Затрыманы падазраваны ў падрыве аўтамабіля Захара Прылепіна


У Ніжагародскай вобласці ў Расеі быў затрыманы мужчына, якога падазраюць у падрыве аўтамабіля пісьменніка Захара Прылепіна, што ваяваў супраць Украіны, паведамляе агенцыя РИА Новости са спасылкай на МУС РФ.

Аўтамабіль Захара Прылепіна пасля падрыву.
Фота: Следчы камітэт РФ

Агенцыя ТАСС паведамляе, што затрыманы 1993 году нараджэння, мае судзімасць, ураджэнец Украіны.

Следчы камітэт РФ паведаміў, што па факце падрыву была ўзбуджаная крымінальная справа паводле артыкулу аб тэракце. Следчыя цэнтральнага апарату СК накіраваліся на месца выбуху.

Аўтамабіль Audi Q7, у якім ехаў расейскі пісьменнік і адзін з кіраўнікоў партыі «Справядлівая Расея» Захар Прылепін, узарвалі 6 траўня ў Борскім раёне Ніжагародскай вобласці. Пісьменнік атрымаў раненні – у яго страсенне мозгу, цяжкая спалучаная траўма, кантузія абодвух лёгкіх, мінна-выбуховае раненне і шматлікія пераломы ды ўдары. Прапагандыст нібыта паступіў у больніцу ў свядомасці, яму робяцца аперацыі, паведамляе расейскі тэлеканал «РЕН ТВ».

«Вельмі сур’ёзныя траўмы. Эвакуацыі ў Маскву пакуль не падлягае. Усё вырашыцца на працягу сутак», – піша выданне Brief са спасылкай на крыніцу ў структуры аховы здароўя Ніжагародскай вобласці.

Кіроўца аўтамабілю загінуў. У прэс-службе Прылепіна паведамілі, што загінулы – супрацоўнік батальёну «Оплот» Росгвардзіі Аляксандр Шубін з пазыўным «Злой». Блогер Сямён Пегаў сцвярджае, што Шубін быў адным з 33 «вагнэраўцаў», якіх затрымлівалі ў Беларусі ў 2020 годзе.

Адказнасць за падрыў аўтамабіля ўзялі на сябе сябры руху «Атэш». Яшчэ ў студзені яны паведамлялі аб намерах «ліквідаваць Прылепіна». Сябе «Атэш» называе як «ваенны рух украінцаў і крымскіх татараў». Пацвярджэння датычнасці руху да выбуху аўтамабіля з Прылепіным ад расейскіх сілавых ведамстваў не было.

Абноўлена
Пад Ніжнім Ноўгарадам узарвалі аўтамабіль з пісьменнікам Захарам Прылепіным
2023.05.06 13:50

Былы дэпутат Дзярждумы РФ Ілля Панамароў заявіў тэлеграм-каналу Sota, што выбух здзейсніла «Нацыянальнае рэспубліканскае войска». Раней гэтая арганізацыя брала на сябе адказнасць за тэракты, у выніку якіх загінулі прапагандыст Уладлен Татарскі і Дар’я Дугіна, дачка філосафа Аляксандра Дугіна.

Прылепін публічна падтрымліваў вайну Расеі супраць Украіны з 2014 года. Сёлета ў студзені яго прэс-служба паведаміла, што ён падпісаў кантракт з Расгвардыяй і зʼехаў ваяваць ва Украіну. Раней, у лютым 2017 года Прылепін быў намеснікам камандзіра батальёна ў «ДНР». Таксама быў дарадцам кіраўніка «ДНР» Аляксандра Захарчанкі, які памёр ад узрыву ў 2018 годзе.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў