Чыгуначная катастрофа ў Індыі ды выбух халеры ў ПАР. Галоўныя здымкі тыдня


Ад новых расейскіх абстрэлаў Украіны дронамі-камікадзэ і мігрантаў на беларуска-польскай мяжы да выбуху халеры ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы і чыгуначнай катастрофы ў Індыі. Фотарэдактары belsat.eu сабралі галоўныя фотападзеі тыдня.

Украінец Пятро Івашка аплаквае 9-гадовую ўнучку Вікторыю, забітую падчас чарговага ракетнага абстрэлу Кіева. Толькі за травень украінская сталіца перажыла мінімум 16 атак ракетамі і дронамі-камікадзэ з боку Расеі. Кіеў, Украіна.
Фота: Alex Babenko / AP Photo / East News
Каля 30 чалавек з Сірыі і Іраку, у тым ліку 11 дзяцей, затрымаліся на нейтральнай тэрыторыі паміж Беларуссю, якая не ўпускае мігрантаў назад, і Польшчай, якая таксама не дазваляе людзям мінуць мяжу.
Фота: Michal Kosc / Forum
Украінскі вайсковец рыхтуецца да запуску выведнага беспілотніка паблізу лініі фронту ў Данецкай вобласці, Украіна.
Фота: VIiacheslav Ratynskyi / Reuters / Forum
Карэнныя народы Бразіліі трымаюць нацыянальны сцяг, вымазаны чырвонаю фарбаю, падчас маршу пратэсту супраць законапраекту, які зменіць палітыку размежавання тэрыторыяў карэннага насельніцтва. Бразілья, Бразілія.
Фота: Gustavo Moreno / AP Photo / East News
У выніку чыгуначнай катастрофы ў Індыі, дзе сутыкнуліся тры пасажырскія цягнікі, загінулі мінімум 288 асобаў, пацярпелі не менш за 900. Гэта найбуйнейшае здарэнне на індыйскай чыгунцы за 42 гады. Балясор (Balasore), Індыя.
Фота: Dibyangshu Sarkar / AFP / East News
Мужчына скача праз быка падчас традыцыйнай імпрэзы «Course Landaise», што ладзяць на паўднёвым захадзе Францыі з траўня да кастрычніка. Удзельнікі, якія стаяць перад быкамі, павінны пазбягаць кантакту з жывёлінамі, пераскокваючы праз іх або ўхіляючыся ад іх. Самадэ (Samadet), Францыя.
Фота: Charly Triballeau / AFP / East News
Гульцы ФК «Сэвілля» святкуюць перамогу ў фінальным футбольным матчы Лігі Еўропы УЕФА паміж іспанскаю «Сэвіллю» ды італьянскім футбольным клубам «Рома» ў Будапэшце, Вугоршчына.
Фота: Attila Kisbenedek / AFP / East News
Разгорнуты палявы шпіталь у паўднёваафрыканскім рэгіёне Гаманскраал. У выніку выбуху халеры ля сталіцы Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Прэтор’я памерлі прынамсі 23 чалавекі, улады заклікаюць жыхароў рэгіёну не піць вады з-пад крана. Апошні выбух у Паўднёвай Афрыцы быў у 2008–2009 гадах, калі былі зарэгістраваныя каля 12000 выпадкаў. Гаманскраал, ПАР.
Фота: Shiraaz Mohamed / AFP / East News
Сенегальскі жандар каля падпаленых апонаў падчас акцыяз пратэсту ў Дакары супраць арышту лідара апазіцыі Усмана Сонка. Палітыку прысудзілі два гады турэмнага зняволення паводле артыкулу аб разбэшчванні моладзі. Прыхільнікі Сонка мяркуюць, што з дапамогаю прысуду ўлады спрабуюць сарваць ягоны ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах 2024 года. Дакар, Сенегал.
Фота: John Wessels / AFP / East News
Украінская супрацьпаветраная абарона перахапляе дрон-камікадзэ «Shahed-136/131» у паветры над Дняпром падчас трэцяй расейскай паветранай атакі на ўкраінскую сталіцу за апошнія 24 гадзіны. Кіеў, Украіна.
Фота: Evgeniy Maloletka / AP Photo / East News

Агата Квяткоўская belsat.eu

Стужка навінаў