Вырак экс-кандыдату ў прэзідэнты Беларусі Андрэю Дзмітрыеву: 1,5 года калоніі


У судзе над экс-кандыдатам у прэзідэнты Андрэем Дзмітрыевым агучылі прысуд. Пра гэта паведамляе «Вясна».

Андрэй Дзмітрыеў у судзе.
Фота: «Вясна» / Telegram / viasna96

6 красавіка ў судзе Маскоўскага раёну Менску завяршыўся разгляд крымінальнай справы экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Дзмітрыева. Яго пакаралі 1,5 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі. Прысуд вынесла суддзя Кацярына Мурашка.

Раней у судзе пракурор патрабаваў для палітыка два гады пазбаўлення волі. Дзмітрыева прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Згодна з абвінавачаннем, палітык удзельнічаў у трох несанкцыянаваных маршах, выходзіў на праезную частку і блакаваў рух транспарту.

Адбываць пакаранне ён будзе ў калоніі агульнага рэжыму. У тэрмін пакарання залічаць тэрмін утрымання пад вартай: з 11 студзеня 2023 года да дня ўступлення прысуду ў законную сілу: адзін дзень утрымання пад вартай будзе залічвацца як паўтара дня пазбаўлення волі.

Разгляд крымінальнай справы пачаўся 5 красавіка і прайшоў даволі хутка. У судзе сустаршыня «Гавары праўду» прызнаў, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах, але падкрэсліў, што віны за гэты не адчувае.

Андрэй Дзмітрыеў быў кандыдатам на прэзідэнцтва на выбарах 2020 года. Калі пачаліся паслявыбарчыя рэпрэсіі, палітык не з’ехаў за мяжу. Затрымалі яго 11 студзеня 2023 года. 6 лютага яго прызналі палітвязнем.

Гісторыі
«Ён добра разумеў рызыку, але заставаўся ў Беларусі». Хто такі Андрэй Дзмітрыеў, якога пачынаюць судзіць у Менску
2023.04.05 12:49

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў