«Аперацыя не прайшла бясследна». Медыі даведаліся пра стан здароўя Калеснікавай


Радыё «Свабода» са сваіх крыніцаў атрымала трошкі інфармацыі наконт здароўя адной з лідарак пратэстаў 2020 года Марыі Калеснікавай і ўмоваў, у якіх яе трымаюць. Палітзняволеную ўтрымліваюць ва ўмовах поўнай інфармацыйнай блакады з лютага 2023 года.

У Варшаве зʼявіўся стрыт-арт з Марыяй Калеснікавай. Аўтары працы не вядомыя. 11 верасня 2021 г.
Фота: Белсат

Апошні ліст ад Марыі Калеснікавай родныя атрымалі 15 лютага 2023 года. З таго часу блізкія не маюць пра яе ніякай інфармацыі. Аднак крыніцы «Свабоды» раскрылі падрабязнасці ейнага ўтрымання.

Паводле іх, Калеснікаву не водзяць на працу, яна ізаляваная ў адзіночнай камеры памяшкання камернага тыпу (ПКТ). Паколькі максімальны тэрмін перабывання ў ПКТ складае шэсць месяцаў, яе пераводзілі на некалькі дзён у ШІЗА – «і адтуль ізноў кінулі ў ПКТ».

Адрозненне ў тым, што ў ШІЗА больш холадна і сыра, чым у ПКТ, не даюць матраца, падушкі, коўдры, пасцельнай бялізны і верхняга адзення.

«Застаешся толькі ў футболцы, ласінах і форменным гарнітуры. Спаць даводзіцца на голых дошках. У такіх умовах была і Марыя. Ад холаду і вільгаці там пачынаюць балець суставы», – распавяла жанчына, якая нядаўна вызвалілася з гомельскай калоніі.

У канцы лістапада 2022 года Калеснікава трапіла ў рэанімацыю гомельскай больніцы хуткай дапамогі. У яе выявілі прабадную язву, што ўскладнілася перытанітам. Неўзабаве пасля аперацыі Марыю перавялі назад у калонію. Крыніцы адзначаюць, што праблемы са здароўем у зняволенай працягваюцца і цяпер.

«Аперацыя не прайшла бясследна. Яна моцна схуднела. Перанесла некалькі прастудных захворванняў. У яе быў высокі ціск, але ёй адмаўляліся адразу даць лекі. Ды што там – не хацелі нават на ейную просьбу памераць ціск, хоць яна настойвала», – распавяла суразмоўца.

Паводле крыніцаў, іншыя зняволеныя жанчыны, трапляючы ў ШІЗА, чулі, як Калеснікава казала ахоўнікам, што пачуваецца блага.

Каментар
«Фактычна можна казаць пра знікненне чалавека». З Марыяй Калеснікавай ужо год няма сувязі
2024.02.15 15:17

30 студзеня працоўная група ААН у пытаннях гвалтоўных ці нядобраахвотных знікненняў разглядала справу знікнення Калеснікавай. Група мае вызначыць, можна кваліфікаваць такую сітуацыю як адвольнае знікненне ці не. Пасля гэтага мае адбыцца камунікацыя з уладамі Беларусі – мусіць быць адказ цягам 60 дзён.

Занепакоенасць лёсам Калеснікавай выказала і міністарка замежных справаў Нямеччыны Аналена Бэрбак: «Мы не ведаем, як жыве Марыя. Але мы ведаем, што ейная барацьба за свабоду працягваецца, што яна не была марнаю – бо ейную справу працягваюць адважныя людзі».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў