Топ найвядомейшых беларускіх жанчын


Беларускія жанчыны сталі рухальнаю сілаю пратэстаў 2020 года, і дзякуючы ім пра Беларусь дазналіся нават у самых аддаленых кутках свету. Жанчыны цягам усёй нашай гісторыі, нягледзячы на неймаверныя цяжкасці, знаходзілі магчымасць праявіць сябе і пакінуць след у гісторыі, змяняючы яе да лепшага. «Белсат» працягвае згадваць найвядомейшых беларускіх жанчын. Першую частку глядзіце тут.

Маці каралёў

Трагедыя жанчыны ляжыць ля вытокаў беларускай гісторыі – з часу Рагнеды, за авалоданне якой будучы праваслаўны святы Уладзімір Краснае Сонейка знішчыў Полацк. Рагнеда ж, якая перажыла гвалт і прыніжэнні ды дамаглася адраджэння бацькоўскай старонкі, стала пачынальніцай дынастыі князёў Ізяславічаў Полацкіх.

Жанчыны з беларускай зямлі праявілі сябе як таленавітыя палітычныя кіраўніцы задоўга да Святланы Ціханоўскай – яшчэ ў сярэднявеччы. У тым ліку нашыя жанчыны дапамаглі ў разбудове Маскоўскага царства, якое пазней ператварылася ў Расейскую імперыю. Напрыклад, Соф’я, дачка Вітаўта, і Алена Глінская, маці Івана Жахлівага, якая кіравала краінаю, пакуль той не стаў поўнагадовым.

Соф’я Гальшанская. Аўтар: Марцэлі Краеўскі. Крыніца: platforma.bk.pan.pl

Але найперш варта згадаць Соф’ю Гальшанскую (каля 1405 – 1461), якая ўвайшла ў гісторыю як «маці каралёў» – пачынальніца дынастыі Ягелонаў у Польскім каралеўстве і Вялікім Княстве Літоўскім. Два ейныя сыны, чатыры ўнукі і два праўнукі сталі каралямі, і гэта ўсё пры дапамозе каралевы-маці, якая амаль 30 гадоў пасля смерці мужа вяла актыўную палітычную дзейнасць. Соф’я Гальшанская ў 17 гадоў пабралася шлюбам з 71-гадовым каралём польскім Ягайлам і акрамя палітыкі засталася ў гісторыі як мецэнатка. Пахаваная ў Кракаве на Вавэлі.

Вусы Скарыны
Соф’я Гальшанская. Маці каралёў Еўропы
2023.03.06 16:41

Прадпрымальніца

Адной з найбольш паспяховых жанчын у нашай гісторыі была Ганна Кацярына Радзівіл (у дзявоцтве – Сангушка) (1676–1746). Яна была жонкай канцлера ВКЛ Караля Станіслава Радзівіла, маёнткі якога былі разрабаваныя ў час Паўночнай вайны на пачатку XVIII стагоддзя. У 43 гады Ганна засталася ўдавой з пазыкамі мужа, на мяжы банкруцтва, але не толькі здолела аднавіць патэнцыял роду Радзівілаў, але і пакінуць вялікае багацце сваім сынам – Міхаілу Казіміру (Рыбаньку) і Гераніму Фларыяну Радзівілам.

Ганна Кацярына Радзівіл. Крыніца: commons.wikimedia.org

Ганна Радзівіл у сваіх маёнтках правяла эканамічныя рэформы, пабудавала першыя мануфактуры на тэрыторыі Беларусі – Урэцкую і Налібоцкую шкляныя мануфактуры. Распачала вытворчасць парцаляны, наладзіла вытворчасць сукна, пачала рыхтаваць рамеснікаў ды мастакоў. На заробленыя сродкі не толькі стварала новыя прадпрыемствы, але і зрабілася мецэнаткай, як і іншая вядомая з роду Радзівілаў – Магдалена Радзівіл.

Мела 13 дзяцей, большасць з якіх памерлі няпоўнагадовымі, на знак чаго да канца жыцця Ганна Кацярына насіла чорнае жалобнае адзенне і ўвайшла ў гісторыю як «панна ў чорным».

Першая жанчына – прафесарка філасофіі ў Еўропе

У беларускай культуры вобраз жанчыны-доктаркі мае глыбокія карані, таму нездарма Саламея Русецкая з Наваградчыны ўвайшла ў гісторыю як адна з першых жанчын-лекарак на Усходзе. У XVIII стагоддзі Саламея была прыдворнай доктаркай асманскіх султанаў ды расейскай імператрыцы Ганны Іванаўны. А першай жанчынай-доктаркаю ў Расейскай імперыі стала Варвара Руднева-Кашаварава з Чавусаў. Аднак сусветную вядомасць атрымала найперш Ганна Тумаркін (1865–1951), нарадзінка Дуброўны, якая стала першай у Еўропе жанчынай – прафесаркай філасофіі. У раннім дзяцінстве Ганна пераехала з сям’ёй у Кішынэў (сёння – Малдова), навучалася ў Берлінскім універсітэце, дзе ў 1895 годзе паспяхова абараніла дысертацыю па параўнальным аналізе працаў Гэрдэра і Канта, а з 1898 года стала выкладаць філасофію ў Бернскім універсітэце ў Швейцарыі, у якім прапрацавала да 1943 года. Сёння адна з вуліцаў побач з Бэрнскім універсітэтам носіць яе імя.

Ганна Тумаркін. Крыніца: schweiz-russland.ch

«За Зіну Тусналобаву!»

Зінаіда Тусналобава-Марчанка – дзяўчына, імя якой з’явілася на танках, самалётах, гарматах напярэдадні вызвалення Беларусі ў час Другой сусветнай вайны. Яна была з-пад Полацку і паходзіла з сям’і, якая зведала на сабе савецкія рэпрэсіі – дзядзька, які быў георгіеўскім кавалерам Першай сусветнай вайны і старшынёй калгасу, быў забіты. Бацька, каб уратавацца, нават змяніў прозвішча з Марозава на Тусналобава.

Падчас Другой сусветнай вайны Зінаіда вынесла з поля бою 123 параненыя салдаты, прычым 40 з іх – у першых двух сваіх баях. У лютым 1943 года яна спрабавала выратаваць цяжка параненага камандзіра ўзводу, калі ёй самой перабіла ногі. У гэты час немцы адкінулі савецкіх вайскоўцаў, і Зінаіда апынулася сярод забітых і параненых. Адзін з нямецкіх салдатаў, заўважыўшы яе, паспрабаваў забіць ударамі прыклада. Але яна выжыла, аднак пасля моцнага абмаражэння ёй ампутавалі рукі і ногі. Нават пасля гэтага Зінаіда не здалася. Яна ў тыле натхняла рабочых, а 13 траўня 1944 года звярнулася да салдатаў 1-га Прыбалтыйскага фронту, якія рыхтаваліся да беларускай наступальнай аперацыі «Баграціён».

Зінаіда Тусналобава-Марчанка з сям’ёю. Крыніца: radiovera.ru

«Адпомсціце за мяне! Адпомсціце за мой родны Полацк! Няхай гэты ліст дойдзе да сэрца кожнага з вас. Гэта піша чалавек, якога фашысты пазбавілі ўсяго – шчасця, здароўя, маладосці. Мне 23 гады. Ужо 15 месяцаў я ляжу, прыкаваная да шпітальнага ложка.

У мяне цяпер няма ні рук, ні ног. Гэта зрабілі фашысты».

У 1957 годзе яна атрымала званне Героя Савецкага Саюзу, а ў 1965 годзе – медаль Флорэнс Найтынгейл Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа. Выйшла замуж за салдата, з якім пазнаёмілася падчас вайны, і мела сына Уладзіміра і дачку Ніну.

«Цуд з касічкамі»

Беларускія жанчыны ў спорце нашмат вядомейшыя, чым беларусы мужчыны. Гэта і чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка па біятлоне Дар’я Домрачава, якой нават прысвоена званне Герой Беларусі ў 2014 годзе, і алімпійская чэмпіёнка па тэнісе Вікторыя Азаранка. Але найперш гэта Вольга Корбут.

Вольга Корбут. Крыніца: hrodna.life

Вольга Корбут – «цуд з касічкамі» з Горадні, адна з найбольш вядомых гімнастак у свеце, чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка (1972 і 1976 гадоў). Адзін з гімнастычных элементаў, які яна выконвала, названы ў яе гонар – «пятля Корбут». З 1991 года жыве ў ЗША.

Нобэлеўская лаўрэатка

Беларуская зямля вельмі ўрадлівая на літаратарак. Да ліку найбольш вядомых у Беларусі належыць Алаіза Пашкевіч (яна ж Цётка) са Шчучыншчыны ды Эліза Ажэшка з-пад Горадні. Аднак найбольш вядомая ў свеце – Святлана Алексіевіч, якая нарадзілася ў 1948 годзе ў Івана-Франкоўску ва Украіне ў сям’і беларуса-вайскоўца. Большую частку жыцця Святлана жыла ў Беларусі, тут атрымала адукацыю і стварыла свае сусветна вядомыя творы «У вайны не жаночы твар», «Цынкавыя хлопчыкі» ды «Чарнобыльская малітва». У 2015 годзе Святлана Алексіевіч стала лаўрэаткай Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры, у 2020 годзе актыўна падтрымлівала беларускую рэвалюцыю, далучылася да Каардынацыйнай Рады. Вымушана была пакінуць Беларусь праз палітычны пераслед.

Светлана Алексиевич, писательница, литературный фестиваль, Вильнюс, Литва
Пісьменніца Святлана Алексіевіч.
Фота: Белсат

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў