Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Рыме з міністрам замежных справаў Італіі Антоньё Таяні


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская 5 ліпеня прыбыла з візітам у італьянскую сталіцу. У чацвер 6 ліпеня яна сустрэлася з віцэ-прэм’ерам і міністрам замежных справаў Італіі Антоньё Таяні, паведамляе прэс-служба Офісу Святланы Ціханоўскай.

Святлана Ціханоўская сустрэлася з віцэ-прэм’ерам і міністрам замежных справаў Італіі Антоньё Таяні.
Фота: Прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Як паведамляе прэс-служба Святланы Ціханоўскай, падчас сустрэчы з Антоньё Таяні абмяркоўвалася размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі і рэакцыя на гэта Захаду, сітуацыя з палітзняволенымі ў Беларусі. Святлана Ціханоўская казала пра неабходнасць міжнароднага ціску, каб дамагчыся вызвалення палітвязняў.

Вялася таксама гаворка пра дапамогу грамадзянскай супольнасці і незалежным медыям.

Паміж іншага, міністр замежных справаў Італіі паінфармаваў беларускую лідарку, што Італія не будзе пасылаць у Менск свайго амбасадара і зменшыць дыпламатычную прысутнасць да ўзроўню паверанага.

Антоньё Таяні заявіў, што Італія гатовая падтрымаць расследаванне фактаў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь і саўдзел лукашэнкаўскага рэжыму ў гэтых злачынствах. Міністр запэўніў, што ў Італіі працягнуць выдаваць візы беларусам і стыпендыі беларускім студэнтам, а таксама – прымаць дзяцей з рэпрэсаваных сем’яў для аздараўлення.

Падчас сустрэчы Святлана Ціханоўская сустрэлася з віцэ-прэм’ерам і міністрам замежных справаў Італіі Антоньё Таяні.
Фота: Прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Як паведамляе прэс-служба абранай прэзідэнткі Беларусі, Святлана Ціханоўская папрасіла Італію аказаць дапамогу беларускім добраахвотнікам ва Украіне і падтрымаць беларускія культурныя ініцыятывы, «якія ўмацоўваюць беларускую ідэнтычнасць». Яна прапанавала замарожаныя актывы звязаных з рэжымам людзей (Італія на гэтым тыдні замарозіла актывы памагатых Аляксандра Лукашэнкі) перадаць на падтрымку беларускіх палітвязняў.

«Ціханоўская звярнула ўвагу, што група Вагнэра прызнаная крымінальнай і тэрарыстычнай групоўкай, і прапанавала прызнаць рэжым Лукашэнкі спонсарам тэрарызму», – гаворыцца ў прэс-рэлізе Офісу Святланы Ціханоўскай.

Святлана Ціханоўская наведвае Рым на запрашэнне міністра замежных справаў і парламенту Італіі. 5 ліпеня яна выступала ў італьянскім Сенаце.

Hавiны
Пакуль існуе рэжым, Беларусь будзе ўсё глыбей пагружацца ў балота расейскай акупацыі
2023.07.05 21:21

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў