Рыхтуйце ядравыя парасоны

Беларускія ўлады радасна паціраюць рукі. Цяпер іх будзе абараняць зброя, адсутнасць якой на нашай тэрыторыі гарантавалі яшчэ на досвітку незалежнасці. «Мы – мірныя людзі, – сцвярджаюць у адзін голас прарэжымныя ваенныя, дыпламаты, прапагандысты ды сам правадыр. – Але, як што, то адказ будзе імгненны».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pavel Bednyakov / Pool / AFP / East News

Нагадаю, 25 сакавіка мінулага года прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін абвесціў, што Масква па просьбе афіцыйнага Менску размесціць сваю тактычную ядравую зброю ў Беларусі падобна таму, як ЗША робяць на тэрыторыі сваіх саюзнікаў. У чэрвені Пуцін казаў, што будзе перададзены ракетны комплекс «Іскандэр», які можа быць носьбітам ядравай зброі. Таксама Расея аказала дапамогу ў пераабсталяванні беларускіх самалётаў, каб яны маглі несці спецыяльныя боегалоўкі. І значная частка запланаваных паставак знаходзіцца ўжо ў Беларусі. А ўся партыя прыбудзе да канца 2023 года.

Паводле словаў прэзідэнта Расеі, ядравыя боегалоўкі былі дастаўленыя ў Беларусь «у мэтах стрымлівання». Праз два месяцы Лукашэнка заявіў, што нашая краіна не будзе ўдзельнічаць у вайне, але імгненна адкажа ўсім, што ў Беларусі ёсць, уключаючы ядравую зброю, калі гэта будзе справакавана, асабліва з боку суседніх краінаў – дзяржаваў НАТО: Польшчы, Літвы і Латвіі.

CNN выпусціла артыкул з гэтай нагоды пад назваю «Беларусь прыняла новую дактрыну з выкарыстаннем ядравай зброі». У матэрыяле падкрэсліваецца, што ў выпадку адабрэння дактрыны Усенародным сходам у красавіку яна стане першым крокам для размяшчэння ядравай зброі па ўсёй краіне. І прыводзяцца словы Віктара Хрэніна:

«Размяшчэнне тактычнай ядравай зброі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь разглядаецца як важная мера прывентыўнага стрымлівання патэнцыйных праціўнікаў ад развязвання ўзброенай агрэсіі супраць Рэспублікі Беларусь».

Чым краіны НАТО маглі «справакаваць» Беларусь на ўжыванне ядравай зброі? Эксперты CNN прыйшлі да высновы, што гэта нішто іншае, як адказ на тое, што заходнія дзяржавы вырашылі аб’яднацца перад знешняй пагрозаю і падпісалі пагадненне аб умацаванні сваіх межаў з Беларуссю і Расеяй. І гэта, паводле экспертаў CNN стала наступствам, акурат, расейскіх пагрозаў адрэзаць саюзнікаў, у прыватнасці, прыбалтыйскіх дзяржаваў па НАТО ад сваіх партнёраў. Напачатку лютага гэтага года з вуснаў намесніка кіраўніка МЗС РФ Сяргея Рабкова прагучала інфармацыя, што Расейская Федэрацыя не збіраецца размяшчаць сваю ядравую зброю ў іншых краінах, акрамя Беларусі.

На сайце Дэпартаменту па ядравай і радыяцыйнай бяспецы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь узгадваецца пра Дамову аб нераспаўсюджанні ядравай зброі, якая, аднак, была ратыфікавана Пастановаю Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь вельмі даўно. Яшчэ да прыходу Лукашэнкі ва ўладу – у лютым 1993 года. 30 лістапада 2023 года, выступаючы на паседжанні Савету міністраў замежных справаў краінаў АБСЕ ў македонскім Скоп’е намеснік кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Беларусі Юрый Амбразевіч у прыватнасці тлумачыў сённяшнюю сітуацыю так:

«Усе дзеянні, уключаючы прыпыненне на нашай тэрыторыі Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе і размяшчэнне расейскай тактычнай ядравай зброі, з’яўляюцца вымушаным адказам. Мяне запыталі тут калегі, «вы што, адчуваеце, што вам хтосьці пагражае?». А як мы яшчэ можам расцэньваць эканамічныя санкцыі супраць 70% наша экспарту, практычна поўнае закрыццё межаў з боку захаду і поўначы, спыненне авія – і чыгуначных зносінаў і гэтак далей. Ці гэта не агрэсія?»

У гісторыі незалежнай Рэспублікі Беларусь раней былі прынятыя тры ваенныя дактрыны (новую плануюць прыняць на Усебеларускім народным сходзе пасля Адзінага дня галасавання). Першая – Вярхоўным Саветам 16 снежня 1992 года. Яна характарызавалася заканчэннем «халоднай вайны» і мела выключна абарончы характар.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Vadim Savitskiy / Russian Defense Ministry Press Service / AP / East News

Другая пабачыла свет у выглядзе закона, падпісанага Лукашэнкам, на самым пачатку 2002 года. Яна таксама не была агрэсіўнай у адрозненне ад цяперашняй. Яе палажэнні грунтаваліся на дэталізацыі канкрэтыкі асноўных напрамкаў ваеннай палітыкі Беларусі. Адрозненнем ад папярэдняга такога дакументу стала павелічэнне аналізу і ваенна-палітычнага прагназавання.

Трэцяя дактрына адмяняла дзве папярэднія. Яна ўступіла ў дзеянне ў ліпені 2016 года. Калі коратка, то ў ёй упершыню быў распрацаваны план дзеянняў супраць гібрыднай вайны і каляровай рэвалюцыі. Пры гэтым улічваўся досвед Данбасскага і Сірыйскага канфліктаў. Паводле закладзенага ў ёй прынцыпу, Рэспубліка Беларусь не высоўвае аніякіх тэрытарыяльных прэтэнзіяў і не прызнае такіх прэтэнзіяў з боку іншых дзяржаваў, а таксама выключае аднабаковае скарачэнне ўзбраенняў ва урон ваеннай бяспецы дзяржавы.

І цяпер Беларусь урэшце прызнала ўяўныя прэтэнзіі з боку суседніх дзяржаваў, пасягальніцтва на яе аўтарытэт і нічога іншага, як «лязганне» ядравай зброяй не вынайшла. Паколькі не было ніякай незалежнай міжнароднай інспекцыі, то нават меркаваць цяжка што гэта за зброя, якога тыпу ды года выпуску і ў якой колькасці. Больш таго, ёсць увогуле сумненні, што яе насамрэч прывезлі ў Беларусь. Так мяркуе палітык Андрэй Саннікаў. У пачатку 90-х ён узначальваў беларускую дэлегацыю на перамовах па звычайнаму і ядраваму раззбраенню, у 1995 годзе стаў намеснікам міністра замежных справаў, але напярэдадні 1996 года падаў у адстаўку ў знак пратэсту супраць палітыкі Лукашэнкі.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» лічыць, што гэта хутчэй за ўсё толькі «хацелкі» і «пужалкі». У інтэрвю «Дойчэ Вэле» пасля выхаду ў нямецкі пракат дакументальнага фільму польска-нямецкага рэжысёра Паўла Січака пад назваю «Тое самае пачуццё надзеі» (This Kind of Hope), дзе праз палітычны і асабісты жыццёвы шлях спадара Саннікава прасочваецца гісторыя сучаснай Беларусі, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года адзначаў:

«Гэтая зброя, калі і ёсць, яна не знаходзіцца ў руках беларускага рэжыму. Дамоўленасці аб нераспаўсюджанні яе існуюць і яны дзейсныя. Мы афіцыйна дзяржава не ядравая і ў нас аніякага кантролю за такой зброяй з боку міжнародных арганізацыяў быць не можа. Але гэта пагроза для ўсяго свету і патрэбная адэкватная рэакцыя ў выглядзе праграмы дзеянняў перад рэальнай пагрозай».

У жніўні мінулага года Лукашэнка заяўляў, што ягоная краіна «прывезла ядравую зброю не для таго, каб кагосьці напужаць. Яна ўяўляе сабою моцны стрымліваючы фактар. Але гэта тактычная ядравая зброя, а не стратэгічная. Таму мы скарыстаемся ёю адразу ж, як толькі супраць нас будзе распачатая агрэсія».

Паводле Андрэя Саннікава, калі раптам ядравы прэцэдэнт, няхай тактычны, быў усё ж створаны на тэрыторыі Беларусі, то пасля падзення рэжыму Лукашэнкі зброя абавязкова будзе вернутая туды, адкуль прыехала. Таму што толькі спроба атрымаць кантроль над ядравым узбраеннем правакуе вельмі прыцягальную ўвагу магутных еўрапейскіх краінаў.

«А нашто нам гэта трэба, – заканчвае тэму Андрэй Саннікаў. – Нам жыццё неабходна будаваць, а не ваенную машыну».

На жаль, у сённяшніх уладаў зусім іншыя мэты. У дзеяннях лукашэнкаўскіх хаўруснікаў за словамі «ужывем без прамаруджання» дакладна чытаецца «мы за цаною не пастаім». Цана гэтаму навідавоку: існаванне нашай нацыі і самой Беларусі. Але тое, мяркуючы з усяго, рэжым Лукашэнкі хвалюе менш за ўсё. Перафразуючы пуцінскі выраз «а нашто нам такі свет, у якім не будзе Расеі», беларускаму цяперашняму кіраўніцтву пасуе толькі адно: а нашто нам такі свет, у якім не будзе нашай улады. І падобныя неадэкватныя дзеянні рэжыму будуць напружваць увесь час, пакуль ён існуе на гэтай зямлі.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў