«Twitter» можа падаць пазоў супраць карпарацыі «Meta» за аналагічную праграму «Threads»


Уладальнік «Twitter» Ілан Маск пацвердзіў, што ягоная кампанія можа падаць пазоў супраць карпарацыі «Meta» Марка Цукербэрга, якая 5 ліпеня запусціла аналагічную праграму «Threads». Яе разглядаюць як канкурэнт «Twitter».

Сацыяльная сетка «Threads». Здымак з відэа: BloombergTV / Twitter

«Канкурэнцыя – гэта добра, махлярства – не», – напісаў прадпрымальнік Ілан Маск на сваёй старонцы ў «Twitter» у адказ на паведамленне, што кампанія мае намер падаць у суд на «Meta».

Паводле Маска, пазоў будзе пададзены за сістэматычнае, наўмыснае і незаконнае прысваенне камерцыйнай таямніцы ды інтэлектуальнай уласнасці «Twitter».

Раней партал «Semafor» паведамляў, што ўсяго праз некалькі гадзінаў пасля прэзентацыі новай сацсеткі адвакат «Twitter» Алекс Спіраў напісаў ліст кіраўніку «Meta» Марку Цукербэргу, у якім абвінаваціў кампанію ў перавабліванні работнікаў, якія «мелі і працягваюць мець доступ да камерцыйных сакрэтаў «Twitter» ды іншай вельмі канфідэнцыйнай інфармацыі».

«Twitter» мае намер строга выконваць свае правы інтэлектуальнай уласнасці і патрабуе ад «Meta» зрабіць неадкладныя захады, каб спыніць выкарыстанне якіх-кольвек камерцыйных сакрэтаў «Twitter» ці іншай канфідэнцыйнай інфармацыі», – піша Спіраў у лісце.

Адвакат «Twitter» таксама сцвярджаў, што «Meta» даручыла гэтым работнікам распрацаваць «аналагічную аплікацыю», выкарыстоўваючы базу «Twitter» для паскарэння распрацоўкі канкурэнтнай праграмы.

Дырэктар у сувязях з грамадскасцю «Meta» Эндзі Стоўн у сваю чаргу заявіў, што абвінавачанні «Twitter» беспадстаўныя і ніводны з распрацоўнікаў «Threads» не ёсць былым работнікам «Twitter».

Тым часам Марк Цукербэрг увечары 6 чэрвеня паведаміў, што колькасць рэгістрацыяў у «Threads» дасягнула 30 мільёнаў менш як за 20 гадзінаў пасля запуску.

Эксперты кажуць, што «Threads» можа прыцягнуць карыстальнікаў «Twitter», не задаволеных нядаўнімі зменамі ў платформе. Новая сетка дазваляе карыстальнікам размяшчаць да 500 сімвалаў і мае шмат функцыяў, падобных да «Twitter».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў