Беларусь усё ж не запрасілі на каранацыю караля Чарлза III


Вялікая Брытанія не накіравала запрашэння на каранацыю караля Чарлза III шэрагу краінаў, сярод якіх Беларусь, Расея і Іран, паведамляе прэс-служба парламенту Вялікай Брытаніі.

Кароль Вялікай Брытаніі Чарлз III і каралева-кансорт Каміла.
Фота: Niall Carson / POOL / AFP / East News

На ўрачыстую падзею не запрасілі прадстаўнікоў сямі краінаў: Афганістану, Беларусі, М’янмы, Расеі, Сірыі, Ірану і Венесуэлы.

Адзначаецца, што запрашэнні атрымалі кіраўнікі дзяржаваў, з якімі Вялікая Брытанія падтрымлівае сяброўскія дыпламатычныя адносіны, а таксама кіраўнікі адміністрацыяў заморскіх тэрыторыяў каралеўства. У такія краіны, як Паўночная Карэя і Нікарагуа, былі накіраваныя запрашэнні кіраўнікам дыпламатычных ведамстваў.

Узыходжанне на трон Чарлза III адбудзецца 6 траўня 2023 года, ён будзе каранаваны разам з жонкай, каралевай-кансортам Камілай. Усяго на каранацыю ва Ўэстмінстэрскім абацтве ў Лондане запрошаныя 2200 гасцей з больш як 200 краінаў, у тым ліку кіраўнікі дзяржаваў і прадстаўнікі каралеўскіх сем’яў. ЗША на каранацыі будзе рэпрэзентаваць першая лэдзі Джыл Байдэн. Украіну на каранацыі будзе рэпрэзентаваць прэм’ер Дзяніс Шмыгаль разам з Аленай Зяленскай.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў