Полк Каліноўскага: абстрэлаў Украіны з тэрыторыі Беларусі не было


Вечарам 5 жніўня прадстаўнікі палка Каліноўскага зрабілі заяву адносна інфармацыі пра абстрэлы Украіны з тэрыторыі Беларусі. Паводле іхных дадзеных, такіх абстрэлаў не вялося.

Камандзір палка Каліноўскага Дзяніс Кіт робіць заяву аб тым, што запускаў ракет па Украіне з тэрыторыі Беларусі не было. Скрыншот з відэа: Полк Каліноўскага / Telegram

«Паважаныя беларусы, – гаворыць у заяве камандзір палка Каліноўскага Дзяніс Кіт, – сёння ўвечары ў сетцы распаўсюджвалася інфармацыя пра тое, што з тэрыторыі Беларусі быў нанесены ракетны ўдар па тэрыторыі Украіны. Афіцыйна заяўляю: згодна з інфармацыяй, якой мы дакладна валодаем, ніякіх атак з боку Беларусі не адбылося. Гэта чарговая спроба Расеі ўцягнуць рэжым Лукашэнкі ў поўнамаштабную вайну. Беларусь знаходзіцца пад вайсковай акупацыяй Расеі, а Пуцін прайграе ў вайне, якую сам і распачаў. Маніпулюючы страхам беларускага дыктатара, ён чарговы раз спрабуе зрабіць беларусаў саўдзельнікамі злачынства супраць чалавечнасці».

Таксама Дзяніс Кіт звярнуўся да ўсіх беларусаў і ў тым ліку да беларускіх вайскоўцаў з заклікам не выконваць злачынных загадаў, якія Лукашэнку дасылае Крэмль, не аддаваць жыцці за ўладу шалёнага дыктатара і не даць сябе падмануць.

Нагадаем, што 5 жніўня Паветраныя сілы Украіны паведамілі аб тым, што з тэрыторыі Беларусі былі запушчаныя ракеты ў бок Вінніцкай, Хмяльніцкай і Жытомірскай вобласцяў Украіны.

Згодна з інфармацыяй прадстаўніка Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Андрэя Юсава, Расея магла імітаваць пускі ракет з Беларусі, выкарыстоўваючы сродкі радыёэлектроннай барацьбы, каб уцягнуць яе ў вайну.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў