У Гомельскім парку знеслі гістарычны будынак ХІХ стагоддзя


1 снежня ў сеціве з’явілася відэа, як экскаватар зносіць будынак каля выхаду з гарадскога парку ў Гомлі. Высветлілася, што пабудова была ўзведзеная ў ХІХ стагоддзі і месцілася на тэрыторыі гістарычна-культурнай каштоўнасці – палацава-паркавага ансамблю.

Знесены будынак каля выхаду з Гомельскага парку.
Фота: Пошукі старога Гомеля / Telegram

Знесены будынак быў гістарычнай камяніцай канца XIX – пачатку XX стагоддзя і да нядаўняга часу выконваў функцыю грамадскай прыбіральні.

Паводле звестак каналу «Пошукі старога Гомеля», тут, хутчэй за ўсё, месціліся крамы, якія абслугоўвалі Спасаву Слабаду.

Так выглядаў будынак да зносу.
Фота: Пошукі старога Гомеля / Telegram

Як адзначаюць аўтары тэлеграм-каналу «Спадчына», збудаванне было размешчанае на тэрыторыі гістарычна-культурнай каштоўнасці – Гомельскага палацава-паркавага ансамблю, які мае катэгорыю «0» – гэта значыць, што каштоўнасць або ўключаная, або прапанаваная да ўключэння ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКО, якой пагражае небяспека. Працы з такімі будынкамі можна праводзіць толькі з дазволу Міністэрства культуры.

У праўладнай газеце «Гомельская праўда» патлумачылі сітуацыю наступным чынам: «Хтосьці паспяшаўся з высновамі, напісаўшы ў каментарах аб канчатковым закрыцці і нават зносе аб’екту ў парку атракцыёнаў. Паспяшаемся супакоіць песімістычна настроеных грамадзянаў: ніякага зносу не будзе», – цытуе газету Гомельскага аблвыканкаму «Флагшток».

Як патлумачыў дзяржаўнаму выданню дырэктар Гомельскага парку Віктар Гутыр, прыбіральня была закрытая на рэканструкцыю, яе «абновяць знутры і звонку, пашыраць жаночае аддзяленне», але пры гэтым ён не патлумачыў прычынаў зносу будынку ХІХ стагоддзя.

«Паводле нашых дакументаў, пабудова 1981 года, тая частка будынку, якая знесеная ў выніку рэканструкцыі прыбіральні, быў выяўлены яго аварыйны стан, пра што далі заключэнне эксперты БелДУТу праектнаму Інстытуту Гомельаблбудпраект», – сказаў Гутыр.

Як паведамляе выданне «Флагшток», на пытанне аб узгадненні зносу з Мінкультам дырэктар парку адказаць адмовіўся і прапанаваў сустрэцца асабіста.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў