«Белавія» плануе купляць самалёты расейскай вытворчасці


Авіякампанія «Белавія» ва ўмовах санкцыяў плануе павялічыць паветраны флот і набыць расейскія самалёты «МС-21» и «Sukhoi Superjet 100 New». Пра гэта заявіў гендырэктар авіякампаніі Ігар Чаргінец падчас прэс-канферэнцыі з нагоды Дня працаўнікоў грамадзянскай авіяцыі (5 лістапада).

Boeing 737-800 беларускай авіякампаніі «Белавія».
Фота: belavia.by

«Калі казаць пра перспектывы флоту, то ў нас зараз закрыты шлях да «Boeing», «Airbus», «Embraer» ды іншых вытворцаў. Іх не так і шмат. Мы вядзём вельмі шчыльныя перамовы, рыхтуем дамовы з аб’яднанай авіябудаўнічай карпарацыяй Расеі для набыцця самалётаў «МС-21» і «Sukhoi Superjet 100 New», – паведаміў Ігар Чаргінец.

Ён удакладніў што замоўленыя самалёты ўжо праходзяць выпрабаванні з рознымі рухавікамі, але ў 2024 – 2026 гадах павінны «стаць на крыло» і пайсці ў камерцыйную эксплуатацыю.

Па словах Чаргінца, паветраны флот авіякампаніі «Белавія» складаецца зараз з 13 самалётаў, сярэдні век якіх перавышае 11 гадоў.

«Гэта дастаткова нядрэнны паказнік. Самалёты заходняй вытворчасці, у прынцыпе, могуць эксплуатавацца бясконца доўга. Адзінае, што ёсць такое паняцце, як лётная прыдатнасць. Самалёты могуць выконваць пасажырскія перавозкі да ўзросту 30-35 гадоў, – дадаў кіраўнік «Белавія».

ААТ «Авіякампанія «Белавія» – найбуйнейшы авіяперавознік Рэспублікі Беларусь. Базуецца ў Нацыянальным аэрапорце Менск і ажыццяўляе рэгулярныя рэйсы ў 10 дзяржаў. Кампанія была створаная 5 сакавіка 1996 года. У траўні 2021 года, пасля інцыдэнту з пасадкай Boeing 737 у Менску з Раманам Пратасевічам на борце, супраць авіякампаніі ўведзеныя санкцыі, якія забараняюць ёй выконваць рэйсы ў краіны ЕЗ, Вялікую Брытанію, ЗША і Украіну. Пазней «Белавія» трапіла ў санкцыйныя спісы Еўразвязу, Швейцарыі і некаторых іншых краінаў Еўропы, а таксама ЗША.

Hавiны
Названа колькасць краінаў, у якія зараз лётае «Белавія»
2023.10.25 17:35

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў