«Ахова птушак Бацькаўшчыны» абвясціла птушку 2022 году ў Беларусі


Сябрамі арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» птушкай наступнага года выбрана белая сініца, пеўчая птушка, якая жыве ў Беларусі толькі на Палессі. Яна змяніла леляка – птушку 2021 года.

Белая сініца.
Фота: Андрэй Шэўчык

Да гэтага белая сініца перамагла ў анлайн-галасаванні, у якім мог удзельнічаць любы чалавек. Так яна стала адной з трох кандыдатак на званне птушкі года, астатнімі былі скапа і звычайная туркаўка. Усяго прагаласавала 643 чалавекі.

Скапа і звычайная туркаўка.
Фота: ptushki.org

Белая сініца – від уключаны ў Чырвоную кнігу, а колькасць іх у Беларусі апошні раз ацэньвалася ў 2015 годзе ўсяго ў 500-800 пар.

Гняздуе птушка ў Беларусі і Украіне толькі ў Палессі і нават узімку не пакідае яго. Птушкі канцэнтруюцца вакол Прыпяці і на яе прытоках, дзе ўтвараюць ізаляваную папуляцыю. Для гнездавання птушцы патрэбны дубровы і старыя вербалозы, якія ўвесну заліваюцца вадой падчас паводкі. Таму менавіта вакол Прыпяці птушкі і жывуць і нідзе болей на захад, поўнач ці поўдзень.

Белая сініца.
Фота: Андрэй Шэўчык

Цяпер жа асноўныя пагрозы для белай сініцы – меліярацыя пойм палескіх рэк і забалочаных лясоў, веснавыя палы ў поймах. Яшчэ адна з пагроз – недахоп месцаў гнездавання праз вырубку старых дрэў, акрамя таго, шмат птушанят гіне ў гнёздах, якія недастаткова абаронены ад драпежнікаў.

Нацыянальную кампанію «Птушка года» АПБ праводзіць з 2000 года, каб прыцягнуць увагу людзей да дзікіх птушак Беларусі іх праблемаў і неабходнасці захавання тых месцаў, дзе яны жывуць.

Аб’ектыў
«Галоўнае не шкодзіць». Як у Беларусі вядуць улік чорнага бусла
2021.07.06 22:41

АД, belsat.eu

Стужка навінаў