Улады хочуць зачыніць Цэнтру гарадскога жыцця Горадні праз суд. Паседжанне мусіць адбыцца 12 траўня.
Пад адкрытым зваротам у падтрымку Цэнтру гарадскога жыцця Горадні на дадзены момант падпісаліся ўжо больш за 1100 чалавек. Свае подпісы пакінулі самыя розныя людзі: мастакі, навукоўцы, літаратары, айцішнікі, журналісты, актывісты, настаўнікі, рабочыя, пенсіянеры. Збор подпісаў працягваецца на адмысловай старонцы.
12 траўня адбудзецца паседжанне Эканамічнага суда па Гарадзеншчыне, на якім вызначыцца лёс прасторы.
Нагадаем, 19 сакавіка 2021 года ў Цэнтры гарадскога жыцця адчынілася выстава мастака Алеся Пушкіна «Пушкін у Гародні», на якой былі выстаўленыя мастацкія прапановы роспісаў гарадзенскага Старога замку і творы мастака розных гадоў. Пракурор гораду Уладзімір Клішын палічыў, што адна з работаў парушае заканадаўства Рэспублікі Беларусь «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» і патрабуе ліквідацыі Цэнтру гарадскога жыцця.
Цэнтр – гэта культурна-асветніцкая ўстанова, на пляцоўцы якой за 5 гадоў існавання прайшлі сотні культурніцкіх імпрэзаў, навуковых канферэнцыяў, дзясяткі выставаў, канцэртаў і адукацыйных сустрэчаў.