«MADE IN BELARUS / MADE OF PAIN» – беларуская онлайн-выстава


«Будзе горка. Падрыхтуйцеся» – пазначылі на першай старонцы лічбавай выставы «Made in Belarus / Made of Pain» – «Зроблена ў Беларусі / зроблена з болю». Пры дапамозе FreeBelarusCenter яе запусцілі актывісты Задзіночання беларускіх студэнтаў, якія пасля выбараў 2020-га года мусілі выехаць з краіны.

«Гэта мастацкі сацыякультурны праект поствыбарчай Беларусі 2020 года. У гэтым праекце мы паказваем праз прызму пяці паўнавартасных гісторыяў, як было жыць у Беларусі апошнія гады. Мы раскрываем самыя галоўныя тэмы – палітвязні, катаванні, гвалт, сфабрыкаваныя крымінальныя справы і суды, а таксама эміграцыю», – распавядае аўтар праекту фатограф Аляксандр Сушчэўскі.

Кожная з частак праекту, які рыхтавалі цягам паўгода, адлюстроўвае адзін з аспектаў тэмы. Для першай часткі пад назваю «Колер нашага пакалення», прысвечанай гвалту і жорсткім дзеянням сілавікоў, здымкі рабіліся яшчэ ў Беларусі.

«Калі ў пачатку было незразумела, ці будуць караць за нейкія фотапраекты, то тут ужо было зразумела. То бок мы ў студыі, не паспяваючы, рабілі гэты грым, захутваліся, рабілі гэты дрот самаробны, так і здымалі, у такіх, можна сказаць, падпольных умовах», – узгадвае ўдзельніца праекту студэнтка Ганна Багданава.

У ролі палітвязня на фота – Анастасія Кулік. Крыніца: madein.by

«Па той бок» – назва другой часткі праекту. Тут аўтары спрабуюць зазірнуць у жыццё звычайнага амапаўца, які служыць рэжыму.

«У яго таксама ёсць нейкае жыццё, як і ўва ўсіх людзей: у яго таксама ёсць дзяўчына, ён таксама ходзіць у краму, але нават ува ўсім гэтым ён застаецца амапаўцам – чалавекам які, на жаль, здзяйсняе парушэнне дзейнага заканадаўства і шкодзіць людзям», – кажа ўдзельнік праекту Максім Кавалёў.

Дзве чарговыя часткі прысвечаныя беларускім судам, сфабрыкаваным крымінальным справам, а таксама палітычным вязням: перабыванню ў турме, пачуццям і перажыванням.

«Пяты праект завяршальны, у якім мы даем крыху надзеі, нягледзячы на тое, што ён пра эміграцыю. Гэта праект пра тое, каб людзі зразумелі: надзея ёсць, калі працягваць змагацца», – адзначае Аляксандр Сушчэўскі.

Некаторыя фота для праекту зробленыя ў дзейнай турме, а тэксты і вершы для афармлення выставы напісаныя маладымі беларускімі аўтарамі. Большая частка каманды стваральнікаў прайшла праз суды, пакаранні ды эміграцыю.

«Сутнасць праекту – зноў падняць тэму гвалту і яго недапушчальнасці. Гэта праблема не толькі Беларусі, але і розных краінаў. Калі падымаць гэтую тэматыку, то будзе больш дыскусіяў і нейкія вынікі, якія і дапамогуць вырашыць праблему», – лічыць Ганна Багданава.

З праектам можна пазнаёміцца ў інтэрнэце, але аўтары разлічваюць зладзіць і жывыя выставы ў розных гарадах свету, дзе цяпер вымушана жывуць беларусы.

Ірына Дарафейчук «Белсат»

Стужка навінаў