Украіна перш за ўсё, а апазіцыя не вінаватая: як прайшоў расейскі антываенны форум у Вільні


Крытыка Навальнага, прэтэнзіі да «ліберальнага абкаму» у асобе «Дажджу» і «Медузы», рэплікі ў духу «Дзе вы былі восем гадоў?», прыемныя ўспаміны пра мінулае, адмаўленне віны – звыклыя атрыбуты прыхільнікаў Пуціна і вайны з Украінай. Але і самая прыкметная частка трэцяй антываеннай канферэнцыі, якую правялі ў Вільні расейскія апазіцыянеры, якія жывуць у выгнанні.

Шахматыст Гары Каспараў і журналіст Канстанцін фон Эгерт на Трэцяй антываеннай канферэнцыі. 1 снежня 2022 года. Вільня, Літва.
Фота: Белсат

Апазіцыя Шродзінгера

Вільня – горад, у якім на вуліцах амаль не чуваць расейскай мовы, а на многіх дамах вісяць украінскія сцягі – ужо даўно стала нефармальнай сталіцай не толькі беларускай апазіцыі, але і расейскай. У сталіцы Літвы базуюцца паплечнікі зняволенага лідара апазіцыі Аляксея Навальнага, тут жа праходзяць Форумы свабоднай Расеі, сузаснавальнікам якіх з’яўляецца знакаміты шахматыст Гары Каспараў. У межах такога форуму і праходзіла Трэцяя антываенная канферэнцыя.

Яе праграма ўключала ў сябе санкцыі, транзіт улады, антываенныя ініцыятывы ў Еўропе і дзеянні апазіцыі, абмеркаванне віны, варварызацыі, наступстваў вайны, а таксама «рускага Рэйха» і Расейскай імперыі. Сярод спікераў – экс-дэпутаты федэральнага і рэгіянальнага ўзроўню, юрысты, актывісты, журналісты, пісьменнікі.

Каспараў адзначыў, што на канферэнцыі адыдуць ад тэарэтычных разваг і будуць прымаць «практычныя рашэнні». Праўда, план мерапрыемства гэтага не прадугледжваў, а яго ўдзельнікі ці то не пачулі словаў Каспарава, ці то не паспелі перайсці на гэты лад.

Апазіцыйныя палітыкі пачалі з заяў, што апазіцыі ў Расеі няма. Экс-дэпутат Дзярждумы ад «Справядлівай Расеі» Дзмітрый Гудкоў сказаў, што расейскія апазіцыянеры «больш падобныя на дысідэнтаў, бо апазіцыя мае магчымасць удзельнічаць у выбарах». Экс-дэпутат Заканадаўчага сходу Санкт-Пецярбурга Максім Рэзнік падкрэсліў, што «ў Расеі няма палітычнай апазіцыі, але ёсць мільёны антыфашыстаў».

Праз хвіліну ён пачаў сабе супярэчыць: «У Расеі няма магчымасці для арганізаванага пратэсту, а палітычная апазіцыя ёсць. Велізарнай маральнай запамогай для нас сталі вязні фашысцкага рэжыму – Ілля Яшын, Аляксей Горын і многія іншыя. Але пытанне не ў тым, дзе ты, а ў тым, на якім участку фронту ты знаходзішся. Расейскай апазіцыі трэба вызначыць стаўленне да вайны – што гэта за вайна, каго з кім».

Сузаснавальнік форуму свабоднай Расеі Іван Цютрын, актывістка Яўгена Чырыкава, галоўрэд Хартыя’97 Наталля Радзіна, экс-дэпутат Заканадаўчага сходу Санкт-Пецярбургу Максім Рэзнік, экс-дэпутат Дзярждумы Дзмітрый Гудкоў, журналіст Дзмітрый Сямёнаў на Трэцяй антываеннай канферэнцыі. 30 лістапада 2022 года. Вільня, Літва.
Фота: Белсат

Былы пецярбургскі дэпутат рабіў шмат адсылак да кніг пра Гары Потэра, але на дзіва спрытна не назваў Навальнага ў ліку вязняў Азкабана, хоць неўзабаве выправіўся. Ён стаў пералічваць даты і падзеі ў пацверджанне свайго тэзіса, што вайна цягнецца ўжо даўно. З яго словаў выходзіла, што ледзь не з 2004 года (імаверна, праз Памаранчовую рэвалюцыю), а яе эпізодамі сталі і 10-гадовае заключэнне алігарха Міхаіла Хадаркоўскага, і атручэнне Уладзіміра Кара-Мурзы, і атручэнне Аляксея Навальнага.

«Адзін не можа жыць, пакуль жывы іншы», – зноў працытаваў потэрыану Максім Рэзнік. І перайшоў з вайны на апазыцыю (якая ці то ёсць, ці то яе няма). Ён крытыкаваў каманду Навальнага, нагадаўшы прэтэнзіі, што яны хочуць мяняць не сістэму, а дрэннага правадыра на добрага. Але тут жа пахваліў самога палітвязня за артыкул у The Washington Post, у якім Навальны выказаўся на карысць парламенцкай дэмакратыі.

«Яны выконваюць ролю флейты-піколы для рэжыму, – пераключыўся Рэзнік на партыю, у якой быў 18 гадоў. – Пра “Яблоко” нібыта хочацца казаць альбо добрае, альбо нічога». Таксама Рэзніка абурыла тое, як называюць Уладзіміра Пуціна: «Гэта я піцерскі гопнік, а не ён! Ён чмоль».

«А што Кірыл?»

Дзмітрый Гудкоў быў больш стрыманым. Ён казаў не пра чужыя недахопы, а таксама пра сваю працу. Упіраючы на сустрэчы з замежнымі палітыкамі і дыпламатамі, экс-дэпутат Дзярждумы паўтараў, што трэба разумець, як працуюць бюракратычныя заходнія структуры (відавочна, маючы на ўвазе непаваротлівасць ва ўвядзенні санкцый), а яшчэ трэба ствараць «структуры, механізмы і фарматы, якія пастаянна працуюць». Прыкладам ён назваў «Сакратарыят еўрапейскіх расейцаў», нядаўна створаны ў Брусэлі. Паводле задумкі яго заснавальнікаў, сакратарыят будзе абараняць актывістаў, якія знаходзяцца ў выгнанні, і бежанцаў з Расеі, а таксама лабіраваць новыя санкцыі супраць рэжыму.

Экс-дэпутат Дзярждумы Дзмітрый Гудкоў на трэцяй антываеннай канферэнцыі. 30 лістапада 2022 года. Вільня, Літва.
Фота: Белсат

«Мы паказвалі ў Брусэлі фатаграфіі Навальнага да турмы і цяпер, еўрапейцы былі ў шоку, – распавядаў палітык. – Мы варымся ў гэтым, а яны не ведаюць многіх рэалій. Мяне пыталіся: “А што Кірыл?” Я не зразумеў, які Кірыл. Яны ўдакладнілі: “Няўжо патрыярх таксама за вайну?” Я ім патлумачыў, што ён такі ж патрыярх, як яны балярыны».

Распавёўшы таксама пра шэлтары для бежанцаў ад мабілізацыі і пераследаў (праекты «Ковчег» і «Рассвет»), Гудкоў перадаў слова калегам і пагрузіўся ў задуменнасць.

Гісторыі
«Ляцець у пекла – дык бізнес-класам». Чаму расейцы вяртаюцца з эміграцыі
2022.11.22 18:07

Сузаснавальнік форуму свабоднай Расеі, малавядомы ў РФ Іван Цютрын свой выступ прысвяціў нядобрым журналістам: «Звярніце ўвагу, тут няма ні “Медузы”, ні “Дажджу”, і ніколі не было. Ліберальны абкам запісаў нас у маргіналы!»

«Нас у Оксфардзе не вучылі»

Бізнэсовец Леанід Неўзлін папракаў апазіцыю за тое, чым яна займалася з 2014 года, амаль даслоўна паўтарыўшы мантру прапаганды «дзе вы былі восем гадоў?». Асаблівую ўвагу ён надаў Навальнаму (вяртанне ў Расею пасля лячэння ад атручвання – глупства, яго каманда – недамоваздольная, сам ён «хай адседзіць 10 гадоў як Хадаркоўскі, і тады паглядзім», а ўвага да Навальнага празмерная – «да Хадаркоўскага стаўленне ў турме было горшым, але ён не выпускаў гэта ў паблік, таму што такое ў яго ўяўленне аб годнасці мужчынскай») і Украіне (украінцы важнейшыя за ўсё, трэба думаць у першую чаргу пра іх, кожнае сваё слова суразмяраць з іх стаўленнем да рускіх, трэба спадабацца ім, трэба займацца не Расеяй, а Украінай).

Актывістцы Яўгеніі Чырыкавай дасталося пытанне аб віне апазіцыі за рэпрэсіі і вайну супраць Украіны. Яна нямала здзівілася: «Мы першае нелупцаванае пакаленне, Лёша Навальны, Дзіма Гудкоў і я. Не трэба нас моцна лаяць, бо ў нас не было досведу! Нас ніхто ў Оксфардзе не вучыў, як зрынаць рэжым. Але нас увесь час гнабілі за тое, што мы апазіцыя, а цяпер па-за краінай да нас прэтэнзіі, што мы оркі і фашысты. Я не разумею, у чым мы вінаватыя, што мы яшчэ маглі зрабіць акрамя таго, што і так пастаянна рабілі».

Калі галоўны рэдактар «Хартыіʼ97» Наталля Радзіна сказала, што будучая вольная Беларусь не проста разарве саюзную дамову і накіруецца ў Еўропу, але і пастараецца адгарадзіцца ад Расеі, у зале ёй апладзіравалі. Гудкоў на гэта адзначыў, што для расейскай апазіцыі важна не дапусціць наратыву рова з кракадзіламі на мяжы з РФ, а таксама дамагчыся нармалізацыі краіны і яе стасункаў з іншымі.

Пасля гэтага Радзінай распавялі з залы, як яна з дапамогай крамлёўскага чыноўніка Уладзіслава Суркова бегла праз Расею. У адказ яна загадала звярнуцца да псіхіятра.

Вінаватыя кнігі

Тэму віны працягнулі пасля вячэры (віпы ў адной зале, простыя смяротныя ў іншай). Меркавалася, што Гары Каспараў будзе дыскутаваць з пісьменнікам Віктарам Ерафеевым пры мадэрацыі Марата Гельмана. Але аказалася, што погляды ў іх прыблізна агульныя.

Каспараў нагадаў пра сваю дзейнасць, папярэджанні і кнігу, якую на Захадзе раней не заўважалі (знайшлася такая ж кніга і ў Ерафеева), а яшчэ нагадаў, што з пуцінскім рэжымам даўно ўсё было ясна на прыкладзе Грознага, Алепа, а цяпер і Марыупаля. Ён дадаў, што пуцінскі рэжым узяў з расейскага мінулага усё самае дрэннае.

Гары Каспараў на трэцяй антываеннай канферэнцыі. 30 лістапада 2022 года. Вільня, Літва.
Фота: Белсат

Віктар Ерафееў нечакана для пісьменніка кляйміў рускую літаратуру – паводле яго, менавіта яна вінаватая ў трагедыі 2022 года, таму што ў ёй занадта добра гаварылася аб рускім народзе і чалавеку. «Мы ўсе атручаныя рускай культурай», – заявіў пісьменнік. Аб краіне ён адгукаўся і таго горш.

«Расея – гэта труп. Па ім поўзаюць мурашкі, гэта народ. Хто разумнейшы, той саскочыў, а астатнія носяцца», – апісваў Ерафееў радзіму пад смяшкі з залы.

Дыскусію не выратавалі шматлікія адсылкі Гельмана да кнігі Карла Ясперса «Пытанне аб вінаватасці». Ерафееў жартаўліва паскардзіўся, што падсунуў Гельману гэтую кнігу перад канферэнцыяй, а затым сышоў ва ўспаміны пра тое, як разам з дзядзькам Славам слухаў «варожыя галасы». Дзядзькам Славам апынуўся бліжэйшы сталінскі паплечнік Вячаслаў Молатаў, так што было нечакана даведацца, што яму вельмі хацелася пачуць «Голас Амерыкі».

Ад «дзядзькі Славы» Ерафееў перайшоў да Рональда Рэйгана і яго візыту ў Маскву ў 1988 годзе. А дакладней, да прыёму ў Спаса-хаўсе – рэзідэнцыі амбасадара ЗША. Каспараў таксама быў на тым прыёме і яны сталі разам успамінаць, хто з кім сядзеў, на чым гуляў, што налівалі, што сказаў амерыканскі прэзідэнт… некаторыя не вытрымлівалі гэтай плыні ветэранскіх успамінаў і пакідалі залу.

Удзельнікі Трэцяй антываеннай канферэнцыі. 30 лістапада 2022 года. Вільня, Літва.
Фота: Белсат

Пуцін лепшы за Навальнага?

Кляйменне адсутных працягнулася і ў другі дзень канфэрэнцыі. Былы намеснік галоўрэда «Маскоўскага камсамольца» Айдэр Муждабаеў 40 хвілін даводзіў, што нічога добрага ў Расеі не было, няма і не будзе.

Заявіўшы, што і сам гадамі «будаваў рускі рэйх», ён назваў Міхаіла Лермантава «класікам рускага фашызму» за радкі пра чачэнцаў, Навальнага – чалавекам, які прачытаў палову кніжкі, ліберальных журналістаў – што цікавяцца ў тэме Украіны толькі салам, а Пуціна – меншым фашыстам, чым апазіцыя («На выбарах мэра Масквы ва ўсіх была фашысцкая рыторыка, і ў Мітрохіна, і ў Навальнага, усе выступалі за фільтрацыі і дэпартацыі з-за невыканання традыцыяў. Пуцін тады граў другую скрыпку ў гэтым хоры прыхільнікаў чыстай расы»).

Збочыўшы на аблічэнне расейцаў («рускі – адзіны раб у свеце, які возіць свае кайданы, начышчае іх, паказвае і ганарыцца»), Муждабаеў працягнуў таптаць журналістаў. Паводле яго, галоўны рэдактар «Эха Москвы» Аляксей Венядзіктаў «імітаваў гульню», тэлеканал «Дождж» – «палітычны, абсалютна крамлёўскі ідэалагічны праект», які аддаў перавагу расейскай аўдыторыі, а не ўкраінскай.

«У іх два словы як ва ўкраінскіх медыяў, і адно з ТАСС», – абураўся Муждабаеў журналісцкімі стандартамі «Дажджу».

Не забыўся ён і «Медузу»: маўляў, яны апраўдваюцца ў выкананні заканадаўства аб «замежных агентах» тым, што ў РФ засталася нерухомасць, тады як у людзей у Бучы жытла не засталося.

Навальнага Муждабаеў назваў шавіністам, зноў як быццам аддаўшы перавагу Пуціну («Не ведаю, хто больш балючы, Пуцін ці Навальны»), Яшын «заслужана сядзіць», бо на пасадзе кіраўніка муніцыпалітэта некалі ўваходзіў у склад прызыўной камісіі, Віктар Шандаровіч – «класічны прыклад таго, як з расейскага ліберала з’яўляецца спонсар фашызму» (мабыць, праз судовы штраф на карысць уладальніка ПВК Вагнера Яўгена Прыгожына).

Украінскі журналіст Айдэр Муждабаеў на Трэцяй антываеннай канферэнцыі. 1 снежня 2022 года. Вільня, Літва.
Фота: Белсат

Дасталося і ўцекачам з Расеі – праект «Ковчег» Муждабаеў назваў «Параноевым каўчэгам», бо ў адным з чатаў выдалілі заклік на збор грошай для крымскататарскага батальёна (хоць грошы ўсё ж сабралі і купілі мікрааўтобус).

Каментароў да гэтага выступу не было, але зала апладзіравала.

Распад замест транзіту

На іншай панэлі мусілі абмяркоўваць дэмакратычны транзіт у постпуцінскай Расеі, але перайшлі да гіпатэтычнага распаду краіны.

Дэпутат Вярхоўнай рады Украіны ад «Слугі народу» Алег Дунда выказаў адпаведныя спадзяванні часткі ўкраінцаў, адзначыўшы, што цяперашняя вайна мусіла адбыцца яшчэ ў 1991-1992 годзе, а цяпер здарылася па віне заходніх дэмакратый, якія выбралі камфорт.

Інтэрв’ю
Каспараў: «Ад таго, куды пойдзе Расея, залежыць будучыня XXI стагоддзя»
2022.12.04 21:38

Журналіст Канстанцін фон Эгерт і Гары Каспараў падкрэслілі, што цяперашняя Расея знаходзіцца ва ўнікальнай сітуацыі. Паводле Каспарава, параўнанне з Іспаніяй часоў Франсіска Франка некарэктнае, у тым ліку таму, што ў яго была іншая сітуацыя – каўдыльё прыводзіў краіну да міру і ў парадак пасля грамадзянскай вайны.

Фон Эгерт адзначыў, што гісторыя яшчэ не ведае такога працяглага распаду сухапутнай імперыі. Ён таксама заявіў, што наўрад ці будучая Расея будзе падобная на літоўскую парламенцкую дэмакратыю, «але гэта будзе прадказальная краіна». На думку фон Эгерта, расейскае грамадства павінна будзе засяродзіцца на ўласных праблемах, у тым ліку мясцовых – у родным горадзе ці вёсцы.

Удзельнікі Трэцяй антываеннай канферэнцыі. 30 лістапада 2022 года. Вільня, Літва.
Фота: Белсат

Голас юрыста і прафесара Свабоднага універсітэту Алены Лук’янавай апынуўся самым практычным. Дачка апошняга старшыні Вярхоўнага Савета СССР займаецца падрыхтоўкай дакументаў для пераходнага перыяду і сканцэнтравана на гэтым.

«Відавочна, што будзе – усеагульная бойня або не. Якія межы будуць, у такіх і трэба будзе працаваць. Мы павінны будзем прыйсці з гатовымі дакументамі і рашэннямі, таму што фортка магчымасцяў малая і часу не будзе», – падкрэсліла Лукʼянава. Яна прапанавала зрабіць адзіную групу для распрацоўкі новай Канстытуцыі і законапраектаў для постпуцінскай Расеі: «Хай гэта будзе адна экспертная пляцоўка на базе Свабоднага ўніверсітэту».

«Рэвалюцыі не будзе»

Папярэдняя антываенная канферэнцыя запомнілася прапановай распрацаваць дакумент для эмігрантаў, які атрымаў мянушку «пашпарту добрага рускага» і выклікаў буру крытыкі. У выніку яго не ўвялі, а на гэтай канферэнцыі падобных прапаноў не гучала.

Не было і аптымізму з нагоды сітуацыі ў краіне. Напрыклад, эканаміст Уладзіслаў Іназемцаў сказаў: «Рэвалюцыйнай сітуацыі ў Расеі няма. Мы ўбачым пераварот унутры эліты, ён прывядзе да зʼяўлення больш умеранай групоўкі, не зацікаўленай у дэмантажы ўсёй сістэмы. І Захад цешыўся б, паколькі там пабойваюцца распаду краіны і страты кіравальнасці».

Магчыма, таму ў рэзалюцыі канферэнцыі гаворыцца, што рэжым Пуціна – рэінкарнацыя нацызму, а надзеі вярнуць яго да захавання нормаў міжнароднага права ілюзорныя, бо ён агрэсар па сваёй прыродзе і спыніць яго можна толькі сілай. Заходніх лідараў заклікалі не ісці на кампрамісы і ўзмацніць дапамогу Украіне. Як ператварыць пуцінскую Расею ў адэкватную, там не паказалі.

belsat.eu

Стужка навінаў