Што не так у фільме пра нібыта здраду знанага эксперта Андрэя Паротнікава


«Гісторыя здрадніка. Паротнікаў» – фільм з такою гучнаю назваю лукашысты паказалі, але ёсць праблема. Здрады ў стужцы няма. І ў рэальнасці яе няма. Канал эвакуацыі беларусаў за мяжу намагаліся выкрыць. Не выкрылі. Чым яны хваляцца? Хто супраць каго гуляў: КДБ супраць дэмакратычных сілаў за мяжою ці, наадварот, героі фільму – супраць КДБ? Падрабязнасці – у інтэрв’ю Сяргея Пелясы са Змітром Міцкевічам, журналістам «Белсату» і калегам Андрэя Паротнікава, аналітыкам створанага ім праекту «Belarus Security Blog».

Hавiны
Аналітыка Андрэя Паротнікава абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве
2023.08.29 20:13

Сяргей Пеляса: Што не так з фільмам пра гэтак званую здраду Андрэя Паротнікава? Вы калегі з праекту «Belarus Security Blog». У чым маніпуляцыя стужкі, якую паказала лукашэнкаўская прапаганда пра Андрэя, знанага эксперта ў галіне бяспекі?

Зміцер Міцкевіч: У гэтым фільме нічога не паказана, што б Андрэй рабіў супрацьпраўнага. Нават паводле лукашысцкіх законаў, якія дзейнічаюць, а хутчэй не дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі, Андрэй нічога незаконнага не рабіў. Якія доказы там прыведзеныя? Ён пісаў аналітыку для замежных аналітычных цэнтраў. Гэта не забаронена. Тое, што ён падаваў і аналізаваў інфармацыю з публічнай прасторы, задаваў пытанні, якія варта задаваць у цяперашняй сітуацыі, апавядаў пра размяшчэнне розных відаў узбраення на тэрыторыі Беларусі, што і так пацвярджаецца Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь. Не бачна нічога супрацьзаконнага. Гэта рэчы, якія можна рабіць.

Гэта самая галоўная маніпуляцыя, калі кажуць, што Андрэй рабіў нешта незаконнае, што маецца складнік нейкай здрады. Гэта самая галоўная хлусня ў гэтай праграме.

Варта сказаць, як гэта зроблена. Падаецца, нібыта Андрэй агаворвае кагосьці. Мы ўсе ведаем, як робіцца тэлевізія. Бачна, што ўсе размовы змантаваныя. Мы не ведаем, ці задаваліся Андрэю тыя пытанні, на якія ён адказваў. Мы не бачым у кадры журналіста. Гэта яшчэ адзін добры паказнік, што ні адзін нават самы лукашысцкі журналіст не захацеў падпісацца пад гэтаю хлуснёй.

Аўтара фільму мы не ведаем. Усе гэтыя твары супрацоўнікаў спецслужбаў заблюраныя. Ёсць толькі афіцыйны прадстаўнік камітэту бяспекі Лукашэнкі. Важна сказаць, што мы не ведаем, на якія пытанні адказваў Андрэй, бо ў нас няма агульнага плану, на якім сядзіць Андрэй, сядзіць журналіст ці прапагандыст і задае пытанні. Мы чуе толькі голас з-за кадру і чуем адказы Андрэя. Незразумела, на што ён адказвае. Незразумела, у чым ён прызнаецца. Незразумела, каго ён мае на ўвазе, калі кажа пра тых ці іншых людзей. Усе рэчы агучваюцца выключна дыктарам. Чалавекам, які ствараў гэты фільм. Няма падставы гаварыць, што нават Андрэй кагось агаварыў. Тое, што ён сказаў, было вельмі характэрна і добра паказвала, што стужка сабраная з кавалкаў.

У назве ключавое слова – «здрада». Ці заўважыў ты ў фактуры відэа нейкія прыкметы здрады? Пісаць аналітыку нават для замежнага дыпламата за ганарар – гэта легальна, гэта не здрада. Ці ёсць там доказы таго, што ён працаваў на замежныя спецслужбы?

Не паказана ніякіх супрацоўнікаў замежных спецслужбаў. Паказаныя людзі, якія працавалі альбо ў дыпламатычным корпусе, альбо якія займаюцца аналітыкаю. Прапагандысты пішуць, што гэта супрацоўнікі замежных спецслужбаў, але ніякіх доказаў гэтаму не далі. Цікавы момант: калі кажуць пра нейкую здраду, то агульна прынятая практыка, што чалавек піша аналітыку для замежных структураў. Нават калі гэта аналітыка закрытага характару. Палітычныя кансультацыі, кансультацыі аб бяспецы – гэта рэчы, якія існуюць вельмі даўно. Лукашысты выкарыстоўваюць банальную маніпуляцыю. Адсутнасць у Беларусі палітычнага поля, адсутнасць нейкіх падставаў у такой кансультацыі падаюць як штосьці нармальнае. Можа, яны самыя думаюць, што гэта нелегальна. Я магу ў гэта паверыць, што яны так думаюць. Яны самыя свайго заканадаўства добра не ведаюць.

Як ты ацэньваеш гэтую аператыўную гульню, якую спецслужбы Лукашэнкі паспрабавалі ініцыяваць з фэйкавай эвакуацыяй Андрэя Паротнікава з тэрыторыі Беларусі з дапамогаю фонду «BYSOL» і Андрэя Стрыжака?

Хочацца апавесці пра сапраўды аператыўную гульню. Толькі прадметам гэтай гульні былі лукашысцкія, калгасныя Джэймзы Бонды. Яны думалі, ніхто не ведае, што Андрэя затрымалі. Хаця ў нас была інфармацыя, што Андрэй затрыманы і застаецца ў руках лукашыстаў. Праз некалькі дзён пачаліся кантакты з ягоных акаўнтаў у сацсетках з асобамі ў Польшчы, Вялікай Брытаніі ды іншых краінах. Пачаліся спробы намацаць нейкія кантакты. Тады на 100 % стала ясна, што звесткі пра затрыманне Андрэя праўдзівыя. Каб зразумець, што нехта яшчэ не ўцягнуты ў гэтую схему з Андрэем і як вядуцца схемы, мы трымалі кантакт з тымі асобамі, на якіх выходзілі кадэбісты ад імя Андрэя. Было ясна, што выцягнуць яго з іхных лапаў, імаверна, не атрымаецца, але весці гульню, каб Андрэй некалькі дзён ці тыдняў правёў на волі ў нармальных умовах, а не на нарах у СІЗА КДБ, ужо было варта. Таксама варта было зразумець, ці хто яшчэ ўцягнуты ў гэтую схему. І калі яны зразумелі, што іх водзяць за нос, яны перасталі выходзіць на сувязь і перасталі адказваць на паведамленні. У нас ёсць званкі Андрэю, калі ён быў у руках камітэтчыкаў. Мы можам паглядзець відэазапіс, зроблены чалавекам, які з’яўляецца ў гэтым фільме. Ёсць запіс размовы Алеся Зарэмбюка з Андрэем, які ўжо затрыманы.

То бок ты, Алесь Зарэмбюк і яшчэ шэраг сяброў ды калегаў у пэўны момант ведалі, што Паротнікаў затрыманы і мусіць дзеяць пад кантролем. І пачалася спроба эвакуяваць яго з тэрыторыі Беларусі, каб спецслужбы Лукашэнкі зразумелі, якім чынам, хто і якімі каналамі арганізоўвае выезд беларусаў, якія ўцякаюць ад пераследу рэжыму за мяжу. Як ты ацэньваеш тую інфармацыю, што зʼяўляецца ў фільме? Ці сапраўды ўдалося КДБ выкрыць гэты канал?

Яны нібыта вялі гэту аперацыю, каб выкрыць канал эвакуацыі людзей з Беларусі. І яны падаюць, што гэты канал быў выкрыты. Мы ведалі, што ён у палоне, і ніхто не збіраўся паліць ніякіх кантактаў і шляхоў. Яны думалі, што палююць на фонд «BYSOL», польскія спецслужбы, выкрываюць магчымыя кантакты. Яны нічога не выкрылі і не маглі выкрыць, бо адбывалася спроба выкрыць, ці яшчэ хтосьці не задзеяны ў гэтай гульні, ці ніхто не пацярпеў. Паспрабаваць высветліць, на каго яны паспелі выйсці на сувязь і ці не паспелі яны нарабіць шкоды іншым дэмакратычным сілам. Адбываліся спробы даведацца, што яны ведаюць, і такім чынам яны былі прадметам гэтай гульні.

Каналу эвакуацыі беларусаў з тэрыторыі Беларусі не выкрылі, ён дзеіць, і можна яшчэ выехаць на Захад у бяспечныя краіны. Калі глядзець на фільм з перспектывы, якую ты апісаў, выглядае толькі як палова поспеху. Тое, што яны затрымалі Андрэя Паротнікава і прымусілі да супрацы, ясна. Канал эвакуацыі працуе. На агентаў заходніх спецслужбаў яны не выйшлі. Доказаў вялікіх сумаў няма. Навошта яны паказалі гэты фільм?

Ім патрэбныя гучныя справы. Андрэй Стрыжак пісаў, што каналы эвакуацыі людзей працягваюць працаваць. Лукашысты, ясна, закручваюць гайкі. Ім трэба паказаць нейкія поспехі, што яны вядуць працу, бо для іх гэта пытанне іміджу. Такімі прымітыўнымі метадамі яны спрабуюць давесці, што яны суперспецслужбы і могуць паставіць сябе на ўзровень польскіх спецслужбаў. Мы бачым, што ў Польшчы адбываюцца затрыманні расейскай агентуры. Лукашыстам таксама хацелася паказаць, што яны кагось затрымалі. Вельмі верагодна, гэта адказ. Яны не могуць зрабіць нечага сурʼёзнага. Яны атакуюць тых, хто законна працаваў, хто не мае на сабе ніякай віны. Яшчэ адзін доказ, што ў Беларусі заставацца небяспечна тым, хто меў нейкія справы з дэмакратычнаю супольнасцю.

Шмат у каго ўзнікае пытанне: чаму Андрэй Паротнікаў не выехаў з Беларусі раней? Калі ён такая вялікая птушка, што супраць яго правялі аперацыю, фільм зрабілі, чаму не выехаў у 2020 годзе?

Ён да канца хацеў заставацца са сваймі людзьмі. Ён шчыра любіць Беларусь. Ён шчыры патрыёт сваёй краіны, і, мне здаецца, гэта ягоны свядомы выбар. Мне здаецца, у гэтым ён бачыць сваю місію.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 01.09.2023

belsat.eu

Стужка навінаў