Якія крокі Ціханоўская прапанавала Сенату Польшчы, каб дапамагчы свабоднай Беларусі


Святлана Ціханоўская выступіла 8 лютага ў Сенаце Польшчы на паседжанні з нагоды 160-годдзя паўстання народаў Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны. Яна расказала пра гісторыю супольнай барацьбы Польшчы і Беларусі, цяперашніх палітвязняў у Беларусі і ідэі для дапамогі Польшчы беларусам.

Святлана Ціханоўская і маршалак Сенату Польшчы перад выступам на пленарным паседжанні Сенату. Варшава, Польшча. 8 лютага 2023 года.
Фота: Белсат

Візіт Святланы Ціханоўскай у Сенат Польшчы звязаны з разгляданымі ў Сенаце праектамі пастановаў да 160-годзьдзя выбуху паўстання 1863-64 гадоў, якое ў Польшчы вядомае як Студзеньскае, а частка гэтага паўстання на землях Беларусі і Літвы – як паўстанне Кастуся Каліноўскага. Ціханоўскую запрасіў Маршалак (старшыня) Сенату. Таксама запланаваныя сустрэчы Ціханоўскай са спікерам Сенату і асобнымі сенатарамі, прадстаўнікамі экспертнай супольнасці, чальцамі «ByPol», польскімі медыямі.

Ціханоўская выступала па-беларуску, сенатары яе віталі і праводзілі апладысментамі, стоячы. Яна назвала польскіх сенатараў «сябрамі свабоднай Беларусі». Яна падзякавала ім за прыняцце рэзалюцыі адносна ўгодкаў паўстання 1863-64 гадоў, асобным сенатарам – за канкрэтныя прыклады падтрымкі Беларусі.

Пра што расказала Ціханоўская

У пачатку Ціханоўская згадала пра беларускіх палітвязняў, заклікала сенатараў станавіцца іхнымі «хроснымі»:

«Умовы ў турмах мала чым адрозніваюцца ад сталінскіх: людзей катуюць, не дазваляюць камунікаваць з роднымі, ламаюць фізічна і маральна. Любая падтрымка звонку дае ім і іхным сем’ям сілы трымацца», – расказвала Ціханоўская польскім сенатарам.

Затым Ціханоўская расказала, як народы Беларусі і Польшчы яднае супольная гісторыя і такія асобы, як Тадэвуш Касцюшка і Кастусь Каліноўскі, Адам Міцкевіч і Уладзіслаў Сыракомля такія паўстанні, як у 1794, 1830 і 1863 гадах. Цяпер сярод герояў, якія аб’ядноўваюць Беларусь і Польшчу, таксама Анджэй Пачобут, заявіла Ціханоўская. Гарадзенскі журналіст і актывіст Саюзу палякаў Беларусі якраз у час выступу Ціханоўскай быў асуджаны ў Беларусі на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за «заклікі да санкцыяў» і «распальванне варожасці».

Паводле Ціханоўскай, рэжым Лукашэнкі спрабуе вынішчыць сяброўскае супольнае жыццё беларусаў і палякаў: закрывае польскія школы, разбурае помнікі ўдзельнікам польскага супраціву, ладзіць «зачыстку» дзеля «русского мира». Таму важна, што Польшча выступае ў абарону вязняў рэжыму Лукашэнкі, паказвае прыклад паважлівага стаўлення да беларускай меншасці і беларускіх уцекачоў, падкрэсліла Ціханоўская.

Яна пералічыла: беларусы працягваюць працу на карысць свабоднай Беларусі з Польшчы, журналісты адкрылі ў Польшчы рэдакцыі, арганізацыі і ініцыятывы беларусаў – свае офісы, запускаюцца праекты папулярызацыі беларускай мовы і культуры, а беларускія студэнты атрымліваюць адукацыю ў польскіх універсітэтах.

«Я хачу вас запэўніць, што Свабодная Беларусь будзе саюзнікам і сябрам для Польшчы, – заявіла Ціханоўская. – Свабодная Беларусь будзе гарантам бяспекі не толькі ў рэгіёне, але і ўва ўсёй Еўропе. Свабодная Беларусь будзе наймацнейшай санкцыяй супраць Пуціна і найлепшай дапамогай Украіне».

Яна параўнала цяперашнюю барацьбу беларусаў з той падпольнай барацьбой палякаў у час ваеннага стану ў 1980-х: беларусы збіраюцца ў невялікія групкі, распаўсюджваюць самвыдат, ладзяць акцыі сабатажу, змагаюцца за агульную свабоду ва Украіне. Ціханоўская заўважыла, што ганарыцца тым, што адно з найбуйнейшых добраахвотніцкіх беларускіх фармаванняў носіць імя менавіта Кастуся Каліноўскага.

Што прапанавала Ціханоўская

Ціханоўская нагадала пра палітвязня і лаўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага і пра тое, як ён казаў, што такія рэжымы, як лукашэнкаўскі, разумеюць толькі цвёрдасць.

Паводле яе, ад заходніх палітыкаў цяпер даводзіцца часта чуць, што «цяпер не час», бо перад вырашэннем пытання Беларусі трэба вырашыць пытанне вайны ва Украіне. Але Ціханоўская перакананая, што Беларусь – «частка праблемы і частка яе вырашэння», бо чым слабейшы Пуцін, тым слабейшы Лукашэнка, і наадварот.

На заднім плане: Франак Вячорка, Павел Латушка, Анатоль Лябедзька і Святлана Ціханоўская на пленарным паседжанні Сенату Польшчы ў Варшаве, Польшча. 8 лютага 2023 года.
Фота: Белсат

Ціханоўская заклікала сенатараў да канкрэтных дзеянняў дзеля дапамогі ў пабудове свабоднай Беларусі:

1. Дапамагчы Беларусі вярнуць суб’ектнасць: каб свабодная Беларусь была прадстаўленая на пляцоўках Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы і Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе, каб была часткай Люблінскага трыкутніка, каб мела еўрапейскую перспектыву – чула, што яе чакаюць у Еўропе.

2. Прыняць рэзалюцыю ў абарону беларускай незалежнасці прызнаць незаконнымі дамовы і рашэнні рэжыму Лукашэнкі, спрыяць міжнароднаму трыбуналу над Лукашэнкам.

3. Падтрымаць рэпрэсаваных беларусаў: ужо больш за 4000 за кратамі з палітычных матывах, знішчаныя сотні медыяў і ліквідаваныя звыш тысячы недзяржаўных арганізацыяў, сотні тысяч мусілі выехаць з Беларусі.

4. Узмацняць фінансавы і палітычны ціск на рэжым Лукашэнкі, у тым ліку праз механізм універсальнай юрысдыкцыі: ужо цяпер варта заводзіць справы на беларускіх сілавікоў і памагатых Лукашэнкі.

5. Наладжваць кантакты з Аб’яднаным пераходным кабінетам, іншымі дэмакратычнымі сіламі, партыямі, грамадзянскай супольнасцю; падтрымліваць беларускія медыі, адукацыю, няўрадавыя арганізацыі.

6. У час бліжэйшай выбарчай кампаніі зрабіць падтрымку Беларусі часткай праграмаў кандыдатаў.

7. Стварыць у польскім Сенаце праграму стажавання для маладых беларусаў.

«Я ведаю, што мы годна пройдзем свой шлях да свабоды, – казала Ціханоўская ў завяршэнні выступу. – І мне хочацца верыць, што гэтая бітва з імперыяй стане фінальнай».

«Мы скончым справу, пачатую паўстанцамі Каліноўскага і Касцюшкі, – працягнула яна. – І станем апошнім пакаленнем, якое жыло пад прыгнётам. Нас не задаволяць паўмеры або суцяшальны прыз у выглядзе «мірнага неба над галавой», але ў складзе Расеі. Мы больш не павядземся на ўгаворы дыктатараў, бо добра вывучылі ўсе ўрокі, якія дала нам гісторыя. І паўтарылі гэтыя ўрокі яшчэ раз у 2020 годзе і ў лютым 2022 года. Нам не патрэбныя новыя ўрокі і новыя ахвяры. Мне здаецца, іх было дастаткова. Мы павінны разарваць бясконцы ланцуг гвалту. Пакінуць дыктатуры і імперскія авантуры ў далёкім мінулым».

Ціханоўская завяршыла выступ фразамі «За нашу і вашу свабоду» і «Жыве Беларусь».

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў