У Менску пачалі судзіць 18 чалавек за спробу падпаліць дом дэпутата Алега Гайдукевіча


У Менскім гарадскім судзе 6 сакавіка пачынаецца суд у крымінальнай справе за спробу падпаліць дом дэпутата Алега Гайдукевіча ў чэрвені 2021 года. Працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме, паведамляюць праваабаронцы. 

Суд за спробу падпаліць дом Алега Гайдукевіча.
Фота: БелТА

Усяго ў справе праходзяць 18 абвінавачваных. Сярод іх – сям’я з Барысава: муж і жонка Віталь і Вольга Вайцяховічы, іхны сын Уладзіслаў і ягоная жонка Настасся. Нібыта яны спрабавалі падпаліць дом Алега Гайдукевіча і машыну суддзі. Таксама на лаве падсудных – Вольга Петух, Сяргей Лісоўскі, Аляксей Міхайлаў, Дзмітрый Невяркевіч, Эдуард Пястрак, Мікалай Рой, Уладзімір Савянкоў, Сяргей Сакалоў, Дзяніс Філончык, Павел Чыхінскі і Пётр Юркевіч. Яны ўтрымліваюцца пад вартай.

Таксама завочна будуць судзіць палітыка і экс-рэстаратара Вадзіма Пракоп’ева і двух былых сілавікоў – Ігара Чамякіна і Дзяніса Хаміцэвіча. Усе трое цяпер за мяжой і аб’яўленыя ў міжнародны вышук, адносна іх вялося следства ў межах спецыяльнай вытворчасці.

Справу паводле 14 артыкулаў Крымінальнага кодэксу будзе разглядаць Сяргей Хрыпач. У залежнасці ад ролі кожнага абвінавачваюць паводле наступных артыкулаў:

  • ч. 1 і 2 арт. 357 («Змова ці іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтаю захапіць дзяржаўную ўладу»);
  • ч. 1 арт. 359 («Акт тэрарызму адносна дзяржаўнага або грамадскага дзеяча»);
  • ч. 2 і 3 арт. 289 («Акт тэрарызму»);
  • арт. 364 («Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў»);
  • ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»);
  • ч. 1, 2, 3 арт. 295-3 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні прадметаў, дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў»);
  • ч. 1 і 3 арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім»);
  • ч. 2, 3 і 4 арт. 295 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў»);
  • ч. 1 і 2 арт. 333-1 («Незаконнае перамяшчэнне праз дзяржаўную мяжу Беларусі агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, а таксама іншых відаў узбраення і вайсковай тэхнікі»);
  • ч. 3 арт. 424 («Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі»);
  • ч. 2 арт. 406 («Неданясенне пра злачынства»);
  • ч. 3 арт. 425 («Бяздзейнасць службовай асобы»);
  • ч. 1 арт. 361-3 («Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеянняў»);
  • ч. 2 арт. 243 («Ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў»).
Суд за спробу падпаліць дом Алега Гайдукевіча. У цэнтры – Вольга Петух.
Фота: БелТА
Суд за спробу падпаліць дом Алега Гайдукевіча.
Фота: БелТА

У чэрвені 2021 года лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч заявіў, быццам ягоны дом хацелі падпаліць. У ноч на 11 ліпеня 2021 года невядомыя кінулі ў ягоны дом тры бутэлькі з запальнаю сумессю, з якіх загарэлася толькі адна. У выніку інцыдэнту ніхто не пацярпеў, акрамя ката – у яго абгарэў нос.

Алег Гайдукевіч каля свайго дому. Крыніца: СТВ

Пасля гэтага КДБ узбудзіў крымінальную справу паводле артыкулу 289 КК аб акце тэрарызму, што прадугледжвае пакаранне да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў