ISW: Украіна часткова адводзіць войскі з Бахмуту


Збройныя сілы Украіны, верагодна, праводзяць абмежаваны тактычны адвод войскаў на самым гарачым участку фронту ў Бахмуце. Аднак пакуль рана ацэньваць намеры ўкраінскага боку адносна поўнага сыходу з гораду, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Украінскі танк на вуліцы Бахмуту, Данецкая вобласць, Украіна. 17 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Аналітыкі ISW адзначаюць: нядаўнія разбурэнні мастоў у паўночна-ўсходняй частцы Бахмуту могуць сведчыць, што ўкраінскае войска пакідае пазіцыі на ўсходнім беразе ракі Бахмуткі.

Аднак адзначаецца, што інфармацыя пра баі ў Бахмуце паступае супярэчлівая. З аднаго боку, расейскія вайсковыя карэспандэнты і блогеры сцвярджаюць, што расейскія войскі занялі ўсходнюю, паўночную і паўднёвую часткі гораду. Аднак праверыць гэта пакуль немагчыма. Дакладна вядома толькі пра захоп сіламі ЧВК Вагнэра чыгуначнай станцыі Ступкі на поўначы гораду.

Цэнтр пакуль застаецца пад кантролем ЗСУ, паведаміў украінскі вайсковец аднаму з выданняў.

Абарона Бахмуту застаецца стратэгічна абгрунтаванаю. ЗСУ, хутчэй за ўсё, будуць працягваць трымаць абарону, каб знемагчы рэсурсы суперніка. Найбольш верагодна, што ўкраінскія войскі будуць адыходзіць паступова, працягваючы баі ў межах гораду – такія баявыя дзеянні больш выгадныя боку, што абараняецца, паведамляе ISW.

Мяркуюць, што як бы ні завяршылася бітва за Бахмут, расейцы, верагодна, будуць мець цяжкасці пры новых наступальных аперацыях у наступныя некалькі месяцаў. У любым выпадку для ўкраінскага боку мае сэнс працягваць абараняць Бахмут, зазначаецца ў зводцы ISW.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў