аховы ў лясах. Ён таксама прызнаў больш пільны дагляд падарожнікаў у пункце пропуску:

«У сувязі з недастатковай аховай дзяржаўнай мяжы на беларускім баку мы таксама абавязаныя ладзіць больш дэталёвы кантроль асобаў, якія ўязджаюць у Польшчу – аж да часу, пакуль не знікне рэальная пагроза нелегальнай міграцыі. Рэалізацыя гэтых захадаў у ахове дзяржаўнай мяжы ёсць адказам на часовыя пагрозы нелегальнай міграцыі».

Сеніцкі таксама адзначыў, што ў прыярытэтным парадку службоўцы афармляюць аўтобусы.

Hавiны
Памежная служба Польшчы: Расце колькасць спробаў незаконна мінуць мяжу
2024.04.05 14:08

Чарга легкавікоў у Берасці пачала заўважна расці з раніцы 7 кастрычніка. Тады перад «Варшаўскім мостам» налічылі 210 аўтаў. Сёння а 6-й раніцы ў чарзе было ўжо 500 легкавых машынаў, і чарга не рассмоктваецца. З аўтобусамі, дарэчы, сітуацыя таксама складаная: зараз іх 45. Тыя, хто сёння прарваўся ў Польшчу, чакалі на мяжы больш за 18 гадзінаў.

Чарга легкавікоў да зоны чакання памежнага перахода «Варшаўскі мост». 7 красавіка 2024 года.
Фота: «ГраницаBY Беларусь-ЕС» / Telegram

Такіх жахаў на выездзе з Беларусі даўно не было, затое ў зваротным кірунку – напрыканцы снежня летась. Тады таксама даводзілася аддаваць чаканню на мяжы каля 60 гадзінаў жыцця. Напярэдадні Новага года беларусы ехалі на радзіму – хто з пакупкамі, хто проста адзначыць свята ўдома – і захраслі. У тым выпадку ў маруднай працы абвінавачвалі ўжо беларускіх мытнікаў, якія ўважліва глядзелі, што вязуць падарожнікі.

Агляд
60 гадзінаў чакання. Сотні людзей правялі калядную ноч у чэргах на межах Беларусі
2023.12.25 15:01

У чатах не сведчаць пра «улезуноў» і нейкія моцныя сваркі, але сцвярджаюць, што павелічэнню чэргаў спрыяюць «гандляры месцамі» – яны становяцца ў калейку і шукаюць тых, хто за грошы захоча стаць на іхнае месца, а самі з’язджаюць. Калі пакупніка не знаходзяць, вяртаюцца ў канец чаргі, пішуць у чатах.

5 красавіка дзяржаўныя медыя паведамілі, што аднаго такога гандляра злавілі падаткавікі. Жыхара Берасцейскага раёну аштрафавалі на 1200 рублёў за «незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць». Мужчына прадаў месца ў чарзе за 150 долараў пакупніку, які аказаўся падатковым інспектарам.

Аднак прадпрымальніцкая жылка жыхароў прымежжа мацнейшая за пагрозу штрафу. Карэспандэнт «Белсату» знайшоў такога бізнесоўца, які пагадзіўся «пад замову» пастаяць у чарзе. Кошт паслугі розны:

«Глядзечы якая чарга – ад 50 да 100 долараў. Такая, як сёння, – 100 долараў. Стаяць прыкладна содні. Мяркую, такая чарга будзе і на наступным тыдні таксама».

Адзін з падарожнікаў, які сёння скарыстаўся гэтаю паслугаю, паведаміў «Белсату», што заплаціў за месца тыя ж 100 долараў. Тое, што адбываецца цяпер на мяжы, ён назваў нецэнзурным словам.

На заезд у Беларусь чэргаў у Тэрэспалі няма зусім.

Агляд
Спрэчкі, скаргі і лайфхак. У Берасці аўтобусы зноў стаяць на мяжы гадзінамі
2024.04.03 21:16

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў