Лік ахвяраў расейскай атакі на Адэсу вырас да 9


Пад заваламі 9-павярховага дому ў Адэсе знайшлі цела дзявятай ахвяры ўдару беспілотніка, паведамляе ўкраінская Дзяржаўная служба надзвычайных сітуацыяў. Гэтую атаку расейскія вайскоўцы ўчынілі ў ноч на суботу.

У Адэсе працягваецца пошукава-ратавальная аперацыя на месцы, дзе быў атакаваны жылы шматпавярховік, напісаў у сваім Telegram-канале кіраўнік абласной адміністрацыі Алег Кіпэр.

Пад заваламі знойдзенае цела дзявятай ахвяры ўдару. Раней паведамлялася, што загінулі восем асобаў, у тым ліку двое дзяцей – трохгадовы і чатырохмесячны хлопчыкі.

У Адэсе і вобласці сёння дзень жалобы.

У выніку ўдару дрона абрынуўся пад’езд 9-павярховага дому. «Чарговы тэрарыстычны напад на мірна спячы горад. Густанаселены раён. Тут проста жах», – заявіў пасля атакі мэр Генадзь Труханаў.

На фоне гэтай атакі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі папракнуў партнёраў за марудныя пастаўкі зброі. У вечаровым звароце 2 лютага ён сказаў:

«Свет мае дастаткова сістэмаў СПА, сістэмаў абароны ад «Shahed» і ракетаў. Украіна не прасіла нічога болей, чымся патрэбна, каб абараніць жыццё. А калі ў партнёраў проста ўнутраныя палітычныя гульні або спрэчкі, якія абмяжоўваюць нашую абарону, – гэта немагчыма зразумець. З гэтым немагчыма пагадзіцца».

Фотарэпартаж
Наступствы атакі беспілотнікаў у Адэсе. Наш фотарэпартаж
2024.03.02 22:21

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў