«Тут ты паслужыш сваёй вялікай Расеі». Як русіфікуюць украінскіх дзяцей у Беларусі


Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка апублікаваў на сваім тэлеграм-канале чарговыя доказы злачынстваў рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да вывезеных у Беларусь украінскіх дзяцей. Гэта відэа, на якім праўладны актывіст Аляксей Талай гаворыць хлопчыку з Украіны, як ён паслужыць «сваёй вялікай Расеі».

«Тут ты паслужыш сваёй Радзіме, свайму народу, свайму роднаму Марыупалю, сваёй Данецкай Народнай Рэспубліцы, сваёй вялікай Расеі ў сваёй вялізнай, вялікай і шчаслівай Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расеі, уяўляеш?

Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін і мы разам, увесь наш шматнацыянальны народ, – мы будуем саюзную айчыну ад Берасця да Уладзівастока. І далей! Хтосьці ўжо зараз глядзіць нас, бярэ прыклад і хоча далучыцца», – з такімі словамі звяртаецца да хлопчыка з Марыупалю Аляксей Талай.

Аляксей Талай распавядае ўкраінскаму хлопчыку, як ён «паслужыць сваёй вялікай Расеі». Скрын відэа: Павел Латушка / Telegram

На другім відэа той жа Талай, звяртаючыся да ўкраінскіх дзяцей, прывезеных у Беларусь, гаворыць: «Нашыя шматнацыянальныя рускія людзі». На фоне – сцягі Расеі і так званай ДНР.

У чэрвені 2023 года НАУ перадаў у Міжнародны крымінальны суд у Гаазе доказы ваеннага злачынства Аляксандра Лукашэнкі – незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі. У краіну было незаконна вывезена больш за 2000 украінскіх дзяцей. У дакументах, перададзеных у суд у Гаазе, апрача Лукашэнкі, называюцца іншыя беларускія чыноўнікі, у тым ліку паралімпіец Аляксей Талай і генеральны сакратар беларускага аддзялення Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў.

Збор доказаў аб ваенных злачынствах для прыцягнення вінаватых да адказнасці працягваецца, паведамляе кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Рэпартаж
Святлана Ціханоўская: Мы як ніколі блізкія да таго, што будзе выдадзены ордар на арышт Лукашэнкі
2023.10.03 10:01

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў