Лукашэнка распачаў гульню з Варшавай

Зняцце абвінавачванняў з Анджэлікі Борыс азначае, што рэжым вырашыў не дабіваць зносінаў з Польшчай.

З 2020 года нікому з палітвязняў не ўдавалася выйсці на волю без напісання прашэння аб памілаванні на імя дыктатара. Лідарка рэпрэсаванага рэжымам Саюзу палякаў Анджэліка Борыс правяла год у турме і выйшла на волю ў сакавіку мінулага года. Тады просьбу аб яе вызваленні на імя Лукашэнкі скіравала маці палітычнай зняволенай. Аднак фальшывых абвінавачванняў (у распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці) ніхто не здымаў. Увесь час у дачыненні Анджэлікі Борыс праходзілі гэтак званыя следчыя дзеянні, лідарку польскай меншасці перыядычна выклікалі на допыты. Пасля выраку Анджэю Пачобуту, асуджанаму на 8 гадоў турмы, была вялікая імавернасць таго, што прысуд Борыс таксама будзе вынесены. І пагражала ёй не менш гадоў турмы. Аднак Лукашэнка вырашыў інакш. Усе абвінавачванні знялі і, больш за тое, не прымушалі з’язджаць з краіны, як шматлікіх іншых, ды не накладвалі ніякіх абмежаванняў. Сёння Анджэліка Борыс – свабодны чалавек, можа падарожнічаць і выязджаць за мяжу. Настолькі свабодны, наколькі можна быць свабодным у вялікай турме, у якую Лукашэнка ператварыў Беларусь. Таму былая палітзняволеная і не робіць гучных заяваў і толькі пазначае коратка на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку», што «час сам усё пракаментуе». А час ужо каментуе.

У Беластоку адкрылася выстава, прысвечаная старшыні Саюзу палякаў у Беларусі Анджэліцы Борыс і журналісту Анджэю Пачобуту. Беласток, Польшча. 2 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

Рашэнне Лукашэнкі можа мець некалькі прычынаў. Падзеі апошніх тыдняў багатыя на навіны пра беларускіх шпіёнаў у Польшчы і польскіх – у Беларусі. Раней у Менску і Варшаве інфармавалі пра затрыманні. І можна тэарэтычна разважаць, што бакі прыйшлі да нейкай нефармальнай дамовы. Але гэта канспіралагічная тэорыя, не больш. Хутчэй за ўсё, прычыны былі іншыя. Пагроза поўнага закрыцця мяжы (аб чым усё гучней заяўлялі польскія палітыкі) і спынення гандлёвага чыгуннага шляху была настолькі сурʼёзная, што Лукашэнка вырашыў саступіць. Маўляў, вы не закрылі цалкам мяжы, а я не пасадзіў Борыс. Магчыма, у працэс уключыліся трэція краіны. Той жа Казахстан (а менавіта Назарбаеў) у 2021 годзе ўжо прасіў дыктатара вызваліць беларускіх палякаў. Тады ў Польшчу вывезлі трох актывістак польскай меншасці проста з-пад арышту. Беларуска-польская мяжа важная для краінаў Сярэдняй Азіі. Сварыцца з імі Лукашэнка не хоча, бо для яго гэта адзіныя нерасейскія партнёры, якія яшчэ здымаюць слухаўку. І маюць значна мацнейшыя сувязі ў Кітаі.

Здымаючы абвінавачванні, Лукашэнка нікому нічога не саступае. Польска-беларускія зносіны застаюцца ў беспрэцэдэнтна дрэнным стане, і адзінае, што можна зрабіць, – гэта не пагоршыць іх яшчэ больш. Выглядае на тое, што дыктатар вырашыў не пагаршаць, не абвастраць сітуацыі. І гэта адзіная пазітыўная навіна, якую ён дасылае ў свет за апошнія тры гады.

Але робіць гэта так, каб уласнымі дзеяннямі не занепакоіць «старэйшага брата» ў Маскве. Каб там не падумалі, што Лукашэнка пайшоў на пацяпленне зносінаў з Польшчаю ва ўмовах расейскай вайны супраць Украіны. Хутчэй за ўсё, акурат таму ў той жа дзень кіраўнік КДБ праз дзяржаўныя медыі гучна заявіў пра затрыманне чарговых «польскіх шпіёнаў». Так ці інакш, відавочна, што Лукашэнка распачаў гульню з Польшчай – у апошні магчымы момант.

Артыкулы
«Я не магу прасіць аб памілаванні, бо сын ні ў чым не вінаваты». Як бацькі Анджэя Пачобута чакаюць яго на волі
2021.06.23 20:05

Руслан Шошын belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў