Што за пытанні ў анкеце, якую павінны запаўняць беларусы для легалізацыі ў Літве


Для атрымання нацыянальнай візы або віду на жыхарства ў Літве грамадзяне Беларусі і Расеі павінны запоўніць спецыяльны апытальнік. Ад таго, як адкажа чалавек, залежыць рашэнне пра дазвол на побыт у Літве. Выданне «Delfi» апублікавала спіс пытанняў з гэтай анкеты.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: onliner.by

Акрамя базавых пытанняў пра працу і нацыянальнасць, у апытальніку хочуць атрымаць інфармацыю пра службу ў войску, сувязі са спецслужбамі, стаўленне да вайны ва Украіне і пра тое, чый Крым.

Спачатку ў апытальніку просяць падаць звесткі пра сябе: імя і прозвішча, грамадзянства, дата нараджэння, адукацыя і спецыяльнасць, усе месцы працы. Просяць расказаць пра службу ў войску: дзе служыў чалавек і калі, у якой частцы, якое званне атрымаў.

Ёсць пытанні пра кантакты з праваахоўнымі або вайсковымі структурамі ў краінах па-за ЕЗ і NATO, з асобамі, якія там працуюць. Просяць таксама расказаць пра гэтых людзей. Ёсць і пытанне пра судзімасць, а калі яна была, то дзе і калі чалавек адбываў пакаранне, за што яго судзілі.

Пытаюць у анкеце пра цяперашнія і ранейшыя бізнес-сувязі з краінамі, якія не ўваходзяць у склад ЕЗ і NATO: з кампаніямі са сферы вайсковай прамысловасці, з сектарам улады і кіравання; з праваахоўнай сферай і выведкай. Калі такія сувязі былі, то пра іх просяць расказаць падрабязней. Цікавяцца і тым, ці ёсць у чалавека доступ да сакрэтных звестак або сувязі з выведкай: ці даваў інфармацыю і ці выконваў для яе заданні.

Апошнія пытанні тычацца стаўлення да вайны ва Украіне: пытаюцца, ці ўхваляе чалавек ваенныя дзеянні Расеі на тэрыторыі Украіны (варыянты адказу: так ці не). Ёсць пытанне пра тое, каму належыць Крым – Расеі ці Украіне.

Пытанні з анкеты. Крыніца: novayagazeta.ee

У канцы апытальніку рэспандэнт ставіць свой подпіс, пацвярджаючы, што ён падаў поўную і дакладную інфармацыю.

Калі чалавек адмаўляецца запоўніць анкету або не адказвае на ўсе пытанні, то ягоная заяўка на атрыманне візы або віду на жыхарства не прымаецца. Калі чалавек падаў недакладную ці няпоўную інфармацыю, то яму могуць адмовіць у відзе на жыхарства і візе.

Грамадзяне Расеі і Беларусі павінны запаўняць такі апытальнік з канца 2022 года. З таго часу пагрозаю нацыянальнай бяспецы Літвы прызналі 1164 грамадзянаў гэтых краінаў, 910 з іх беларусы. Усім ім забаронены ўезд у Літву.

Усяго, паводле літоўскага Дэпартаменту міграцыі, са студзеня да ліпеня 2023 года пасведчанне на права жыхарства ў Літве атрымалі 19 477 беларусаў і 2384 расейцы.

Разбор
Беларусам з ВНЖ у Літве рассылаюць анкеты з пытаннямі пра вайну і Крым. За адмову адказваць могуць дэпартаваць
2023.04.27 10:00

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў