Былога супрацоўніка КДБ асудзілі на 16 гадоў калоніі за падпалы сістэмы збору платы «BelToll»


У судзе Барысаўскага раёну вынеслі прысуд 34-гадоваму мясцоваму жыхару і экс-супрацоўніку КДБ Іллю Трубіну, паведамляе ініцыятыва дапамогі палітвязням Dissident.by. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Ілля Трубін.
Фота: spring96.org

Паводле следства, 1 снежня 2020 года і 29 студзеня 2021 года мужчына падпаліў два парталы сістэмы збору платы за праезд па дарогах «BelToll» у Барысаўскім раёне. Пра затрыманне Іллі Трубіна сталася вядома летась у жніўні, і да суда яго змясцілі пад варту. Нанесеная Трубіным шкода папярэдне склала 450 тыс. рублёў.

За гэта яго абвінавацілі паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 1 арт. 289 («Акт тэрарызму»); ч. 2 арт. 289 («Акт тэрарызму, здзейснены паўторна»);
  • ч. 2 арт. 295 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў»);
  • ч. 1 арт. 295-3 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні прадметаў, пашкоджвальнае дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў»).
Падпал сістэмы спагнання аплаты «BelToll».
Фота: Следчы камітэт Беларусі

Следчыя паведамляюць, што мужчына выкарыстоўваў канспірацыю: ездзіў на чужым транспарце, уначы. Маршрут выбіраў па-за буйнымі аўтадарогамі і не ў полі зроку відэакамераў. Пра свае ўчынкі ён распавядаў знаёмым і казаў, што імкнуўся прычыніць шкоду дзяржаве.

У выніку суддзя Дзмітрый Крывела пакараў Трубіна 16 гадамі зняволення.

Ілля Трубін – жыхар Барысава, былы супрацоўнік КДБ, мае двух дзяцей. Раней абвінавачанага ўнеслі ў «спіс тэрарыстаў».

Hавiны
ПЦ «Вясна»: у жніўні па палітычных матывах у Беларусі былі затрыманыя 387 чалавек
2022.09.04 16:33

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў