Моцны землятрус у Непале. Загінулі больш за 100 чалавек


У Непале 3 лістапада позна ўвечары здарыўся моцны землятрус. У выніку яго загінулі больш за 100 чалавек, паведамляе BBC.

Разбураныя будынкі ў непальскім горадзе Джаджаркот ў выніку землятрусу магнітудай 6,4.
Фота: Sunil Sharma / Zuma Press / Forum

Выданне ўдакладняе, што найбольшая колькасць ахвяр і пацярпелых ад землятрусу – у цяжкадаступных раёнах Джаджаркот і Рукум, якія знаходзяцца за 500 км ад сталіцы Непалу Катманду. У сталіцы таксама адчуваліся магутныя падземныя штуршкі. Іх зафіксавалі і ў гарадах суседняй Індыі, у прыватнасці – у Дэлі.

Пасля моцнага штуршку цягам гадзіны адбыліся яшчэ тры. Многія людзі правялі ноч з 3 на 4 лістапада на вуліцы. Ратаўнікі паведамляюць, што многія дарогі заблакаваныя апоўзнямі, выкліканымі землятрусам, і гэта ўскладняе іх працу.

Прэм’ер-міністр Непалу Пушпа Камаль Дахал тэрмінова выехаў у пацярпелы ад землятрусу рэгіён. Удакладняецца колькасць ахвяраў: 128 чалавек загінулі і 142 атрымалі раненні. Іх колькасць можа павялічыцца.

Паводле інфармацыі Непальскага цэнтру маніторынгу і даследаванняў, першы штуршок быў зафіксаваны ў 23:47 мясцовага часу. Магнітуду землятрусу ацэньваюць ў 6,4, яго асяродак знаходзіўся на невялікай глыбіні.

Непал размяшчаецца ў зоне высокай сейсмічнай актыўнасці, у Гімалаях. Два разбуральныя землятрусы адбыліся ў Непале ў 2015 годзе. Тады ў выніку землятрусаў загінулі 9 тысяч чалавек, больш 22 тысяч былі параненыя.

Абноўлена
У Салігорскім раёне абарвалася кабіна з працаўнікамі «Беларуськалію». Ёсць пацярпелыя
2023.11.03 21:17

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў