Інфармацыйныя атакі, раскол насельніцтва, подкуп эліт. Як Расея будзе змагацца з русафобіяй за мяжой


4 снежня з’явілася заява Уладзіміра Пуціна аб тым, што Расея будзе прымаць «сістэмныя меры», каб рэагаваць на праявы русафобіі ў іншых краінах. Асабліва ён перасцярог кіраўніцтва Латвіі. Пра што сведчаць заявы расейскага прэзідэнта і як могуць выглядаць меры рэагавання? Спыталі ў палітолага Андрэя Ягорава.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі ўдзельнічаюць у прарасейскай акцыі пратэсту на фоне вайны ва Украіне ў Франкфурце-на-Майне, Нямеччына. 10 красавіка 2022 года.
Фота: Yann Schreiber / AFP / East News

Пра што гаворка

Такую заяву Уладзімір Пуцін зрабіў 4 снежня на сустрэчы з чальцамі Савету ў правах чалавека Расейскай Федэрацыі. Ён адзначыў, што супольна з радай, МЗС і расейскім урадам будуць распрацаваныя «сістэмныя меры» і прынятае рашэнне адносна таго, як рэагаваць на выпадкі русафобіі і дыскрымінацыі грамадзянаў РФ, якія жывуць у іншых краінах.

Пуцін адзначыў, што тое, з чым сутыкаецца Расея, патрабуе «карэктавання ў дачыненнях з гэтымі краінамі».

«Не думаю, што шчасце прыйдзе ў дом да тых, хто праводзіць такую [русафобскую] палітыку», – падкрэсліў Уладзімір Пуцін.

Пры гэтым расейскі прэзідэнт звярнуў увагу на Латвію і папярэдзіў кіраўніцтва гэтай краіны аб тым, што на іх дзеянні могуць быць прынятыя такія ж дзеянні ў адказ.

«Я не ведаю, колькі цяпер, але некалі ў Латвіі было 40 % расейскамоўнага насельніцтва. Напэўна, і цяпер нямала. Калі яны будуць праводзіць такую палітыку, што да людзей, якія хацелі жыць у гэтай краіне, працуюць там, стваралі нейкія выгады для гэтай краіны, і да іх будуць так па-свінску ставіцца, то яны самі з такім свінствам у адказ і сутыкнуцца – унутры сваёй краіны», – сказаў расейскі прэзідэнт.

Не будзе нічога новага

Палітолаг Андрэй Ягораў падкрэсліў, што, на ягоную думку, нічога новага мы не пабачым у палітыцы Расеі, бо яна ужо і так  агрэсіўная ў дачыненні суседніх краінаў.

Расея працягне рабіць тое, што і рабіла раней: падтрымліваць прарасейскія арганізацыі ў гэтых краінах, ладзіць гібрыдныя атакі ў інфармацыйнай сферы.

«Ніякіх рэальных захадаў, звязаных з паляпшэннем умоваў расейскамоўнага насельніцтва ў іншых краінах, Расея рабіць не будзе, бо гэта проста зачэпка, каб весці агрэсіўную палітыку супраць гэтых краінаў, звязаную з іх аслабленнем і павелічэннем на іх уплыву Расеі. Так было заўсёды, і так будзе. Вунь у Беларусі можна катаваць людзей, якія размаўляюць на расейскай мове, забіваць гэтых людзей, садзіць іх у турмы, і ніякай рэакцыі ад Расеі не будзе», – адзначыў эксперт.

На пытанне аб тым, якімі могуць быць рэальныя «сістэмныя меры» расейцаў, Андрэй Ягораў адказаў, што ў першую чаргу гэта будзе «ўсякая інфармацыйная істэрыка на гэты конт, яны будуць пра гэта моцна крычаць».

«Па-другое, яны будуць падтрымоўваць прарасейскія проксі-арганізацыі, якія будуць шкодзіць унутры гэтых краінаў, будуць весці інфармацыйныя атакі, імкнучыся падрываць палітычную сістэму, расколваць насельніцтва, падрываць каштоўнасную базу, спрабаваць праводзіць сваіх проксі-палітыкаў. Таксама яны будуць карумпаваць ці падкупаць эліты – і палітычныя, і бізнесовыя, каб яны былі лаяльныя да Расеі. Вось такія «сістэмныя меры», – адказаў суразмоўца.

«Исконно русские земли»

Пры гэтым Андрэй Ягораў падкрэсліў, што Расея і так гэта робіць, «незалежна ад таго, парушаюцца правы расейскамоўных ці не, – гэта ўвогуле ніякай сувязі з агрэсіўнай расейскай палітыкай не мае».

«Расея проста лічыць, што ўся тэрыторыя былога Савецкага Саюзу і нават Усходняй Еўропы – гэта «исконно русские земли», і збіраецца іх вярнуць. Гэта праімперская палітыка, якую яна вядзе. А ўсё, што яна там кажа пра прыгнечанасць расейскамоўнага насельніцтва… ці пра нейкі падрыў традыцыйных каштоўнасцяў, у сувязі з чым трэба ратаваць Еўропу, – усё гэта чыстае ідэалагічнае глупства, якім абгрунтоўваецца вядзенне агрэсіўнай палітыкі. То бок гэтыя рэчы – гэта проста рытарычныя фігуры пра рускамоўнае насельніцтва, не больш за тое», – адзначыў палітолаг.

Андрэй Ягораў кажа, што вышэй пералічаныя дзеянні не будуць афішавацца, уголас хутчэй будзе весціся гаворка пра традыцыйныя захады: дыпламатычны ціск, санкцыйныя меры, але больш сімвалічнага характару (кшталту забароны некаторым асобам на ўезд у Расею), верагодным можа быць абмежаванне транспартавых патокаў, перакрыццё транзітнага патоку тавараў праз Расейскую Федэрацыю. «Але звычайна да гэтага не даходзіць, бо не ў гэтым жа сэнс», – падкрэсліў палітолаг.

Перадвыбарчая рыторыка

На пытанне аб тым, чаму менавіта цяпер узнікла такая рыторыка і ці звязана гэта з вядзеннем прэзідэнцкай кампаніі ў Расеі, Андрэй Ягораў адказаў, што перадвыбарчая сітуацыя ў Расеі сапраўды адыгрывае тут ролю.

«Перад выбарамі прыходзіць у палітычную прастору трэба з яркімі тэзісамі, і традыцыйна гэтае прыгнятанне расейскамоўнага насельніцтва, асабліва ў краінах Балтыі, ёсць каньком расейскай эліты і добра купляецца насельніцтвам у Расеі. Таму гэтую тэму яны і эксплуатуюць. Для іншых – гэта сігнал, што Расея як прэтэндавала на ўсе гэтыя тэрыторыі, так і прэтэндуе цяпер, што гэтая неаімперская палітыка ўзнаўлення і падпарадкавання краінаў, якія побач з Расеяй, самой Расеі, нікуды не сышла. Гэтая палітыка будзе працягвацца», – адзначыў суразмоўца.

Таксама мы пацікавіліся ў палітолага, чаму на першы план у заяве выйшла менавіта краіна, якая ўваходзіць у блок NATO, а не, да прыкладу, Малдова ці Грузія? Акрамя таго, мы спыталі, ці можа Расея дазволіць сабе абвастраць сітуацыю на яшчэ адным фронце.

На думку палітолага, згадка адной з краінаў Балтыі – гэта супадзенне. Такая праблема эксплуатуецца ўжо здаўна, таму яе лёгка зноў уздымаць, у той час пра тыя ж Малдову ці Грузію трэба «сядзець і думаць, як зрабіць лепш».

Варта рыхтавацца да горшага

Таксама Андрэй Ягораў падкрэсліў, што Расея агрэсіўная, яна вядзе вайну, а ў расейскіх элітах «мала рацыянальнасці», таму, на думку палітолага, рыхтавацца трэба да горшага ў гэтай сітуацыі.

«Любыя агрэсіўныя планы Расеі не трэба скідваць з парадку дня. І тое, што Расея раптам можа пайсці на абвастрэнне і выкарыстанне нейкіх рэальных захадаў, правакацыяў крызісаў з выкарыстаннем нейкіх проксі і гібрыдных атак, то такое можа быць, да гэтага трэба рыхтавацца і аналізаваць патэнцыйныя мажлівасці Расеі такое зрабіць», – кажа палітолаг.

Андрэй Ягораў лічыць, што, калі Расея будзе рабіць падобныя дзеянні, яна наўрад ці будзе пра гэта гучна заяўляць, асабліва ў дачыненні краінаў NATO.

«Гэта могуць быць схаваныя атакі: чарговы міграцыйны крызіс ці нешта такое, [яны могуць] узброіць мігрантаў, якія будуць урывацца на тэрыторыі і штосьці актыўнае рабіць на іх, фармаваць нейкія групы, нібыта не звязаныя з Расеяй, на тэрыторыях гэтых краінаў… Нешта такое можна быць хутчэй, чым задзеянне вайсковага кантынгенту Расеі», – сказаў наш суразмоўца.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў