У Беластоку прайшла акцыя ў падтрымку Анджэя Пачобута


Акцыя ў падрымку журналіста і палітвязня Анджэя Пачобута прайшла 8 лютага ў Белстоку. Аб гэтым перадае карэспандэнт «Белсату».

Акцыя ў падтрымку Анджэя Пачобута. Беласток, 8 лютага 2023 года.
Фота: «Белсат»

У самым цэнтры Беластоку ў скверы, каля помніку Ежы Папялушку адбылася акцыя ў падтрымку Анджэя Пачобута. Сёння журналіст і актывіст незалежнага Саюзу палякаў атрымаў ад лукашэнкаўскага суду 8 гадоў пазбаўлення волі.

У Беластоку Пачобут вядомая і паважаная асоба, як сярод палякаў, так і сярод беларускай дыяспары. Шмат знаёмых і калегаў Анджэя было вымушаны выехаць з Беларусі. У самым цэнтры Беластоку стаіць вялікі партрэт Пачобута. Ужо амаль два гады праходзяць акцыі салідарнасці. Калі прайшла першая падобная акцыя вясной 2021 году, людзі спадзяваліся, што журналіст хутка будзе на свабодзе, але Пачобут адседзеў амаль два гады.

Беларусы ў Беластоку абураныя прысудам Анджэю Пачобуту. Беласток, 8 лютага 2023 года.
Фота: «Белсат»

Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Сябры і паплечнікі журналіста кажуць, што справа была шыта белымі ніткамі і ніякіх доказаў у следства не было. Каб было інакш – гэта б актыўна выкарыстала прапаганда.

Раней паведамлялася, што 8 лютага ў Гарадзенскім абласным судзе вынеслі вырак палітзняволенаму Анджэю Пачобуту – 8 гадоў з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Журналіста, актывіста незалежнага Саюза палякаў прызналі вінаватым «у распальванні варожасці і закліках да санкцыяў».

АЛ, Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў