Затрыманага ў Менску расейца Маскалёва знайшлі ў жодзінскім СІЗА


Асуджанага ў Расеі за антываенны малюнак дачкі Аляксея Маскалёва, якога затрымалі ў Менску, трымаюць у следчым ізалятары ў Жодзіне. Там ён чакае рашэння аб дэпартацыі. Пра гэта паведаміла выданне «Daily Storm» са спасылкаю на расейскае МЗС.

Аляксей Маскалёў. Крыніца: sotaproject / Telegram

«Станам на 4 красавіка гэтага года ўказаны грамадзянін пераведзены ў СІЗА гораду Жодзіна, дзе чакае рашэння аб дэпартацыі. Мяркуецца, што А. У. Маскалёў будзе перададзены ў Расейскую Федэрацыю для адбывання пакарання на падставе рашэння, раней вынесенага Яфрэмаўскім міжраённым судом Тульскай вобласці», – паведамілі ў МЗС Расеі.

Паводле дыпламатаў, палітвязень не скардзіўся на здароўе, а ўмовы ўтрымання «адпавядаюць патрабаванням нацыянальнага заканадаўства».

28 сакавіка Аляксея Маскалёва прысудзілі да двух гадоў калоніі ў справе аб «дыскрэдытацыі расейскай арміі». Мужчына на судзе не прысутнічаў. Да суда ён быў пад хатнім арыштам, а раніцай 28 сакавіка ўцёк. Уначы з 29 на 30 сакавіка яго затрымалі беларускія сілавікі на кватэры ў Менску.

Справа супраць Аляксея Маскалёва была заведзеная пасля таго, як ягоная дачка намалявала антываенны плакат з выяваю жанчыны з дзіцём, сцягамі Украіны і Расеі ды ракетамі, што ляцяць ва ўкраінскі бок. Настаўніца Марыі расказала пра плакат дырэктарцы школы, тая звярнулася ў паліцыю. У кватэры Маскалёвых адбыўся ператрус.

Паводле пастановы суда, дачку Маскалёва Марыю перадалі пад апеку сацыяльных службаў.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў