7 верасня Вярхоўны Суд Беларусі зліквідаваў рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Перспектыва». Пра гэта паведаміў у Facebook кіраўнік арганізацыі Анатоль Шумчанка.
Пра тое, што Міністэрства юстыцыі падало пазоў аб ліквідацыі арганізацыі, стала вядома ў жніўні. 24 жніўня ўдома ў Шумчанкі прайшоў ператрус.
Рашэнне аб ліквідацыі арганізацыі прыняў суддзя Анатоль Церах.
«Перспектыва» аб’ядноўвала прадпрымальнікаў і займалася абаронай іх правоў. Яе заснавалі ў 2002 годзе пасля масавых акцыяў пратэсту прадпрымальнікаў, якія выступалі супраць уціскання іх эканамічных правоў.
Анатоль Шумчанка таксама паведаміў, што падчас онлайн-канферэнцыі ў Берасцейскай вобласці абмяркоўваліся змены ў Падатковы кодэкс Беларусі.
Паводле яго, з 1 студзеня 2022 года плануецца цалкам прыбраць спрошчаную сістэму падаткаабкладання. А яе карыстальнікаў перавядуць на адзіны або на адпрыбытковы падатак.
«З 2023 года адзіны падатак таксама прыбіраюць цалкам! Застанецца з 2023 года толькі адпрыбытковы падатак 13 % мінус выдаткі для тых, у каго сума прыбытку за год не перавысіць 60 000 рублёў. Пры перавышэнні 60 000 рублёў павінны перайсці на адпрыбытковы падатак 18 %», – паведаміў Шумчанка.
МГ belsat.eu