У Польшчы не стала беларускай паэткі Надзеі Артымовіч


3 кастрычніка ў Бельску-Падляскім (Польшча) памерла беларуская паэтка і перакладчыца Надзея Артымовіч. Пра гэта паведамляе Суполка беларускіх пісьменнікаў.

Надзея Артымовіч.
Фота: wrotapodlasia.pl

Надзея Артымовіч нарадзілася 18 лютага 1946 года ў Бельскім павеце. Скончыла Беларускі агульнаадукацыйны ліцэй у Бельску-Падляскім, настаўніцкія курсы ў Беластоку (1967), беларускую філалогію ў Варшаўскім універсітэце (1972). Жыла і працавала ў Варшаве, потым у Бельску. Была сяброўкаю Беларускага літаратурнага аб’яднання «Белавежа» і Звязу польскіх пісьменнікаў з 1986 года. Узнагароджаная ў Польшчы залатой адзнакай Заслужаны дзеяч культуры.

Першы верш апублікавала ў беларускай беластоцкай газеце «Ніва» ў 1970 годзе. Аўтарка зборнікаў «We śnie w bólu słowa» (Беласток, 1979), «Роздумы» (Беласток, 1981), «Сезон у белых пейзажах» (Беласток, 1990), «З неспакойных дарог» (Менск, 1993), «Дзверы» (разам з Алесем Разанавым, Беласток, 1994), «Лагодны час» (Беласток, 1998), «Адплывае спакойнае неба» (Беласток, 1999), «Жоўтая музыка» (Беласток, 2005), «Краявід з невідочнай памылкай» (Беласток, 2018).

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў