Беларускія месцы ў Вільні: шляхамі адраджэнцаў


Працягваем наш шпацыр па беларускіх мясцінах Вільні, дзе жылі і стваралі вядомыя беларусы. Першае падарожжа было прысвечанае Кастусю Каліноўскаму і паўстанцам. Сёння прапануем прайсці шляхамі дзеячаў беларускай культуры і адраджэнцаў. 

Першая частка вандроўкі па спасылцы ніжэй.

Агляд
Шляхамі Каліноўскага і паўстанцаў: вандруем па беларускіх месцах Вільні
2022.10.29 08:30

Базыльянская брама (Aušros Vartų, 9)

Пачнем падарожжа з сапраўднай беларускай Меккі. Базыльянскія муры, якія сёння ёсць аб’ектам культурнай спадчыны ЮНЭСКО, – гэта комплекс Базыльянскага кляштару, які ўтвараюць царква Святой Тройцы, званіца, будынкі жаночага і мужчынскага кляштараў, Паўночная і Паўдзённая брамы і бурса.

Базыльянская брама. На ўваходзе ў браму мемарыяльная дошка Ігнату Дамейку. Вільня, Літва.
Фота: Белсат

У перыяд Расейскай імперыі тут быў астрог, дзе трымалі славутых філаматаў і філарэтаў Віленскага ўніверсітэту. З пачатку ХХ ст. у мурах пачынаецца актыўнае беларускае нацыянальнае жыццё. Гэта быў палітычны і культурны цэнтр беларусаў: Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча (захоўваў найбагацейшую калекцыю прадметаў гісторыі, мастацтва і літаратуры беларускага народу), Беларускае навуковае таварыства (першая беларуская навуковая ўстанова, што праводзіла даследаванні ў галіне гісторыі, літаратуры, мовы, этнаграфіі), тэатральная майстроўня Францішка Аляхновіча і шэраг іншых інстытуцыяў.

Працавала тут і знакамітая Віленская беларуская гімназія, якая была сапраўднай кузняй нацыянальных кадраў для ўсёй Беларусі. Са сценаў гімназіі выйшла безліч вядомых дзеячаў культуры, мастацтва, палітыкі. Сёння на былым будынку Віленскай беларускай гімназіі ўсталяваныя мемарыяльныя дошкі літаратара, дзеяча нацыянальнага беларускага адраджэння Максіма Гарэцкага, беларускай паэткі і перакладчыцы Наталлі Арсенневай, а таксама ксяндза Адама Станкевіча. На ўваходзе ў Базыльянскую браму вісіць мемарыяльная дошка ў памяць пра выбітнага дзеяча навукі і культуры Ігната Дамейку, чалавека, якім ганарацца Беларусь, Польшча, Літва і Чылі.

Дом міністра БНР Вацлава Ластоўскага (Pylimo, 5)

Вацлаў Ластоўскі – грамадска-палітычны дзеяч, пісьменнік, гісторык. У час Беларускай Народнай Рэспублікі быў яе грамадзянінам, а пасля старшынёй Рады Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі. У канцы 1918 года ўзначаліў прадстаўніцтва ўраду БНР пры літоўскай Тарыбе, быў беларускім аташэ пры літоўскай амбасадзе ў Берліне. Каштоўным унёскам Ластоўскага ў беларускі нацыянальны рух было ягонае выданне першай папулярнай «Гісторыі Беларусі». Вацлаў Ластоўскі быў жанаты з вядомай літоўскай паэткай Лаздзінай Пяледай. Сямейная пара жыла ў Вільні, па адрасе Pylimo, 5, дзе цяпер усталяваная памятная дошка ў гонар беларуса.

Дошка ў памяць пра міністра БНР Вацлава Ластоўскага. Вільня, Літва. 23 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Беларускі пасольскі клуб (Daukšos, 13)

Пасля разгрому польскімі ўладамі ў 1927-м Беларускай сялянска-рабочай грамады – самай масавай беларускай партыі, у шэрагах якой налічвалася 100 тысяч чалавек, палітычныя інтарэсы беларусаў стаў прадстаўляць пасольскі клуб «Змаганне». Сядзіба арганізацыі месцілася на вуліцы Піўной, 13 (цяпер Daukšos, 13 на рагу з Vanagėlio). Менавіта тут 30 жніўня 1930 года палякі арыштавалі беларускіх паслоў Сейму і кіраўнікоў змагання.

Шпіталь, дзе працавала Алаіза Пашкевіч-Цётка (Kauno, 7)

Беларуская паэтка, рэвалюцыянерка і феміністка Алаіза Пашкевіч, вядомая пад псеўданімамі Цётка, з пачаткам Першай сусветнай вайны пачала працаваць сястрой міласэрнасці ў тыфозным бараку Віленскага ваеннага шпіталю. Там ёй давялося сустрэцца са смяротна параненым родным братам. Смерць бацькі ад тыфу прымусіла яе вярнуцца ў родную вёску Стары двор Шчучынскага раёну. Але на жаль, страшная хвароба не пашкадавала і яе. Калі Алаіза памерла, ёй не было яшчэ і сарака гадоў.

Вайсковы шпіталь, дзе працавала Цётка і лячыўся Максім Гарэцкі. Вільня, Літва. 23 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Касцёл Святога Мікалая (Šv. Mikalojaus, 4)

Касцёл Святога Мікалая – адзін з самых старажытных касцёлаў Літвы. У 1921 годзе польскія ўлады дазволілі беларусам праводзіць тут набажэнствы. У міжваенны час (да 1939 года) тут служылі легендарныя беларускія ксяндзы Адам Станкевіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Казімір Стэповіч, Язэп Германовіч і іншыя. Набажэнствы на беларускай мове былі папулярныя сярод беларусаў Вільні і вучняў Віленскай беларускай гімназіі.

«Беларуская хрысціянская дэмакратыя» паўстала ў 1917 годзе. Асноўнымі лідарамі БХД былі ксёндз Адам Станкевіч і Вінцэнт Гадлеўскі. Падчас дзейнасці ў Вільні сябры БХД выступалі за пашырэнне беларускай нацыянальнай самасвядомасці, культуры і мовы. За сваю дзейнасць чальцы БХД зазналі рэпрэсіі з боку польскай, нямецкай і савецкай уладаў.

Касцёл Святога Міхала (Šv. Mykolo, 9)

У гады нацысцкай акупацыі Адам Станкевіч служыў у касцёле Святога Міхала. У 1944 годзе ён быў арыштаваны савецкімі ўладамі. Пасля кароткага перапынку (у 1949 годзе) Станкевіч быў зноў арыштаваны і асуджаны на 25 гадоў. Адбываў пакаранне ў Лукішскай турме, а пасля быў высланы ў Сібір, дзе памёр.

Касцёл Святога Міхала. Месца службы Адама Станкевіча. Вільня, Літва. 23 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Адам Станкевіч вельмі шмат зрабіў для развіцця беларускай самасвядомасці, культуры і мовы. Мемарыяльная дошка ў ягоны гонар вісіць на будынку Віленскай беларускай гімназіі. Таксама вядомы адрас, дзе жыў Адам Станкевіч, – Полацкая, 9 (Polocko, 9).

Дом Браніслава Тарашкевіча (Vilniaus, 37)

Браніслаў Тарашкевіч – знакавая фігура для Беларусі, гэта знакаміты дзеяч беларускага нацыянальнага адраджэння, мовазнаўца, складальнік беларускай граматыкі. Нарадзіўся на Віленшчыне. У 1921–1922 гады Тарашкевіч жыў па адрасе Бокшта, 21 (Bokšto, 21). Гэты дом захаваўся і сёння, але ён вельмі занядбаны.

Дом, у якім Тарашкевіч жыў з 1923 да 1926 года (Vilniaus, 37), на некалькі гадоў зрабіўся цэнтрам беларускага грамадска-палітычнага руху ў Вільні. Тут працавалі беларускія арганізацыі (Таварыства беларускай школы, Школьная рада, Беларускі студэнцкі саюз), вядомыя беларускія дзеячы культуры, мовы, навукі, мастацтва, сярод якіх былі кампазітар Антон Грыневіч і мастак Язэп Драздовіч.

Мемарыяльная шыльда на доме, дзе жыў Браніслаў Тарашкевіч (1923–1926). Вільня, Літва. 23 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Беларускі народны дом (Maironio, 4)

Вядома, што ў доме, які сёння месціцца па адрасе Maironio, 4, у 20-я гады ХХ стагоддзя ладзіліся шматлікія беларускія імпрэзы. Там спыняліся знакамітыя беларускія дзеячы. Беларускі народны дом займаў першы паверх гэтага будынку. Некаторы час тут было Таварыства беларускай школы, і працавала беларуская настаўніцкая семінарыя.

Дом Рыгора Шырмы (Maironio, 13)

Рыгор Шырма – яшчэ адна знакавая постаць для беларусаў. Фалькларыст, публіцыст, літаратуразнаўца, вядомы музычны і грамадскі дзеяч. Нарадзіўся ў Берасцейскай вобласці, а потым перабраўся жыць і працаваць у Вільню. Моцна дапамагаў беларускаму нацыянальнаму руху, за што і расплачваўся пры польскай акупацыі: два гады быў вымушаны правесці ў сумнавядомай Лукішскай турме. Мемарыяльная дошка ў гонар Шырмы ўсталяваная на доме, дзе Шырма жыў з сям’ёй (Maironio, 13). Кватэру ён атрымаў ад Прачысценскага сабору, у якім быў рэгентам царкоўнага хору.

Дом і мемарыяльная дошка ў гонар Рыгора Шырмы. Вільня, Літва. 23 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Месцы жыхарства мастака Пётры Сергіевіча (Pamėnkalnio, 32 і Antakalnio, 30)

Калі казаць пра творчую беларускую інтэлігенцыю таго часу, то нельга абмінуць імя найвыдатнейшага мастака Пётры Сергіевіча. Ён пераехаў у Вільню юнаком, закончыў Віленскі ўніверсітэт і назаўжды звязаў жыццё з Вільняй. Гэты горад даў яму ўсё. Сергіевіч актыўна ўдзельнічаў у беларускім нацыянальным руху, плённа працаваў на карысць Беларусі. З ягоным імем звязаныя наступныя адрасы: вул. Паменкальнё, 32 (Pamėnkalnio, 32), дзе ён жыў у міжваенны час, і вул. Антокальская, 30 (Antakalnio, 30), дзе Сергіевіч жыў з 1940-х гадоў да канца жыцця.

Жылыя пабудовы архітэктара Дубейкаўскага і ягоная сядзіба

Лявон Вітан-Дубейкаўскі – вядомы беларускі архітэктар, інжынер, грамадскі дзеяч, паэт і педагог. Гэты чалавек вучыўся на будаўніка ў Варшаве, Пецярбургу і Парыжы. У 1920-я гады Вітан-Дубейкаўскі актыўна займаецца будаўнічымі працамі ў Вільні. Стала супрацоўнічаў з газетай «Беларускі фронт», што падтрымлівала ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі. Да спадчыны Лявона Вітан-Дубейкаўскага ў Вільні адносіцца ўжо згаданы дом, у якім жыў Рыгор Шырма (Maironio, 13), а цяпер месціцца шыкоўны гатэль, а таксама гарадская забудова ў раёне касцёлу Пятра і Паўла. Таксама захавалася ягоная прыватная сядзіба недалёка ад Старога гораду (Pakalnės, 4). У гэтым доме ён жыў з 1926 да 1940 года. Некаторы час тут жыў і Вацлаў Іваноўскі, а частымі гасцямі былі Адам Станкевіч, Мікола Шкалёнак і іншыя дзеячы беларускага нацыянальнага руху.

Комплекс жылых пабудоваў архітэктара Дубейкаўскага (гарадская забудова ў раёне касцёлу Святых Пятра і Паўла). Вільня, Літва. 23 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Беларускі банк (Vilniaus, 41)

Цікавым месцам для беларусаў застаецца будынак на Віленскай вуліцы (Vilniaus, 41). Сёння ў ім Літоўскі музей музыкі, тэатру і кіно. У 1920–1930-я гады тут доўгі час працаваў Беларускі кааператыўны банк пад кіраўніцтвам праваслаўнага святара Аляксандра Каўша, і былі некаторыя беларускія арганізацыі: аб’яднанне пчалаводаў «Пчала», беларуская студэнцкая арганізацыя «Беларускі студэнцкі саюз», рэдакцыя часопісаў «Заранка», «Саха» і «Маланка». Акрамя гэтага, у 1920-я гады ў гэтым доме жыў адзін з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага руху ХХ стагоддзя Антон Луцкевіч.

Саша Гоман  belsat.eu

Стужка навінаў