На высокую пасаду ў славацкай паліцыі прызначылі палітыка, які хаваўся ў Беларусі


Падраздзяленне паліцыі Славаччыны, якое займаецца расследаваннямі злачынстваў сілавікоў, узначаліў 3 лістапада Браніслаў Зур’ян, які сам расказаў парламенту, што хаваўся ад крымінальных абвінавачванняў у Нарвегіі і Беларусі.

Былы дырэктар Нацыянальнага крымінальнага агенцтва Славаччыны (упраўлення барацьбы з арганізаванай злачыннасцю) Браніслаў Зур’ян быў прызначаны ўрадам на пасаду кіраўніка Упраўлення інспекцыйнай службы паліцыі Славацкай Рэспублікі, перад прызначэннем прайшло слуханне ў парламенцкім камітэце па абароне.

Зур’яна раней двойчы прыцягвалі да крымінальнай адказнасці паводле падазрэнняў ва ўцечках звестак з паліцыі, але двойчы яго апраўдвала Генеральная пракуратура, а калі ён сышоў са службы ў 2021 годзе, яму выставілі абвінавачванні ў крадзяжы сродкаў паліцыі, гэтыя абвінавачванні таксама знялі.

Зур’ян распавёў, што хаваўся за мяжой, бо яму пагражалі, у тым ліку напісалі на шкле машыны намёк на забойства ў няволі, звязаны з ранейшай таямнічай смерцю кіраўніка паліцыі.

Колішні начальнік славацкай паліцыі Мілан Лучынскі ў 2020 годзе быў узяты пад варту паводле падазрэнняў у карупцыі, быў знойдзены ў камеры павешаным – смерць назвалі самагубствам. У гэта паверылі не ўсе, у тым ліку Зур’ян.

Зур’ян казаў, што менавіта ў сувязі з тым, што на шыбе ягонай машыны напісалі «Мілан чакае цябе», ён выехаў у іншую краіну. Як высветлілася цяпер, ён быў у Беларусі, у тым ліку быў пад допытам у беларускіх сілавікоў, якім распавёў, «якое беззаконне робіцца ў Славаччыне».

Міністр унутраных справаў Славаччыны заявіў, што бярэ на сябе поўную адказнасць за Зур’яна. Апазіцыя ж тым часам непакоіцца, што прызначаны на высокую пасаду чалавек хаваўся ў «краіне-ізгоі», і цікавіцца, ці дадуць яму доступ да сакрэтнай інфармацыі.

Новы ўрад з’явіўся ў Славаччыне па выніках выбараў, што прайшлі ў верасні 2023 года. На гэтых выбарах перамаглі папулісты, якія абяцалі згарнуць вайсковую дапамогу Украіне і хацелі палепшыць стасункі з Расеяй.

Hавiны
Улады Славаччыны хочуць спыніць вайсковую дапамогу Украіне і не ўводзіць санкцыяў супраць Расеі
2023.10.26 16:51

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў