Польшча пачала маштабныя вучэнні на мяжы з Расеяй


У Польшчы пачаліся найбуйнейшыя вайсковыя вучэнні года: «Анаконда-23». Пра гэта паведамляе Аператыўнае камандаванне Узброеных сілаў РП. Асаблівая ўвага – аперацыям у рэгіёне Балтыйскага мора.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: MON_GOV_PL / Twitter

З 2 да 26 траўня 2023 года ў Польшчы праходзяць самыя маштабныя вучэнні года «Анаконда-23». У ім бяруць удзел 12 тысяч вайскоўцаў польскай арміі, сотні вайскоўцаў NATO і краін – саюзнікаў альянсу. Гэта найбуйнейшыя вайсковыя вучэнні сёлета ў краіне.

«У межах найбуйнейшых вучэнняў гэтага года «Анаконда-23» з 2 да 26 траўня гэтага года салдаты і вайсковая тэхніка Узброеных сілаў Польшчы і саюзных войскаў будуць перамяшчацца па дарогах большасці ваяводстваў Польшчы», – гаворыцца ў паведамленні камандавання.

Адзначаецца, што вучэнні запланаваныя ў адпаведнасці з сёлетняй праграмай навучання Узброеных сілаў Польшчы. Таксама вайскоўцы папярэджваюць мясцовых жыхароў аб забароне публікаваць інфармацыю і фатаграфіі, якія паказваюць рух войскаў, і заклікаюць быць асцярожнымі пры руху побач з калонамі вайсковай тэхнікі

Гэта ўжо дзявятыя такія вучэнні польскага войска ў шчыльнай каардынацыі з амерыканскім «Defender 23» і шведскім «Aurora 23» у межах вучэнняў саюзнікаў уздоўж усходняга флангу NATO. Вядома, што вучэнні пачалі рыхтаваць у 2021 годзе, але з-за расейскай агрэсіі ў лютым 2022 года канцэпцыю вучэнняў змянілі для пераадолення новых выклікаў. Асаблівая ўвага будзе нададзеная правядзенню аперацыяў саюзнікаў у рэгіёне Балтыйскага мора.

У вучэннях бяруць удзел польскія вайскоўцы, саюзнікі з NATO і партнёры з ЗША, Румыніі, Славеніі, Швецыі, Францыі, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Турцыі.

Нагадаем, што адначасова ў Беларусі 3 траўня абвешчаны чарговы этап правярання боегатовасці войскаў з пакліканнем з запасу да 1000 вайсковаабавязаных, са стварэннем народнага апалчэння і адпрацоўваннем задачаў ваеннага становішча. Будзе задзеяная вайсковая авіяцыя з Расеі.

Hавiны
Міністэрства абароны Беларусі абвясціла новы этап правярання баявой гатовасці
2023.05.03 10:47

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў