Святлана Ціханоўская выступіла ў Сенаце Польшчы


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская выступіла 8 лютага ў Сенаце Польшчы на паседжанні з нагоды 160-годдзя паўстання народаў Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны.

Святлана Ціханоўская выступіла ў Сенаце Польшчы. Варшава, Польшча. 8 лютага 2023 года.
Фота: Уладзімір Яўстаф’еў / Белсат

Візіт Святланы Ціханоўскай у Сенат Польшчы звязаны з разгляданымі ў польскім Сенаце праектамі пастановаў да 160-годдзя выбуху паўстання 1863–64 гадоў, якое ў Польшчы вядомае як Студзеньскае, а частка гэтага паўстання на землях Беларусі і Літвы – як паўстанне Кастуся Каліноўскага.

Ва ўступным слове сенатар Кшыштаф Квяткоўскі прэзентаваў Ціханоўскую як «лідарку вольнай Беларусі». Палітык у прамове сказаў пра пагрозу расейскага імперыялізму, якая не знікла за 160 гадоў з паўстання Каліноўскага. Сярод іншага ён згадаў пра суд у Беларусі над Анджэем Пачобутам – палітвязнем, журналістам і актывістам Саюзу палякаў Беларусі.

Фота: Уладзімір Яўстаф’еў / Белсат

Сенатары сустрэлі Святлану Ціханоўскую апладысментамі, стоячы. Яна прамаўляла па-беларуску, падзякавала за прыняцце рэзалюцыі і за права выступіць з гэтай нагоды ад імя беларускага народу, падзякавала за падтрыманне канферэнцыі Каліноўскага ў Вільні, заклікала сенатараў станавіцца «хроснымі» беларускіх палітвязняў.

«Перамены ў Беларусі могуць пачацца раней, чым нам здаецца, рэжым паводзіць сябе так, нібы сотні тысяч людзей пратэстуюць цяпер перад палацам. Рэжым трымаецца на падтрыманні Пуціна. І чым слабейшы Пуцін, тым слабейшы будзе Лукашэнка і наадварот», – сказала Святлана Ціханоўская.

Лукашэнка ў выніку павінен апынуцца перад трыбуналам, сказала беларуская лідарка.

Беларуская лідарка прапанавала стварыць праграму стажыровак для маладых беларусаў у Сенаце, паколькі беларусы могуць шмат чаму навучыцца ў Польшчы. У Беларусі мае быць моцная парламенцкая дэмакратыя, заявіла Святлана Ціханоўская.

Фота: Уладзімір Яўстаф’еў / Белсат

Палітык напрыканцы выступу адзначыла, што беларусы добра вывучылі ўрокі гісторыі і больш не жадаюць новых урокаў, якія могуць прынесці новыя ахвяры.

Святлана Ціханоўская заклікала прыняць рэзалюцыю ў абарону беларускай незалежнасці, падтрымаць рэпрэсаваных у Беларусі і беларускія ініцыятывы за мяжою, узмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі, у тым ліку праз механізм універсальнай юрысдыкцыі.

Абноўлена
Ціханоўская заклікала беларусаў зрабіць усё, каб засцерагчы сябе і блізкіх
2023.02.06 11:14

belsat.eu

Стужка навінаў