Чатыры эшалоны за содні. Вайсковую тэхніку і вайскоўцаў з Расеі звозяць у Беларусь


За дзень у Беларусь з РФ прыбылі чатыры эшалоны з тэхнікай Узброеных сілаў Расейскай Федэрацыі. Аб гэтым паведамляе маніторынгавая група «Беларускі Гаюн». Беларускае Міністэрства абароны тым часам публікуе рэпартажы пра сустрэчы з хлебам-соллю.

Расейская вайсковая тэхніка прыбывае ў Беларусь. 6 студзеня 2023 года. Станцыя «Палонка», Баранавіцкі раён, Беларусь.
Фота: Міністэрства абароны Беларусі / Telegram / modmilby

Паводле «Беларускага Гаюна», тры эшалоны з Расеі прыбылі 6 студзеня на станцыі Беларускай чыгункі Палонка ў Баранавіцкім раёне, Слонім і  Баранавічы.

Пры гэтым эшалон у Палонку прывёз каля 30 вагонаў-платформаў з колавай тэхнікай, 4 крытыя вагоны і 2 пасажырскія вагоны з асабовым складам. Сярод тэхнікі заўважаныя: «Уралы», КамАЗы, БТРы, бензавозы. Эшалон у Слонім даставіў прыблізна 27 вагонаў-платформаў з колавай і гусенічнай тэхнікай. У Баранавічы эшалон прывёз каля 43 адзінак вайсковай тэхнікі, сярод якой апроч грузавікоў, заўважаныя бензавозы, зенітныя ўстаноўкі, палявыя кухні і бочкі для вады. На тэхніцы знакі «Z».

Высветлена, што цягнік на станцыю Палонка прыбыў з чыгуначнай станцыі Кантэміраўка (Варонежская вобласць Расеі), якая месціцца амаль што на мяжы з Луганскай вобласцю Украіны. Маніторынгавая група адзначае, што за 60 км ад Кантэміраўкі ў горадзе Багучар Варонежскай вобласці дыслакуюцца 262-я база захоўвання і рамонту вайсковай тэхнікі (танкавая), а таксама 1 асобная танкавая брыгада (створаная ў 2015 годзе).

«Можна меркаваць, што Расея: 1) Перакідае частку сваіх падраздзяленняў ад мяжы з Украінай у РБ; 2) Ці гаворка ідзе пра перакідванне іншых падраздзяленняў УС РФ на тэрыторыю РБ», – гаворыцца ў паведамленні.

У сваю чаргу, «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» паведамляе што ўначы 6 студзеня ў Беларусь прыбыў яшчэ адзін – чацвёрты – цягнік з Расеі, які ажыццяўляе перавозкі ў інтарэсах Міністэрства абароны. У гэтым спецыяльным цягніку каля 15 пасажырскіх вагонаў, якія маглі перавозіць каля 800 чалавек расейскіх вайскоўцаў.

Тым часам тэлеграм-канал беларускага Міністэрства абароны публікуе кадры сустрэчы расейскіх вайскоўцаў з хлебам і соллю:

Нагадаем, што 5 студзеня беларускае Міністэрства абароны заявіла аб тым, што Беларусь і Расея працягваюць павялічваць рэгіянальную групоўку войскаў і нарошчванне сілаў вядзецца дзеля абароны.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў