«Ecolines» рэзка падняў цэны на некаторыя квіткі з Менску ў Коўну. На Вільню цэны старыя


Перавознік «Ecolines» падняў у тры з паловай раза цэны на некаторыя паездкі, у прыватнасці – між Менскам і літоўскай Коўнай (Каўнасам). Высветліць прычыну не ўдалося: «проста перавознік так вырашыў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аўтобус кампаніі «Ecolines».
Фота: ecolines.net

Цяпер між Менскам і Коўнай аўтобусы «Ecolines» ходзяць тры разы на дзень. У бліжэйшыя дні квіток на аўтобус Менск–Коўна з выездам у 15:00 каштуе 150 рублёў, але на аўтобусы па тым самым маршруце і тым самым часам у дарозе, толькі з выездам у 00:30 ці 12:30 каштуюць 525 рублёў. Такая ж сітуацыя з квіткамі ў зваротны бок.

Аўтобусы «Ecolines» на Вільню, якая бліжэй да Менску, але на той жа дарозе, не падскочылі: 120–140 рублёў. Аўтобусы «Ecolines» на далейшыя гарады пры тым каштуюць менш, чым на Коўну: напрыклад, 190 рублёў на Рыгу, 160–200 на Варшаву, 220 на Таллін, 290 на Прагу, 350 на Берлін, 456 на Кёльн, 520 на Амстэрдам… Знайсці квіткі, даражэйшыя за Менск–Коўна, у «Ecolines» не ўдалося.

У аднаго з перавознікаў-канкурэнтаў квіток з Менску на Коўну каштуе каля 142 рублёў, у другога – 140–175 рублёў.

Чаму так, невядома

Па тэлефоне тэхнічнай падтрымкі «Ecolines» журналісту «Белсату» сказалі, што гэта не памылка. Расказалі, што аўтобусы на Коўну ходзяць самыя звычайныя што за 150, што за 525 рублёў, але чаму такая розніца, не ведаюць: «Проста перавознік так вырашыў».

Справа ў тым, што пад брэндам «Ecolines» працуюць самыя розныя кампаніі. Брэнд мае латвійскае паходжанне, але ў дзясятку краінаў ад імя «Ecolines» працуюць не тыя самыя кампаніі, якія стварылі брэнд. Пры тым між сталіцамі Польшчы і Латвіі вазіць можа як латвійская, так і эстонская кампанія.

Так, у Беларусі пад гэтым брэндам возіць (у тым ліку між Менскам і Коўнай) ПУП «Аўтобус-тур», а тэхнічную падтрымку дае асобнае ад гэтай кампаніі ТАА «Білет-онлайн». Знайсці кантакты ПУП «Аўтобус-тур» не ўдалося.

Разам з тым, расейская кампанія «Эколайнс Рус», якая цяпер не згадваецца на сайце «Ecolines», прапануе паехаць з Менску ў Коўну за 226,4 рубля ці аж за 755 рублёў і 3 капейкі.

Латвійскае прадстаўніцтва «Ecolines» не адказала на тэлефанаванні, у літоўскім прадстаўніцтве «Белсату» параілі звяртацца на электронную пошту. Мы выслалі электронныя лісты, і калі адказы прыйдуць, мы дадамо іх у гэты тэкст.

Агляд
«Акно ў Еўропу» пераўтвараецца ў шчыліну. На мяжы з Літвою застанецца два адкрытых пункты пропуску
2024.02.29 19:49

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў