«Каты не маюць нацыянальнасці». Схадзілі ў госці да ўладальніцы брэнду «Catelie» Дар'і Тышкевіч


З заснавальніцай брэнду «Catelie» Дар’яй Тышкевіч мы пазнаёміліся на канферэнцыі «Craft Day» у Варшаве напрыканцы красавіка 2023 года. На сустрэчы беларуска дзялілася досведам вядзення свайго бізнесу – стварэння «густоўнай мэблі для котак і катоў». Навошта катам мэбля і ці робіць катафікацыя дому яго больш утульным і чалавечным – пра гэта размаўляем з Дарʼяй праз некалькі тыдняў у ейнай утульнай кватэры ў цэнтры Варшавы.

Дар’я Тышкевіч. Варшава, Польшча. 1 траўня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Гаспадыня сустракае нас цёплай усмешкай і духмянай гарбатай. Папярэджвае, што маем не больш за гадзіну. Знаёміць з мужам Гжэсем (поціск рукі) і сынам Тэадорам (праніклівы позірк анёла), які зʼявіўся на свет усяго тры месяцы таму. Цяпер акурат ён – валадар вольнага часу мамы і таты. Нарадзіўся, дарэчы, калі верыць кітайцам, у год Ката.

На пачатку быў Кот

Яшчэ аднаго чальца сямʼі – коткі Хрупкі – не відаць. Дарʼя тлумачыць, што да чужых котка ставіцца з вялікай асцярогай і, хутчэй за ўсё, не выйдзе са свайго сховішча.

Але менавіта з яе, Хрупкі, усё і пачалося.

«Гэта прагучыць дзіўна, але я не любіла раней катоў. Нават не зносіла іх, бо лічыла іх эгаістамі і занадта наравістымі стварэннямі. Яны мяне драпалі, шыпелі на мяне і не давалі сябе пагладзіць. Мяне гэта заўсёды раздражняла, бо ну як гэта: ты ж хатняя жывёліна – і цябе трэба гладзіць! З сабакамі было прасцей. Я была ўпэўненая, што я ўшчэнт сабачніца», – кажа Дарʼя Тышкевіч.

Думала так аж да моманту, пакуль не спаткала сапраўднага ката – Ката з вялікай літары, як зазначае Дар’я. Здарылася гэта ў Беларусі, куды Дар’я паехала, каб «аднавіцца ў пераломны перыяд свайго жыцця». Гасцявала ў дзядзі з цёцяй, з якімі і жыве той самы кот. Сваёй энергетыкай ён дапамог нашай гераіні пераадолець душэўны крызіс і паказаў ёй, «што з катамі можа быць цікава».

«Тады нешта ўва мне памянялася. Я зразумела, што, чорт, я хачу ката. І з таго часу ў думках адпраўляла ў космас вібрацыі: я хачу ката, я хачу ката…» – усміхаецца Дар’я.

Праблема была хіба ў тым, што Гжэсь, тады яшчэ жаніх Дарʼі, быў катэгарычна супраць таго, каб заводзіць ката. Але «вібрацыі ў космас» былі пачутыя. У 2017 годзе да кветкавай крамы, дзе працавала ў якасці фларысткі беларуска, прыбілася безабароннае запалоханае кацяня. Злавіць яго было цяжка. Малако ў сподку котка ігнаравала, «і цяпер малака не пʼе». Калі б не выпадковая міначка, якая вярталася дадому, купіўшы корм для ўласных гадаванцаў, кацяня б у той дзень не знайшло свайго дому і сямʼі.

Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Цяпер яна – Хрупка. Такое імя даў ёй Гжэсь, які паддаўся на ўгаворы будучай жонкі (вяселле было зусім блізка). Насіў котку да ветэрынара і даглядаў яе, пакуль Дарʼя ездзіла ў Беларусь па вясельную сукенку.

«І цяпер я лічу, што яна – ягоная котка. Яна яго любіць больш. Прыходзіць да яго заўсёды і адчувае з ім бяспеку і спакой. Са мной яна любіць проста актыўна бавіць час», – распавядае Дарʼя.

Кот павінен быць на вышыні

Гжэсь – варшаўскі вясельны дыджэй. Мажны, моцны, барадаты. Носіць на руках немаўля. Тэадор маўчыць: у татавых абдымках – прытульна і бяспечна. Падаецца, прыслухоўваецца да нашай размовы.

«Нашая котка мае далікатную натуру, была вельмі баязлівая. Я бачыла, што ёй цяжка, і хацела неяк дапамагчы асвоіцца і жыць без стрэсу. Таму пачала вывучаць псіхалогію катоў, чытаць кніжкі. І прачытала, што вельмі важна ствараць дадатковыя паверхні на сцяне. Таму што на вышыні кот адчувае сябе больш бяспечна, можа паляваць і назіраць за наваколлем. Бо гэта ў іх натуры: каты маюць 96 % агульнага геному з тыграмі», – расказвае ўладальніца брэнду «Catelie».

Самая першая палічка («паліца з дзіркай»), каб сацыялізаваць Хрупку, была зробленая ў 2020 годзе. «Вось гэтая», – паказвае на сцяну за нашымі спінамі Дарʼя. Толькі цяпер заўважаем паліцу. Пры ўсёй сваёй функцыянальнасці яна вельмі гарманічна ўпісваецца ў інтэрʼер. На іншай сцяне – яшчэ адна палічка, больш вытанчанай і складанай формы. Хрупка на іх сядзіць, ляжыць, бавіцца і спіць (ляжак для коткі прымацаваны на сцяне ў іншым пакоі).

Першую палічку зрабіў бацька Гжэся, які таксама спачатку скептычна паставіўся да прысутнасці Хрупкі ў кватэры і да ідэі рабіць паліцы для катоў на продаж. Але захапіўся справай і палюбіў котку. Усе прататыпы мэблі для катоў былі створаныя ягонымі рукамі ў майстэрні. І робяцца дагэтуль. Гэта стала ягоным хобі і аддушынай. Паліцы, створаныя свёкрам Дарʼі, прыйшліся даспадобы Хрупцы ды іншым варшаўскім катам.

«Мне падаецца, што я ўсё жыццё насіла ў галаве ідэю ўласнага бізнесу. Але было страшна займацца чымсьці, што мела вялікую канкурэнцыю. Таму я ўсе гэтыя гады чакала нішы, якая будзе амаль пустая. І калі ўбачыла патэнцыял – схапілася за ідэю мэблі для котак і катоў», – тлумачыць Дарʼя.

Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Вучыць Дарʼю тэарэтычным ведам было не трэба. Пасля адʼезду з Беларусі 13 гадоў таму яна год правучылася ў прыватнай школе, потым скончыла Варшаўскі ўніверсітэт (спецыяльнасць «Агульнае кіраванне»), а пасля – Галоўную гандлёвую школу ў Варшаве паводле спецыяльнасці «Маркетынг». Практычнымі ведамі дзяліўся муж, у якога ўжо быў досвед вядзення бізнесу. Усё рабілася пісьменна. Так і паўстала «Catelie», якое вядоўца канферэнцыі «Craft Day» Сяргей Панфілаў ставіў у прыклад іншым як рамесніцкае прадпрыемства «з разумным і дарослым падыходам».

Грошы і канкурэнцыя

Дарʼя распавядае, што на старце ўклала ўласныя сродкі толькі на матэрыял для першых прататыпаў, бо скарысталася магчымасцю ўзяць дзяржаўнае дафінансаванне бізнесу ва Управе працы ў Варшаве. Дар’я атрымала ад дзяржавы 16 тыс. злотых (4 тыс. еўраў у 2021 годзе). Гэтыя грошы, паводле ўмоваў кантракту, вяртаць не трэба (але іх выкарыстанне можа кантралявацца).

«Хіба ў Варшаве сапраўды не было канкурэнтаў у тваёй справе?» – запытваемся.

«Па вялікім рахунку – не. Ёсць некалькі вытворцаў, якія робяць чыста функцыянальныя палічкі для катоў. Яны нармальныя, бюджэтныя, але не вельмі прыгожыя. І не было рашэння для людзей, якія хочуць мець у кватэры нешта эстэтычнае і густоўнае. Яшчэ адна фірма вырабляе лежакі для катоў. Але толькі іх – і ўсё. А так, каб кот мог палазіць, пазабірацца, пабегаць, паскакаць – не. І я гэтую нішу заняла», – кажа Дарʼя.

Але заўважае, што ніша цяпер актыўна развіваецца, бо людзі пачалі больш клапаціцца аб сваіх улюбёнцах і ўкладаць у іх больш грошай. На гэта, як мяркуе Дарʼя, паўплывала пандэмія.

«Калі людзі на доўгі час зачыняліся ў дамах падчас каранціну са сваімі катамі і сабакамі, то ў іх, натуральна, зʼяўлялася жаданне зрабіць нешта прыемнае для сваіх пухнатых сяброў. Бо яны зблізіліся. Вельмі папулярныя цяпер і зоапсіхолагі. Людзі перастаюць тыкаць ката носам у тапак, куды ён пасікаў, і выклікаюць спецыяліста, каб развязаць праблему комплексна», – працягвае Дарʼя Тышкевіч.

Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Кажа, што на рынку зʼявілася шмат ручных вырабаў, прызначаных для хатняй жывёлы, але палічак «Catelie» яшчэ ніхто не паўтарыў і ідэі не скраў. Рабіць жа патэнт на сваю прадукцыю лічыць бессэнсоўнай справай, бо любая змена вугла ці выгіну полкі выводзіць выраб па-за межы ахоўнага дакументу.

Мэбля для катоў Дар’і Тышкевіч каштуе ад 100 да амаль 500 злотых (каля 110 еўраў). Цана залежыць ад памераў і формы. Паліцы робяцца з гнуткай фанеры шляхам склейвання пад прэсам. Галоўныя спажыўцы – польскія каты, дакладней іхныя гаспадары, «замовы ідуць з усёй краіны». Беларусы, якіх у Польшчы, паводле некаторых падлікаў, ужо каля 250 тысячаў, мэблі для катоў і котак у сваёй суайчынніцы не замаўляюць, хоць шмат хто з іх прыехаў у Польшчу са сваімі гадаванцамі. Прычына навідавоку: беларусы ў чужой краіне і не маюць дому.

«Беларусы, вымушаныя пакінуць радзіму, правільна робяць, што забіраюць катоў з сабой. Так, каты вельмі тэрытарыяльныя жывёліны, пераезд ім даецца цяжка. Але стрэс з прычыны расстання з гаспадаром куды страшнейшы, чым змена тэрыторыі. Нельга іх пакідаць. Гэта ўсё роўна, што зʼехаць без дзіцяці», – лічыць Дарʼя Тышкевіч.

Кот і Дом

«Кот сам па сабе – носьбіт ідэі дому і можа зрабіць свойскай любую чужую прастору, так?» – задаём пытанне.

«Залежыць ад таго, успрымаеш ты яго як чальца сямʼі ці не. Я думаю, што там, дзе сямʼя, тамака і дом. Таму калі ты перавозіш ката, як плюшавую цацку, то ён і будзе дэкарацыяй, не больш. А калі ён сямʼя, то, вядома, дапаможа стварыць новы дом», – адказвае Дарʼя.

Жанчына пазірае на Гжэся, які нешта ціхенька спявае Тэадору па-польску (сямейны дыджэй). Цёпла ўсміхаецца ім. Два месяцы таму Дарʼя паведаміла кліентам сямейнага бізнесу, што ставіць продажы на паўзу ў сувязі «з вялікімі зменамі ў жыцці пасля 9 месяцаў чакання». Выказвае спадзяванні, што паўза не будзе працяглай.

Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Цяпер Дарʼя мае падвойнае прозвішча – Тышкевіч-Ратыньска. Ад радавога шляхетнага прозвішча, шанаванага і палякамі, і беларусамі, не адмовілася. І хоць мае ўжо польскае грамадзянства, адчувае сябе беларускай. Прызнаецца, што з вялікім болем перажывала падзеі 2020 года.

«Сядзела і рыдала, гледзячы на тое, што адбываецца з краінай. Спачатку – ад страху, потым – з гонару, пасля – зноў ад страху. Наўпрост мяне гэта не закранула. Але ўскосна, мне здаецца, гэта закранула ўсіх нас, беларусаў. І сэрца разбілася…» – гаворыць Дарʼя.

Папярэднюю паўзу ў бізнесе рабіла пасля пачатку вайны ва Украіне, бо «немагчыма было працаваць». Дапамагала знайсці прытулак у Польшчы ўкраінскім уцекачам. А таксама іхным коткам і катам. Было страшна і цяжка. Але жыццё працягвалася…

«А каты маюць нацыянальнасць, як думаеш?» – пытаемся жартам. «Цяжкае пытанне, – смяецца Дар’я. – Думаю, не. Але кот пераймае навыкі свайго гаспадара, у тым ліку нейкія культурныя звычкі і рысы…»

Апошні глыток гарбаты – і ідзём шукаць Хрупку. Котка хаваецца ў кабінеце гаспадыні. Усім сваім целам выказвае недавер да нас. З пагардай адводзіць вочы – пазіраваць на камеру не збіраецца.

Дарʼя кажа, што зʼяўленне ў доме новага чалавечка Хрупка ўспрыняла вельмі спакойна – прыняла як свайго, як кацяня. Прыняла ў сваю сямʼю. А мы – чужыя. Хоць добрыя і бяспечныя. Таму недзе праз пяць хвілінаў пасля «прымусовай» фотасесіі Хрупка выходзіць у гасцёўню, заскоквае на крэсла і кладзе дзве лапы на кухонны стол. Паспяваем зрабіць апошні кадр і спрабуем злавіць анёльскі позірк немаўляці, але Тэа ўжо мірна пасапвае на руках у мамы…

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў