Вярхоўная Рада Украіны 5 верасня адправіла ў адстаўку міністра абароны Аляксея Рэзнікава. Дэталі разгляду распавёў у сваім тэлеграм-канале дэпутат Яраслаў Жэлэзняк.
Аляксей Рэзнікаў у сваім выступе перад дэпутатамі адзначыў, што вайсковая дапамога Украіне з прычыны агрэсіі Расеі дасягнула $ 100 млрд, былі зробленыя вялізныя запасы бронекамізэлек, шлемаў і формы. На ўзбраенне прынята больш як 200 узораў заходняй зброі.
«Мы абудзілі аспект бяспекі ў Еўразвязе. Мы донары еўрапейскай бяспекі», – апавёў Рэзнікаў.
Таксама, паводле яго, праводзяцца рэформы закупаў і вайскова-лекарскай камісіі. Міністр адзначыў, што ў пытаннях скандальных закупаў «праваахоўныя органы ўсіх узроўняў праводзяць праверкі».
За адстаўку Рэзнікава з пасады міністра прагаласавалі 327 дэпутатаў з 365.
Разгляд кандыдатуры Рустэма Умерава на цяпер ужо вакантную пасаду адбудзецца 6 верасня.
Рэзнікаў узначальваў Мінабароны Украіны з 2021 года. Ягоная магчымая адстаўка абмяркоўвалася і раней, з лютага 2023 года. Тады ўзнік скандал праз закупы харчоў для вайскоўцаў па завышаных коштах, пасля якога сваіх пасадаў пазбавіліся некалькі высокапастаўленых супрацоўнікаў Мінабароны. Але афіцыйна рашэнне пра адстаўку было агучанае 3 верасня.
Дэпутат Яраслаў Жэлэзняк казаў, што пасле змены пасады Рэзнікаў, верагодна, будзе прызначаны амбасадарам у Вялікую Брытанію. Паводле ягоных словаў, кадравыя змены адбудуцца найбліжэйшымі днямі.
На месца цяперашняга міністра абароны Уладзімір Зяленскі прапанаваў прызначыць кіраўніка Фонду дзяржмаёмасці Умерава.
Якуб Хруст belsat.eu